2. Старажытнарускія летапісы...
^ Вверх
2. Старажытнарускія летапісы, лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі на тэрыторыі Беларусі.

Пачатковая гістарыяграфія ўсходніх славян звязана з Кіевам і Ноўгарадам. Першыя звесткі размешчаны ў Кіеўскім летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў», які меў тры рэдакцыі.
Асновай твора з’яўляецца старажытны летапісны звод, у якім падзеі даводзяцца да 1037 г. Яго стваральнікі былі блізкімі людзьмі да князя Яраслава Мудрага, таму выражалі інтарэсы Кіева, займалі патрыятычную пазіцыю.
Першую рэдакцыю звода зрабіў буйны царкоўны і палітычны дзеяч Русі Нікан, які працягнуў падзеі да 1073 г., унёс літаратурны запіс аб прызванні варагаў. З 1061 г. ім даюцца дакладныя звесткі. Нікан упершыню паведаміў аб Менску пад 1067 г. і апісаў бітву на Нямізе (магчыма, па расказах яе ўдзельнікаў).
Другая рэдакцыя атрымала назву Пачатковага звода, бо падзеі былі даведзены да 1093 г. і дапоўнены наўгародскімі звесткамі. Яго аўтар ва ўмовах аслаблення Кіеўскай Русі імкнецца даць станоўчую ацэнку першым кіеўскім князям, высока ацаніць іх ваенныя заслугі.
Трэцюю рэдакцыю зрабіў каля 1113 г. Нестар у Кіева-Пячэрскім манастыры. Ужо ў самым пачатку звода ён вызначыў пастаўленную перад сабой задачу – адказаць, «…Откуда есть пошла Руская земля, кто въ Киеве нача первее княжити, и откуда Руская земля стала есть». Нестар упершыню паспрабаваў звязаць гісторыю ўсходніх славян з гісторыяй усяго чалавецтва, стварыў своеасаблівую гістарычную канцэпцыю.
«Аповесць мінулых гадоў» пабудавана на метадалагічных прыёмах антычнай гістарыяграфіі, вызначаных у ІІ ст. да н.э. грэчаскім гісторыкам Палібіем. Яны прадугледжвалі тры правілы: веданне гістарычных сачыненняў папярэднікаў, шырокі агляд геаграфіі даследавання, сувязь падзеяў мінулага і сучаснага. Як і Фукідзід і Арыстоцель, Нестар асноўную ўвагу надаваў апісанню палітычных і ваенных падзеяў. Уплыў антычнай традыцыі вельмі выразна адчуваецца тады, калі летапісец укладвае ў вусны сваіх персанажаў антычныя афарызмы, напрыклад, «маці гарадоў рускіх». З другога боку, відавочныя прынцыпы і падыходы, характэрныя для сярэднявечнай метадалогіі –правідэнцыялізму. У многіх выпадках летапісец тлумачыць падзеі і дзеянні людзей са спасылкай на Слова Божае. Метадалагічная структура летапіснага звода складаецца з тлумачальнай (галоўнай) і правідэнцыяльнай (дапаможнай) гісторыі. Тлумачальная гісторыя будуецца на прынцыпах заканамернасці, ісціны і праўды.
Беларускі даследчык М.У.Смяховіч «Аповесць мінулых гадоў» адносіць да пасіўна-сузіральнага кірунку школы базавай верыфікацыі. У зводзе адсутнічаюць элементы крытыкі, папярэдні аналіз матэрыялаў, запазычаных з іншых крыніцаў. Летапісец найперш выконваў камунікатыўную функцыю, каб перадаць гістарычна цэласныя веды, якія назапасіла грамадства.
Летапісны звод пабудаваны на прызнанні заканамернасці сацыяльнага развіцця і па лагічнай схеме: ад апісання падзеі да тлумачэння прычын яе ўзнікнення, ад тлумачэння прычынаў – да абагульных высноваў.
Пасля смерці Святаполка і паўстання ў Кіеве ў 1113 г. палітычная арыентацыя «Аповесці мінулых гадоў» не магла задаволіць новага князя Уладзіміра Манамаха. Летапіс забралі з Кіева-Пячэрскага манастыра і перадалі ў Выдубіцкі манастыр, які меў статус прыдворнай абіцелі Манамаха. Ігумен манастыра Сільвестр ў 1116 г. перапрацаваў «Аповесць мінулых гадоў»: ён паказвае кіеўскага князя памяркоўным, ухваляе яго за тое, што «не загінула зямля Руская» (праца Сільвестра дайшла да нас у складзе Лаўрэнцьеўскага летапіснага звода).
У «Аповесці мінулых гадоў» вялікая ўвага надаецца Полацку і Полацкай зямлі, у прыватнасці, раздача гарадоў Рурыкам, удзел палачан у паходзе Алега на Царград, забойства Рагвалода, напад Брачыслава на Ноўгарад, бітва на Нямізе і іншыя падзеі.
Першы летапісны звод аказаў значны ўплыў на развіццё ўсходнеславянскага летапісання. У наступны час ён уключаўся амаль ва ўсе мясцовыя летапісы ў якасці своеасаблівых уводзінаў, бо галоўная ідэя твора – абарона Русі – была зразумелай і блізкай летапісцам.
У найбольш поўнай рэдакцыі «Аповесць мінулых гадоў» дайшла да нас у Іпацьеўскім і Лаўрэнцьеўскім спісах. Іпацьеўскі спіс (канец ХІІІ ст.) складаецца з «Аповесці мінулых гадоў», Кіеўскага і Галіцка-Валынскага летапісаў, а Лаўрэнцьеўскі спіс (XIV ст.) – з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст), летапісных запісаў аб гісторыі Паўночна-Усходняй Русі па 1305 г., «Павучэння Уладзіміра Манамаха», падання пра Рагнеду і полацкіх Усяславічаў, жыція Аляксандра Неўскага.
Найбольшую цікавасць выклікае Кіеўскі летапіс, які быў складзены ў Выдубіцкім манастыры на падставе мясцовых летапісаў і асобных пагадовых запісаў. У адрозненне ад «Аповесці мінулых гадоў» ён прысвечаны пераважна мясцовым падзеям (гісторыі Кіева) з 1118 г. да 1200 г., мае больш свецкі характар. Летапісец асуджае княжацкія ўсобіцы, апісвае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад 1159 г. у творы размешчаны аповед аб падзеях у Полацкай зямлі, у прыватнасці, аб дзейнасці веча Полацка і Друцка, узаемаадносінах веча і князёў. Таксама аўтар акцентуе ўвагу на Тураве, Пінску, Бярэсці. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева, у Кіеўскім летапісе ёсць урыўкі з Полацкага летапіса.
Даследчыкі неаднаразова выказывалі меркаванні аб існаванні летапісання ў Полацку і Смаленску. Доказам можа быць аповед пад 1159 г. пра вяртанне выгнанага палачанамі князя Рагвалода Барысавіча, які напісаны відавочцам, з  яркімі дэталямі. Другім доказам з’яўляецца фрагмент пад 1180 г. з Іпацьеўскага спіса пра паход кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі супраць смаленскага князя Давыда, заняўшага Друцк. Дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў – усё сведчыць аб мясцовым полацкім запісе.
Аб існаванні летапісання ў Полацку нам таксама засведчыў рускі гісторык XVIII ст. В.М.Тацішчаў. У сваёй працы «Гісторыя Расійская» ён упамінаў аб спісе, які належаў пецярбургскаму архітэктару П.Яропкіну. Дзесяць разоў Тацішчаў спасылаўся на змест гэтага летапіса, але да нашых дзён рукапіс не дайшоў.
Тацішчаў размясціў аповесць пра Святохну – твор зусім невядомы ў іншых усходнеславянскіх крыніцах. Полацкі князь Барыс Давыдавіч ажаніўся другі раз з Святохнай – дачкой паморскага князя Казіміра. Разам з ёй у Полацк прыбылі шмат памаран. У Святохны нарадзіўся сын Войцэх, якога бацька назваў Уладзімірам. Каб зрабіць свайго сына адзіным спадкаемцам полацкага прастола, Святохна вырашыла пазбавіцца ад сыноў Барыса ад першага шлюбу – Васількі і Вячкі. Яна здолела з дапамогай інтрыг выслаць старэйшых сыноў полацкага князя і іх прыхільнікаў, затым задумала атруціць Васільку. Той звярнуўся да палачан з заклікам абароны ад іншаземцаў-памаран. Веча раскрыла злачынствы Святохны, якую пасадзілі ў турму.
Тацішчаў датаваў гэту падзею 1217 г., а польскі гісторык Я.Паверскі – 1197 – 1201 гадамі. Беларускі даследчык старажытнарускага летапісання В.А.Чамярыцкі даказаў, што аповесць пра Святохну – гэта фальсіфікат XVIII ст., бо яшчэ ў ХІХ ст. М.Лыжын выказаў думку, што гэты твор з’яўляецца своеасаблівым памфлетам на Бірона і нямецкае засілле ў Расіі. Чамярыцкі адзначыў беднасць мовы і стылю, неадпаведнасць сінтаксісу і лексіцы твора ХІІІ ст., заўважыў, што факталогія твора не супадае з гістарычнымі крыніцамі.
Паданне аб Усяславічах, зафіксаванае ў Лаўрэнцьеўскім спісе пад 1128 г., магчыма, было створана ў Полацкай зямлі і адтуль трапіла ў Кіеў. На думку беларускага даследчыка Ю.А.Зайца, яно з’яўляецца пераказам тэксту гістарычнай песні, пашыранай на тэрыторыі Полаччыны ў канцы ХІ – пачатку ХІІ ст.
Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае унікальныя звесткі па гісторыі Наваградка, Бярэсця, Гародні, Ваўкавыска і інш. заходнебеларускіх гарадоў, пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыццё і дзейнасць князёў Вялікага княства Літоўскага Міндоўга, Войшалка, Тройдзеня. Гісторыкі У.Ц.Пашута і М.І.Ермаловіч выказалі гіпотэзу, што інфармацыя аб літоўскіх князях запазычана з Наваградскага летапісу, магчыма, складзенага ў Лаўрышаўскім манастыры. Фактычна гэта адзіны помнік, які шырока асвятляе пачатковы этап і працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пазіцыі галіцка-валынскіх князёў, якія прэтэндавалі на Панямонне. Часам яны тэндэнцыйныя, але ў цэлым адпавядаюць гістарычнай праўдзе.
Важныя звесткі аб гістарычных падзеях на тэрыторыі Беларусі ўтрымліваюцца ў сярэднявечных гістарыяграфічных творах – лівонскіх хроніках. Самай найстарэйшай з іх з’яўляецца Хроніка Генрыха Латвійскага, нямецкага храніста, які жыў з 1205 г. у Рызе і быў ідэолагам Ордэна мечаносцаў. Хроніку ён напісаў для папскага легата Вільгельма Мадэнскага па заказу епіскапа Альберта, які хацеў атрымаць сан архіепіскапа. Зразумела, што аўтар услаўляў дзеянні Альберта, накіраваныя на рыцарскае заваяванне Усходняй Прыбалтыкі і хрышчэнне мясцовых плямён. Ёсць інфармацыя пра Кукенойс і Герцыке, барацьбу з Ордэнам полацкага князя Уладзіміра, мірныя дагаворы 1210, 1212, 1222 гг.
Невядомы нямецкі аўтар у сярэдзіне ХІІІ ст. напісаў Старэйшую рыфмаваную хроніку, у якой раскрыў гісторыю крыжацкага заваявання Усходняй Прыбалтыкі да 1290 г. Магчыма, аўтар сам быў відавочцам і ўдзельнікам апісваемых падзей. Гэты твор лічыцца найважнейшай крыніцай па гісторыі ўтварэння ВКЛ: падрабязна паказана дзейнасць Міндоўга.
Малодшая рыфмаваная хроніка Барталамея Хёнэке, складзеная ў першай палове ХIV ст., не дайшла да нашага часу (яе змест быў пакладзены ў аснову хронікі Германа Вартберга). Аўтар паказаў узаемаадносіны Ордэна з ВКЛ, Псковам і Ноўгарадам у 1315 – 1348 гг.
Выхадзец з Вестфаліі, капелан Лівонскага ордэна Герман Вартберг у канцы ХIV стст. напісаў «Хроніку Лівоніі». Ён выкарыстаў творы сваіх папярэднікаў, а таксама шматлікія граматы і канцылярскія матэрыялы з ордэнскага архіва. Падзеі даведзены да 1378 г. Аўтар з’яўляўся апалагетам Ордэна: пісаў аб яго велізарных заслугах і бескарыслівых подзвігах на славу хрысціянства, апраўдваў гвалт і разбой «братоў-хрысціян».
Багаты матэрыял па гісторыі Беларусі ХІІІ – ХІV стст. змяшчае «Хроніка» Віганда з Марбурга, герольда пры двары магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Валенрода. Твор утрымлівае звесткі пра рыцарскія паходы на тэрыторыю Беларусі і Літвы, у прыватнасці, Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну. Аўтар падрабязна апісаў бітву на Стрэве, паходы крыжакоў з 1363 г. на Гародню.
Віганд правільна размяшчаў зямлю дрыгавічоў на Берасцейшчыне, «замак Нойгартэн» – на левым беразе Нёмана, насупраць Гарадзенскага замка, пабудаванага Вітаўтам у 1391 г. Хроніка дае інфармацыю пра аблогу Полацка (1381 г.) Скіргайлам і магістрам Лівонскага ордэна, пра трагічны штурм Гарадзенскага замка ў 1393 г. рыцарамі з Германіі, Францыі, Галандыі і пра іншыя акцыі крыжакоў. Аўтар ідэалагічна абгрунтоўваў палітыку Тэўтонскага ордэна.
Каштоўную інфармацыю аб гісторыі беларускіх зямель можна знайсці ў скандынаўскіх  паданнях (сагах), запісаных каталіцкімі манахамі ў ХІІ ст. «Эймундава сага» апавядае пра варага Эймунда Хрынгсана. Ёсць звесткі пра княжацкую барацьбу пасля смерці Уладзіміра Святаславіча (1015 г.) з удзелам князёў Яраслава Мудрага і Святаполка Яраполчыча. Зусім нетрадыцыйна ў параўнанні са старажытнарускімі летапісамі раскрываецца супрацьстаянне паміж полацкім князем Брачыславам Ізяславічам і кіеўскім Яраславам Мудрым.
«Сага пра Торвальда Вандроўніка» прысвечана Торвальду Кóдрансану – ісландскаму падарожніку і місіянеру Х стагоддзя. У 1000 г. ён накіраваўся ў Палестыну, адтуль вяртаўся дадому праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле сагі, Торвальд «памёр у Русі недалёка ад Полацка. Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысціцеля, і называюць палачане яго святым». Невялікая па аб’ёме «Сага пра Торвальда Вялікага Падарожніка» (татра) удакладняе гэтыя звесткі: магіла Торвальда знаходзіцца «над высокай гарой у Дрофне пры царкве Святога Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Згодна з гэтай сагай Торвальд быў накіраваны ў Русь як афіцыйны прадстаўнік візантыйскага імператара.
Гара ў Дрофне не лакалізавана па сённяшні дзень. Даследчыкі ідэнтыфікуюць яе з наступнымі мясцінамі: 1) полацкім верхнім замкам, насупраць якога, на востраве, знаходзіўся манастыр св.Яна; 2) раёнам Дрэтунь на паўночны ўсход ад Полацка; 3) «гарой Рагнеды» на паўвостраве Перавоз паміж вусцем р.Ушчы і вытокам р.Дрысы (А.Кіркор адзначаў, што там, паводле народнага падання, быў забіты ўдарам каменнага молата князь Рагвалод, а потым была пахавана Рагнеда).