ПРАДМОВА
^ Вверх

ПРАДМОВА

 

Пераход да нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі ў Беларусі, які быў здзейснены ў першай палове 90-х гг. ХХ ст., прадвызначыў увядзенне ў праграмы ВНУ курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі». Гэтая спецыяльная гістарычная дысцыпліна прадугледжвае вывучэнне творчасці гісторыкаў, навуковых кірункаў, вызначэнне іх ролі ў айчыннай гістарыяграфіі. Асобная ўвага надаецца аналізу дзейнасці навуковых і навучальных установаў гістарычнага профілю ў Беларусі. У дапаможніку ахопліваецца перыяд гісторыі гістарычнай думкі Беларусі ад яе вытокаў па сённяшні дзень.

Выкладанне курса пабудавана на аснове праграмы «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» для студэнтаў гістарычных спецыяльнасцяў, зацверджанай Саветам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Дапаможнік утрымлівае тэматыку і планы лекцыйных і практычных заняткаў, літаратуру да іх. Для паглыбленага вывучэння прапануюцца прыкладныя тэмы рэфератаў па асобных пытаннях гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Кожная тэма мае тэкставае суправаджэнне. Да кожнай тэмы ёсць праверачныя тэсты, разлічаныя як на веданне фактычнага матэрыялу, так і на яго аналіз. Адказваючы на іх, студэнты могуць ацаніць ступень засваення і разумення той ці іншай тэмы айчыннай гістарыяграфіі.

У працэсе падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў спачатку неабходна праглядзець канспект лекцыяў, прысвечаных вывучаемай тэме. Затым – прачытаць тэкст дапаможніка, прааналізаваць спіс рэкамендаванай літаратуры, які складаецца з манаграфіяў, вучэбных дапаможнікаў, абагульняльных навуковых працаў, навуковых артыкулаў. Заключным момантам ёсць вывучэнне літаратуры і работа з праверачным тэстам.