3. Цэнтры гістарычнай...
^ Вверх
3. Цэнтры гістарычнай навукі БССР.

Вядучай навукова-даследчай установай гістарычнага профілю ў рэспубліцы з’яўляўся Інстытут гісторыі АН БССР. Аднаўленне ў ім даследчыцкай дзейнасці пачалося з красавіка 1945 г. Працаваць прыходзілася ў складаных умовах: калектыў інстытута (19 чалавек) размяшчаўся ў пакоі памерам 20 м2. У другой палове 40-х гг. у інстытуце дзейнічала тры сектары: гісторыі СССР і БССР, археалогіі, этнаграфіі і фальклору. А сектар усеагульнай гісторыі быў закрыты з прычыны неадпаведнасці спецыялізацыі ўстановы. У 1946 г. тут працавалі 2 дактары і 6 кандыдатаў гістарычных навук, 7 старэйшых і 4 малодшых навуковых супрацоўніка. 
Да пачатку 60-х гг. інстытут складаўся з 5 сектараў: археалогіі Беларусі, гісторыі Беларусі эпохі феадалізму, гісторыі Беларусі эпохі капіталізму, гісторыі Беларусі савецкага перыяду, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі, у складзе якіх працавалі 62 навуковыя супрацоўнікі, у тым ліку 3 дактары і 29 кандыдатаў гістарычных навук.
Цікавасць даследчыкаў да найноўшага перыяду гісторыі БССР абумовіла рэарганізацыю сектара гісторыі Беларусі савецкага перыяду. На яго аснове ў красавіку 1962 г. былі створаны сектар гісторыі сацыялістычнага і камуністычнага будаўніцтва ў Беларусі ў пасляваенны перыяд і сектар гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва ў Беларусі. Яны разам з утвораным раней сектарам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху сканцэнтравалі амаль 60 % навуковых супрацоўнікаў.
У чэрвені 1963 г. было праведзена ўзбуйненне сектараў – замест шасці створаны чатыры. З сектарам гісторыі Савецкай Беларусі з 1917 па 1945 гг. аб’ядналі сектар гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва і сектар гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. На аснове аб’яднання сектараў гісторыі Беларусі эпохі феадалізму і гісторыі Беларусі эпохі капіталізму быў створаны сектар гісторыі Беларусі дасавецкага грамадства. Але рэарганізацыя сябе не апраўдала, таму ў 1965 г. было прызнана мэтазгодным аднавіць сектар гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва і сектар гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху як самастойныя навуковыя падраздзяленні.
Ва ўмовах абвастрэння ідэалагічнай барацьбы на міжнароднай арэне ў ліпені 1968 г. быў створаны сектар замежнай гістарыяграфіі, а ў 1969 г. – сектар гісторыі еўрапейскіх сацыялістычных краін. Паколькі перад савецкім грамадствам была пастаўлена задача пабудовы камунізму, то з 1969 г. пачаў дзейнасць сектар гісторыі камуністычнага будаўніцтва.
У адпаведнасці з пастановай ЦК КПБ «Аб дадатковых мерах па паляпшэнню навуковай распрацоўкі гісторыі ўсенароднай барацьбы ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны», якая ўсклала на Інстытут гісторыі АН БССР задачу каардынацыі работы па зборы ўспамінаў удзельнікаў барацьбы савецкага народа супраць фашызму, у сакавіку 1970 г. пры сектары гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі была створана група па зборы і публікацыі мемуараў ветэранаў вайны. Такім чынам, на пачатак 70-х гг. структуру інстытута складалі сем сектараў: археалогіі Беларусі, гісторыі Беларусі дасавецкага грамадства, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху, гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва, гісторыі камуністычнага будаўніцтва, замежнай гістарыяграфіі Беларусі, гісторыі еўрапейскіх сацыялістычных краін, у складзе якіх працавалі 82 навуковыя супрацоўнікі, у тым ліку 10 дактароў і 29 кандыдатаў гістарычных навук.
У 1971 г. замест сектара замежнай гістарыяграфіі Беларусі быў створаны сектар збору і публікацыі дакументаў і гістарычных матэрыялаў. Новая рэарганізацыя адбылася ў 1980 г. Структуру інстытута гісторыі складалі 11 аддзелаў: першабытнай археалогіі, сярэднявечнай археалогіі, археалогіі зонаў новабудоўлі, гісторыі Беларусі перыяду феадалізму, гісторыі Беларусі перыяду капіталізму, гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, гісторыі сацыялістычнага будаўніцтва, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі навукі і інш. Усяго ў 1980 г. там працавалі 120 навуковых супрацоўнікаў, у тым ліку 13 дактароў і 46 кандыдатаў гістарычных навук.
Супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР падрыхтавалі першую сінтэтычную «Историю Белорусской ССР» (1954 г. – 1-ы том, 1958 г. – 2-і том). У 1972 – 1975 гг. была выдадзена «Гісторыя Беларускай ССР» у 5-ці тамах. У гэтай абагульняльнай калектыўнай працы на аснове фармацыйнага падыходу даследавана гісторыя Беларусі першабытнаабшчыннага, феадальнага, капіталістычнага і сацыялістычнага перыядаў. На падставе пяцітамовіка ў 1977 г. была выдадзена аднатомавая «История Белорусской ССР».
У абмеркаванні плана-праспекта «Гісторыі Беларускай ССР» у пяці тамах у 1962 г. прынялі ўдзел вучоныя БССР разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі СССР на чале з акадэмікам Б.А.Рыбаковым. Да яго падрыхтоўкі былі далучаны не толькі гісторыкі, але і археолагі, літаратары, мастацтвазнаўцы, якія працавалі ў АН Беларусі, БДУ, Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Навуковую дапамогу ў падрыхтоўцы першага тома аказалі гісторыкі Масквы – Е.В.Індава, М.М.Улашчык, другога тома – А.М.Анфімаў, трэцяга тома – Ю.А.Палякоў, чацвёртага – І.В.Пароцькін, пятага – В.Е.Палятаеў.
Найбольшы ўклад у выданне першага тома, прысвечанага першабытнаабшчыннаму ладу і феадалізму, унеслі 3.Ю.Капыскі, А.М.Карпачоў, В.Д.Будзько, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, В.В.Сядоў, А.П.П’янкоў, В.Р.Тарасенка, С.А.Шчарбакоў, А.П.Грыцкевіч, В.І.Мялешка, Л.С.Абецэдарскі, П.Р.Казлоўскі, В.У.Чапко, Е.І.Карнейчык; другога тома, у якім выкладзена гісторыя капіталізму, – К.І.Шабуня, Ц.Е.Саладкоў, М.Б.Фрыдман, С.М.Самбук, Л.П.Ліпінскі, З.Е.Абезгаўз, Е.І.Карнейчык, В.П.Панюціч, М.В.Біч; трэцяга тома, прысвечанага гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і будаўніцтву асноваў сацыялізму ў 1917 – 1937 гг., – Н.В.Каменская, І.Я.Марчанка, І.М.Ігнаценка, В.Р.Гняўко, П.А.Селіванаў, Р.Т.Шлопак, В.А.Мілаванаў, У.А.Полуян, У.І.Вышынскі; чацвёртага тома, прысвечанага перадваеннаму часу і Вялікай Айчыннай вайне, – І.С.Краўчанка, А.І.Залескі, У.А.Палуян, А.А.Філімонаў, Э.Ф.Языковіч, В.П.Раманоўскі, Р.Р.Кручок, Н.В.Філімоненкаў, У.І.Лемяшонак, Г.П.Купрэева; пятага тома (1945 – 1974 гг.) – А.А.Філімонаў, І.Я.Марчанка, П.Ц.Петрыкаў, Л.М.Лыч, С.Д.Вайтовіч, А.П.Белязо.
Буйным укладам у гістарыяграфію Беларусі стала «История рабочего класса БССР» у 4-х тамах (1984 – 1987 гг.) пад агульнай рэдакцыяй П.Ц.Петрыкава, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР. Навукова-метадычную дапамогу ім аказалі вучоныя Інстытута гісторыі АН СССР: А.Р.Мітрафанава, Ю.І.Кір’янаў, Ю.А.Палякоў і інш. Першы том «Рабочий класс Белоруссии в период капитализма» быў падрыхтаваны К.І.Шабуняй, М.В.Бічом, З.Е.Абезгаўзам, В.П.Панюцічам, Э.М.Савіцкім, другі том «Рабочий класс БССР в годы Великой Октябрьской социалистической революции и построения социализма (1917 – 1937 гг.)» – І.М.Ігнаценка, М.П.Касцюком, У.А.Палуянам, П.А.Селіванавым, У.І.Вышынскім, трэці том, прысвечаны 1938 – 1960 гг., – І.Я.Марчанка, Э.Ф.Языковічам, П.Ц.Петрыкавым, А.Е.Казлоўскай, А.М.Мацко, Р.Р.Кручком, чацвёрты том «Рабочий класс БССР на этапе совершенствования социализма (1961 – 1986 гг.)» – І.Я.Марчанка, П.Ц.Петрыкавым, Л.М.Лычом.
Асабліва плённым быў перыяд з 1976 г. па 1988 г., калі дырэктарам Інстытута гісторыі АН БССР з’яўляўся П.Ц.Петрыкаў. Тады колькасць супрацоўнікаў дасягнула 178 чалавек (16 дактароў і 61 кандыдат гістарычных навук), было выдадзена 150 манаграфіяў.
Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ аднавіў сваю дзейнасць у лютым 1945 г. як філіял Інстытута Маркса – Энгельса – Леніна (Масква). У наступным годзе былі зацверджаныя яго структура і штаты, яму перадалі партыйны архіў, матэрыялы камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, бібліятэку.
У структуру Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ уваходзілі сектар гісторыі партыі, сектар перакладаў, партыйны архіў, Дом-музей I з’езда РСДРП. Згодна з  пастановай ЦК КПСС «Аб мерах па паляпшэнні работы Інстытута марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС» (1960 г.) у 1966 г. быў створаны сектар навуковай распрацоўкі і афармлення дакументаў па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама аўтарскі калектыў па падрыхтоўцы фундаментальнай трохтомавай працы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Са студзеня 1969 г. пачаў дзейнічаць сектар партыйнага будаўніцтва, навуковыя інтарэсы супрацоўнікаў якога былі сканцэнтраваны на абагульненні вопыту КПСС па ўдасканаленні формаў і метадаў унутрыпартыйнай работы. Пашырэнне даследаванняў забяспечвалася ростам колькасці навуковых супрацоўнікаў, якая павялічылася з 23 у 1963 г. да 60 у 1970 г. (у тым ліку 3 доктары і 15 кандыдатаў гістарычных навук). Ужо ў 1981 г. працавалі 72 супрацоўнікі (у тым ліку 7 дактароў і 26 кандыдатаў гістарычных навук).
Сярод выданняў, падрыхтаваных калектывам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, вылучаюцца «Революционный путь Компартии Западной Белоруссии» (1966 г.), «Очерки истории КПБ» (у 2-х ч., 1967 – 1968 гг. (2-е выд.)), «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (у 3-х т., 1967 – 1982 гг.), «Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (1983 г.), «КПБ в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК» (у 6-ці т., 1983 – 1987 гг.).
Істотным укладам у гістарычную навуку стала абагульняльная калектыўная праца «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны» (у 3-х т., 1983 – 1985 гг.), падрыхтаваная з удзелам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі АН Беларусі. Аўтары – І.М.Ігнаценка, П.П.Ліпіла, А.В.Сямёнава, А.А.Філімонаў, А.М.Мацко, Я.С.Паўлаў, К.І.Дамарад, У.І.Лемяшонак, В.П.Раманоўскі, Н.В.Філімоненкаў, Р.М.Шавяла, Р.Р.Крючок, Э.Ф.Языковіч і інш.
У 1957 г. сектар этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі АН БССР быў рэарганізаваны ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы. У 1978 г. колькасць супрацоўнікаў гэтай навукова-даследчай установы складала 130 чалавек, у тым ліку 2 члены-карэспандэнты АН БССР, 7 дактароў і 41 кандыдат гістарычных навук.
Структура інстытута скаладалася з сектара тэатральнага мастацтва, кінамастацтва і тэлебачання, выяўленчага мастацтва, этнаграфіі і фальклору, славістыкі, антрапалогіі і інш. Яго супрацоўнікі падрыхтавалі да выдання «Гісторыю беларускага тэатра» (у 3-х т., 1981 – 1987 гг.), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (у 7-мі т., 1984 – 1988 гг.), «Гісторыю беларускага мастацтва» (у 6-ці т., 1987 – 1994 гг.). 
Арганізацыйныя перамены адбыліся ў ВНУ. З кафедраў асноваў марксізму-ленінізму былі вылучаны ў самастойную адзінку кафедры гісторыі КПСС. У 1969 г. у 27 ВНУ БССР налічвалася 12 кафедр гісторыі КПСС, 2 кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі, 10 кафедраў гісторыі КПСС і навуковага камунізму, 1 кафедра гісторыі КПСС, палітэканоміі і навуковага камунізма і 3 кафедры асноваў марксізму-ленінізму. На пачатак 70-х гг. у іх працавалі 258 выкладчыкаў, у тым ліку 9 дактароў і 129 кандыдатаў навук, пераважная большасць якіх былі гісторыкамі.
Да канца 70-х гг. у 32 ВНУ рэспублікі дзейнічала 15 кафедраў гісторыі КПСС, 9 кафедраў гісторыі КПСС і навуковага камунізму, 6 кафедраў гісторыі КПСС і палітэканоміі, 2 кафедры асноваў марксізму-ленінізму і адна грамадскіх навук. На іх працавалі 358 выкладчыкаў, у тым ліку 16 дактароў і 190 кандыдатаў гістарычных навук.
Актывізацыі навукова-даследчай работы ў педагагічных інстытутах садзейнічаў падзел кафедраў гісторыі на кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі. На пачатак 70-х гг. яны функцыянавалі ўжо ў БДУ, Мінскім, Гродзенскім і Магілёўскім педінстытутах. На гэтых кафедрах працавалі 77 выкладчыкаў, у тым ліку 9 дактароў і 38 кандыдатаў навук. У канцы 70-х гг. колькасць выкладчыкаў павялічылася да 153 чалавек, у тым ліку 10 дактароў і 60 кандыдатаў гістарычных навук.