1. Русіфікатарская палітыка ўрада...
^ Вверх
1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі.

Моцны ўплыў на развіццё айчыннай гістарыяграфіі парэформеннага часу аказала паўстанне 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Яно зноў звярнула ўвагу ўрада і расійскага грамадства ў цэлым на заходні рэгіён краіны, прымусіла нанова адкрыць Беларусь і яе гісторыю. Каб абвергнуць польскія прэтэнзіі на Беларусь і Літву, царскі ўрад пачаў актыўна даказваць рускі характар «заходняга краю» імперыі. Дзеля гэтага былі выдадзены два гістарычныя атласы.
Першы атлас з шасці картаў падрыхтаваў палкоўнік Р.Ф.Эркерт (1863 г.). Выданне раскрывае арэал рассялення ў «заходнім краі» рускіх, палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў і яўрэяў. Зразумела, што ўкраінцы і беларусы былі аднесены да рускага этнасу. Першае выданне атласа выйшла на французскай мове і прызначалася для еўрапейскай дыпламатыі ў адказ на падзеі 1863 г.
У 1864 г. выйшаў атлас, складзены падпалкоўнікам А.Ф.Рыціхам пад кіраўніцтвам Пампея Бáцюшкава.
Пампей Мікалаевіч Бацюшкаў (1811 – 1892 гг.) скончыў артылерыйскае вучылішча ў Пецярбургу, у 1832 – 1840 гг. афіцэр рускай арміі. З 1850 г . – віцэ-губернатар Ковенскай губерні, затым памочнік папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, у 1856 – 1857 гг. – віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. Кіраваў будаўніцтвам Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, праводзіў палітыку русіфікацыі: садзейнічаў пабудове больш за 2 тыс. праваслаўных храмаў на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Спрабаваў перавесці набажэнства ў касцёлах Мінскай губерні з польскай на рускую мову. Гістарычнае развіццё Беларусі зводзіў да гісторыі праваслаўнай царквы і палітычнай дзейнасці князёў. Галоўная праца – «Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края» (1890 г.).
У 1864 г. падпалкоўнік А.Ф.Рыціх пачаў збор матэрыялаў для складання атласа. За аснову ён узяў дадзеныя, атрыманыя з МУС і чыноўнікаў, якія спецыяльна былі накіраваны ў заходнія губерні для агляду стану праваслаўных цэркваў і манастыроў. Дзесяць картаў атласа раскрываюць геаграфію рассялення рускіх, пад якімі разумеліся ўсе праваслаўныя, і палякаў (усе каталікі).
Актыўную падтрымку ўраду аказалі прадстаўнікі позняга расійскага славянафільства і ліберальная інтэлігенцыя, аб чым сведчаць публікацыі ў славянафільскіх выданнях «День», «Москва», «Русь». Да супрацоўніцтва з імі быў запрошаны прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, ідэолаг заходнерусізму М.В.Каяловіч, які звярнуўся з заклікам да расійскіх газет размяшчаць этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы аб «Заходняй Расіі». Погляды М.В.Каяловіча вабілі славянафілаў сваёй палонафобіяй: на гістарычных прыкладах даследчык паказаў, колькі зла «заходнерускаму народу» прынеслі Захад, Польшча і каталіцызм. Таксама ён выдвінуў тэзіс пра сапсаванасць «лацінскага свету» і яго несумяшчальнасць з праваслаўным светам. Газета «Московские ведомости» абвясціла пра неабходнасць «духоўнага заваявання заходняга края Расіі».
Пазіцыя М.В.Каяловіча знайшла падтрымку ў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Ён разумеў усю карысць гісторыі ў працэсе фармавання грамадскай самасвядомасці жыхароў заходніх губерняў. Генерал-губернатар, акрамя русіфікацыі мясцовай адміністрацыі, прапанаваў імператару Аляксандру ІІ правесці рэформу школаў і радыкальна змяніць змест гістарычнай адукацыі: «Необходимо всем и постоянно разъяснить, что край Северо-Западный всегда был и есть русский и что польский элемент есть временный, заброшенный в эпоху польского владычества».
У пачатку 1864 г. Мураўёў задумаў выданне кнігі пра падзеі 1863 года. Гродзенскаму і ковенскаму губернатарам ён накіраваў даручэнне скласці «Очерк о начале и ходе бывшего мятежа по губернии и о польской революционной организации, которая существовала в ней». Падобныя прадпісанні атрымалі начальнік інфлянцкіх паветаў Віцебскай губерні, віленскі, віцебскі, магілёўскі губернатары, старшыні следчых камісіяў. Восенню 1864 г. у канцылярыю Мураўёва сталі паступаць першыя нарысы. Іх абагульненнем займаўся са сваімі памочнікамі генерал-маёр Васіль Фёдаравіч Ратч (1816 – 1870 гг.). Вынікам стала двухтомавая праца, выдадзеная ў 1867 – 1868 гг.: «Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае». Затым  кнігу пераклалі на французскую мову і выдалі ў Парыжы.
Для прапаганды ўрадавай палітыкі М.М.Мураўёў запрасіў у Вільню Ксенафонта Гаворскага.
Ксенафонт Антонавіч Гаворскі (1821 – 1871 гг.) нарадзіўся ў Кіеве ў сям’і уніяцкага святара з Віцебшчыны. Скончыў грэка-уніяцкую семінарыю ў Полацку, Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Полацкай семінарыі, у т.л. гісторыю і археалогію. Праводзіў раскопкі курганаў каля Полацка, апісаў старажытную «альгердаву дарогу» з Вільні ў Полацк.
У 1857 – 1858 гг. Гаворскі з’яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі «Віцебскіх губернскіх ведамасцяў». Яго заўважылі расійскія славянафілы, увялі ў навуковыя сталічныя салоны і зрабілі вядучым спецыялістам па «польскім» пытанні. Прафесар М.В.Каяловіч садзейнічаў прызначэнню Гаворскага рэдактарам часопіса «Вестник Юго-Западной и Западной России», які выдаваўся з 1862 г. у Кіеве. Часопіс быў эклектычным – у ім друкаваліся дакументы з Кіеўскай археаграфічнай камісіі па гісторыі рэлігіі і царквы, матэрыялы па гісторыі Украіны і Беларусі. Выданне падтрымлівалі Сінод, МУС, Міністэрства народнай асветы, Пецярбургская духоўная акадэмія. Але ў Кіеве часопіс быў непапулярным, і ў хуткім часе яго закрылі.
Па просьбе Мураўёва і папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава выданне з 1864 г. перанеслі ў Вільню пад назвай «Вестник Западной России». Па тэматыцы публікацыяў часопіс быў гісторыка-літаратурным, але, з другога боку, ён з’яўляўся выразнікам афіцыйных поглядаў на палітыку, навуку, публіцыстыку. Аўтары змешчаных у ім артыкулаў аддавалі пашану праваслаўю, якое вызваліла Беларусь ад прыгнёту паланізму і лацінізму. Часопіс выходзіў пад дэвізам – «Калі Польшча не загінула, хай загіне – мы так хочам!». Уся гісторыя Беларусі падавалася аўтарамі «польскай інтрыгай» і «каталіцкім прымусам».
Тэндэнцыйнасць выдання прадвызначыла яго непапулярнасць і ў Вільні. Сітуацыю не выправіла нават абавязковая падпіска для духавенства і чыноўнікаў. У 1871 г. часопіс закрылі.
Каб пераарыентаваць гістарычную свядомасць насельніцтва Беларусі і Літвы, па прыкладу Пецярбурга і Кіева ў Вільні з 29 красавіка 1864 г. пачала дзейнічаць Віленская археаграфічная камісія. Выбар Вільні быў заканамерным. Там размяшчаліся багатыя архіўныя зборы (Архіў Галоўнага Трыбунала, Архіў Скарбавага трыбунала, справы Трокскага архіва, архівы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў, архіў Сапег), кніжныя сховішчы, друкарні. Вільня з’яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства, таму вельмі зручна было кантраляваць і накіроўваць працу камісіі.
Перад членамі Археаграфічнай камісіі былі пастаўлены наступныя задачы: «а) доказать фактически, что Западный край никогда не был счастлив под польским правительством; б) что цивилизация Польши, а с нею и Западного края далеко отставала от той степени совершенства, на которую ставили ее поляки; в) что только под русским правительством Западный край забыл свои страдания, исцелил прежние раны и начал свое историко-политическое существование». У цэлым камісія павінна была гісторыка-дакументальна даказаць, што Беларусь мае праваслаўную і рускую прыроду.
Адразу ад камісіі запатрабавалі працу ў вялікім аб’ёме, хаця ўмовы для гэтага створаны не былі. Само сховішча размяшчалася ў двух паўпадвальных памяшканнях Віленскага універсітэта. З чатырох сябраў камісіі, уключаючы старшыню, працаваць з першакрыніцамі мог толькі адзін – архіварыўс (загадчык) архіва, кандыдат філасофска-тэалагічных навук Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі (1804 – 1879 гг.). Ён зрабіў найвелізарнейшую чарнавую працу, склаўшы «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай…» (1872 г.), выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы» (1874 г.). Плённа працаваў выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі Іван Якаўлевіч Спрогіс (1833 – 1918 гг.). За некаторыя гады ён прачытываў ад 20 да 60 тыс. рукапісных лістоў, напісаў прадмовы да 11 тамоў. Даследчык таксама склаў геаграфічныя паказальнікі па дакументах архіва.
Вынік працы Віленскай археаграфічнай камісіі ўражвае. За 1865 – 1915 гг. было выдадзена 39 тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі». Разам з Віленскай навучальнай акругай супрацоўнікі камісіі выпусцілі 14 тамоў «Археаграфічнага зборніка дакументаў па гісторыі Паўночна-Заходняй Русі» (1867 – 1904 гг.). Агульны аб’ём выдадзеных крыніцаў склаў каля 29 тыс. старонак. Камісія апублікавала матэрыялы копных і земскіх судоў, дакументы гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, магістрацкія акты, матэрыялы пра руска-польскую вайну 1654 – 1667 гг., вайну 1812 г., царкоўную унію. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у працы камісіі, яе выданні з’яўляюцца каштоўнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі беларускай мовы.
У другой паловеXIX пачатку XX стст. гісторыя выкладалася ва ўсіх ніжэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі. У курс уваходзілі сусветная і руская гісторыя з элементамі мясцовай гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Расійская адміністрацыя, у тым ліку і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі, імкнулася пашырыць рускі ўплыў у заходніх губернях.
З 1877 г. руская і сусветная гісторыя выкладаліся ў рамках адзінага курса, у якім матэрыял па рускай гісторыі ўключаўся паміж адпаведнымі раздзеламі сусветнай гісторыі. З 1913 г. руская гісторыя была вылучана ў самастойны курс. На падставе тыпавых міністэрскіх праграмаў настаўнік складаў рабочую праграму і прадстаўляў яе на разгляд педагагічнага савета.
Праграмы сведчаць аб наяўнасці ў курсе гісторыі некаторых сюжэтаў з мясцовай гісторыі, напрыклад, «Літоўскія плямёны, іх побыт, норавы і рамёствы, першыя літоўскія князі (Міндоўг, Гедымін, Альгерд, Кейстут)». У рамках курсу гісторыі даваліся характарыстыкі Ягайле, Вітаўту, Крэўскай уніі. У рамках пытання «Маскоўская і Літоўская Русь» разглядаліся ўзаемаадносіны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. У падраздзеле «Заходняя Русь у XVIXVIII стст.» даваліся звесткі пра Люблінскую унію, пранікненне езуітаў, Берасцейскую царкоўную унію, прычым акцэнт рабіўся на рэлігійныя пераследы праваслаўных у Рэчы Паспалітай, дзейнасць праваслаўных брацтваў. Перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай у праграме быў адлюстраваны ў наступнай фармулёўцы: «Умяшальніцтва Кацярыны II у польскія справы. Польская выбарчая сістэма. Пытанне аб дысідэнтах. Барская канфедэрацыя. Паўстанне на Украіне. I-ы падзел Польшчы і становішча пасля яго. Канстытуцыя 3 мая і Таргавіцкая канфедэрацыя. II-і падзел Польшчы. Паўстанне ў Польшчы і III-ці падзел». Курс гісторыі закранаў і падзеі XIX ст. Навучэнцы вывучалі такія пытані, як «Змова дзекабрыстаў», «Паўстанне ў Польшчы 1830 г.», «Мяцеж у Польшчы 1863 г.».
Працэс выкладання гісторыі быў забяспечаны падручнікамі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, у тым ліку і створанымі выкладчыкамі навучальных установаў Беларусі. Сярод іх – А.Турцэвіч, П.Аляксандраў, В.Ярмаловіч і інш. У навучальных установах Беларусі набыла распаўсюджанне «Кніга для чытання па рускай гісторыі» (пад рэдакцыяй М.В.Доўнар-Запольскага), якая выйшла ў Маскве ў 1904 г. На думку складальнікаў, гэтае выданне павінна было стаць карысным для выкладчыкаў, навучэнцаў, для ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй. Кожны артыкул уяўляў сабой самастойны нарыс і быў напісаны спецыяльна для дапаможніка. Аўтары не пазбягалі дыскутыўных пытанняў, аднак імкнуліся зрабіць дапаможнік даступным для чытача як па змесце, так і па аб’ёме асобных артыкулаў. Дапаможнік мог быць выкарыстаны для класнага і хатняга чытання.
Аналіз праграмаў, падручнікаў, навучальных дапаможнікаў сведчыць, што яны змяшчалі даволі значны пласт падзеяў гісторыі Беларусі, прычым аб'ём фактычнага матэрыялу перавышаў той, што выкарыстоўваўся пры выкладанні беларускай гісторыі ў сярэдніх школах у савецкі час. Аднак трэба мець на ўвазе, што вывучэнне гісторыі Беларусі ў дарэвалюцыйных навучальных установах было накіравана на дасягненне ідэалагічнай мэты – абгрунтаваць гістарычную прыналежнасць Паўночна-Заходняга краю да Расіі, выхаваць у навучэнцаў вялікадзяржаўныя патрыятычныя пачуцці.