1. Беларуска-літоўскія летапісы...
^ Вверх
1. Беларуска-літоўскія летапісы XV – XVI стст. і іх ідэйна-палітычная накіраванасць.

Беларуска-літоўскімі лічацца летапісы, у якіх выкладаецца гісторыя ВКЛ і якія былі складзены на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Агульнадзяржаўнае галоўным чынам па сваёй тэматыцы і канцэпцыях летапісанне ў ВКЛ у ХIV – ХVІ стст. насіла пераважна прыватна-арыстакратычны або царкоўны характар і вельмі адрознівалася ад больш централізаванага рускага летапісання.
Тэрмін «беларуска-літоўскія летапісы» быў уведзены ў навуковы зварот ў 1969 г. М.М.Улашчыкам і В.А.Чамярыцкім. Вядомы беларускі гісторык М.М.Улашчык падрыхтаваў да друку ХХХІІ і ХХХV тамы «Полного собрания русских летописей». На сённяшні дзень гэта самае поўнае выданне ўсіх вядомых беларуска-літоўскіх летапісаў. Таксама Улашчык у сваёй апошняй манаграфіі «Введение в изучение белорусско-литовского летописания» (1985 г.) правёў крыніцазнаўчы і археаграфічны аналіз усіх вядомых спісаў. Значны ўклад у вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання ўнёс В.А.Чамярыцкі ў манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969 г.). Аўтар раскрыў паходжанне летапісаў, зрабіў іх класіфікацыю і літаратуразнаўчы аналіз. Пад яго рэдакцыяй у серыі «Беларускі кнігазбор» выйшла кніга «Беларускія летапісы і хронікі» (1997 г.).
Згодна з класіфікацыяй, прапанаванай А.А.Семянчук, беларуска-літоўскае летапісанне падзяляецца на падставе асноўных летапісных зводаў на тры этапы: Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, Хроніка Быхаўца.
Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. лічыцца першым агульнадзяржаўным летапісным зводам ВКЛ. Ён заснаваны на летапісы, складзеным на мяжы 20 – 30-х гг. ХІV ст. у Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма, які з’яўляўся прыхільнікам палітыкі князя Вітаўта.
Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. раскрывае гістарычныя падзеі з ІХ ст. да 1446 г. Звесткі запазычаны са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве, Вільні. Неад’емнай  часткай звода з’яўляецца «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту».
Тэкст Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. складаўся паступова. Беларускі даследчык Ю.А.Заяц адзначыў тэндэнцыйнасць адбору аўтарам звестак са старажытнарускіх крыніцаў, што было звязана з грамадзянскай вайной 30-х гг. ХV ст. і расколам ВКЛ: было небяспечна ўзгадваць аб дзяржаўнай самастойнасці Полацкай зямлі ў Х – ХІІІ стст. Таксама летапісец не ўключыў звесткі аб рассяленні ўсходніх славян, аб паходзе Аскольда і Дзіра на Царьград, выключана інфармацыя пра паходы кіеўскіх князёў на яцвягаў, радзімічаў, балгар, харватаў, палякаў. Аўтар не праявіў цікавасці да асуджэння княжацкіх міжусобіцаў, што было характэрна для «Аповесці мінулых гадоў».
Як і ў «Аповесці…», аўтарам Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. кіравала ідэя незалежнасці радзімы ад іншаземцаў. Гэтая пазіцыя прасочваецца ў запісах аб бітве на Вожы (1378 г.), пра Кулікоўскую бітву (1380 г.), аб прыняцці Смаленскам князя Юрыя Святаславіча (1401 г.). Тагачасная рэчаіснасць заставіла аўтара прасачыць тры сюжэты: татарскае нашэсце, дзейнасць вялікіх князёў маскоўскіх і гістарычныя падзеі ў ВКЛ, якія падаюцца ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі.
У «Летапісцы…» раскрываеца палітычная гісторыя ВКЛ амаль за стагоддзе: ад смерці Гедыміна па смерць Вітаўта. У форме суцэльнага апавядання прадстаўлены змова Альгерда і Кейстута супраць Яўнуція, дынастычная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам, грамадзянская вайна паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Але па сваёй структуры летапісны звод не мае цэласнага характару. У заключнай частцы твора падзеі пераносяцца на Падолію (ад бітвы на р.Сінія Воды па паход Вітаўта ў гэты рэгіён).
У Беларуска-літоўскім летапісу 1446 г. абгрунтоўваецца заканамернасць палітычнага аб’яднання літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх земляў у складзе ВКЛ і цэнтралізатарская палітыка літоўскіх князёў, выяўляецца імкненне перадавых колаў тагачаснага грамадства асэнсаваць гістарычную ролю ВКЛ ва Усходняй Еўропе. Адчуваецца ўплыў канцэпцыі правідэнцыялізму, аўтар адбіраў для пераказу толькі тыя факты і  падзеі, якія адлюстроўвалі дзейнасць князёў, ваенаначальнікаў, найвышэйшага духавенства. Але ў параўнанні са старажытнарускім летапісаннем прасочваецца больш свецкі характар.
Змена культурна-палітычнай сітуацыі ў ВКЛ напачатку ХVI ст. прывяла да таго, што беларуска-літоўскі звод ужо не задавальняў кіруючыя колы краіны. З’яўленне «Хронікі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага» было выклікана новымі грамадска-палітычнымі тэндэнцыямі, патрэбай умацавання міжнароднага становішча ВКЛ, гістарычнага абгрунтавання яго права на беларускія і ўкраінскія землі, імкненнем даказаць высакароднае паходжанне кіруючай княжацкай дынастыі.
Нельга не адзначыць уплыў рэнесансавых ідэяў. У ХVI ст. у Еўропе ствараюцца велічныя і патрыятычна накіраваныя гісторыі краінаў і народаў. Прадстаўнікі асобных арыстакратычных фаміліяў шукалі славутых продкаў. Напрыклад, у Польшчы ў ХVI – XVII стст. была распаўсюджана канцэпцыя паходжання польскай шляхты ад старажытных сарматаў, у Венгрыі – ад гунаў.
Кіруючыя колы ВКЛ ужо не былі задаволены Беларуска-літоўскім летапісам 1446 г. У ім гісторыя ВКЛ з’яўлялася арганічным працягам гісторыі Кіеўскай Русі, а літоўскія князі выступалі носьбітамі агульнарускіх тэндэнцыяў. Арыстакратыя краіны больш цікавілася мінулым сваёй радзімы – уласна літоўскіх земляў – генэзісам ВКЛ.
«Хроніка ВКЛ» складзена ў 20-я гг. ХVI ст., магчыма ў Вільні. Аўтар гэтага летапіснага зводу быў набліжаным да магнатаў Гаштольдаў. Хроніка ВКЛ раскрывае гісторыю дзяржавы ад князя Палемона да Гедыміна.
У аснову летапіса пакладзена легенда пра паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. У І-м ст. н. э. 500 сем’яў рымскай знаці, ратуючыся ад жорсткасцяў імператара Нерона, уцяклі марскім шляхам у Жмудзь. На чале эмігрантаў стаяў Палемон, або Публій Лібон. Яго сын Кунас заклаў дынастыю літоўскіх князёў, прадстаўніком якой быў заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Нават слова «Літва» выводзіцца ад лацінскага «lituus» – труба, сігнальны ваенны ражок.
Аўтар тлумачыць уладу літоўскіх князёў на Русі наступствамі мангола-татарскага нашэсця і шлюбамі з дачкамі мясцовых князёў. Прасочваецца антыпольская накіраванасць летапіснага зводу: Ягайла называецца клятвапарушальнікам, забойцам.
Вядома, што легенды служылі канкрэтным палітычным мэтам. Да таго ж гэты міф сведчыў аб патрэбе этнічнага самаакрэслення літоўцаў. Рымскія продкі ўзносілі літоўцаў над іншымі народамі, цешылі іх нацыянальны гонар. Згодна з легендай, літоўцы вялі свой радавод ад каталіцкага Захаду і не мелі нічога супольнага з Усходам (Руссю). Гэта падкрэсліў Міхалон Літвін (магчыма, Вянцлаў Мікалаевіч, магчыма, Міхайла Цішкевіч) у трактаце «Аб норавах татар, літоўцаў і маскавіцян», які быў напісаны да 1550 г., а выйшаў у свет у 1615 г.
Літвін свядома выбраў манархічную мадэль паходжання літоўскай арыстакратыі – ад Юлія Цэзара, які быццам бы захапіў Літву і зрабіў яе правінцыяй Рыма. У якасці доказу ён прывёў падабенства лацінскай і літоўскай моваў. Таксама Літвін абураеца жорсткім стаўленнем шляхты да сялян і чэлядзі нявольнай, крытыкуе тагачасныя законы, паводле якіх сяляне і дробная шляхта не мелі права без згоды пана распараджацца сваёй маёмасцю, крытыкуе шляхту, якая не абараняла дзяржаву ад крымскіх татар, а бавіла час у корчмах.
Трэцім этапам у развіцці агульнадзяржаўнага летапісання лічыцца «Хроніка Быхаўца». Яна была складзена ў сярэдзіне ХVI ст. і дайшла ў адзіным спісе канца ХVII – пачатку XVIII ст. Пэўны час крыніца лічылася фальсіфікатам, які прыпісывалі гісторыку Тэадору Нарбуту (1784 – 1864 гг.). Ён упершыню выдаў «Хроніку Быхаўца» ў серыі «Помнікі літоўскай гісторыі» (1846 г.), пасля чаго рукапіс бясследна знік. Гэтая акалічнасць, а таксама тое, што тэкст хронікі ўтрымлівае супярэчнасці і анахранізмы, прывялі да абвінавачвання Нарбута ў фальсіфікацыі крыніцаў. Аднак большасць расійскіх, беларускіх і польскіх гісторыкаў даказалі адваротнае. За некалькі гадоў перад Нарбутам урывак з хронікі надрукаваў настаўнік Віленскай гімназіі Г.Клімашэўскі. Ён чытаў летапісны звод у маёнтку шляхціца А.Быхаўца «Магілёўцы» (сучасная в.Магілёўцы Пружанскага раёна) і апублікаваў фрагмент аб забойстве вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. Быхавец у 1834 г. пераслаў рукапіс хронікі Нарбуту, які выкарыстаў яго пры напісанні «Старажытнай гісторыі літоўскага народа».
Другі раз «Хроніка Быхаўца» была апублікавана ў 1907 г. у ХVII томе Поўнага сбору рускіх летапісаў. Улашчык даказаў, што ў дадзеным летапісу не хапае толькі 10 % тэксту, а складзены ён быў у 30-я гг. ХVI ст. аўтарам, блізкім да магнатаў Гаштольдаў і Алелькавічаў.
«Хроніка…» пачынаецца з апісання бегства «рымлян», праўда, Палямон называецца Апалонам, а завяршаецца разгромам крымскіх татар пад Клецкам (1506 г.). Дамінуючая тэма твора – ваенна-патрыятычная, таму аўтар падкрэсліў факты тэрытарыяльнага росту ВКЛ, усхваляў знешнюю палітыку Вітаўта, яго ролю ў Грунвальдскай бітве. Адчувальна антыпольская накіраванасць выкладзеных падзеяў. Заходняя суседка ВКЛ падаецца галоўным ворагам яго незалежнасці. Паколькі «Хроніка Быхаўца» стваралася ў перадлюблінскі перыяд, то аўтар высока ацэньваў ролю беларуска-літоўскай шляхты ў гісторыі краіны, выказываў заклапочанасць яе лёсам.
Агульнадзяржаўныя па сваім характары летапісы і хронікі з’яўляюцца беларуска-літоўскімі па змесце. Гэтая асаблівасць сведчыць пра агульнасць гістарычных лёсаў двух народаў.