Заданні да лекцыі 10
^ Вверх

Заданні да лекцыі 10

 

* Заданне 1. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Ці ўжываюцца ў тэксце словы з пераносным значэннем, сінонімы, амонімы і іншыя вобразна-выяўленчыя сродкі? Адказ аргументуйце.

 

Думкі ў дарозе

Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы паабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяняюцца палі, грамадзяцца горы, расцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты...

I куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку, на жывых і\ нежывых, на нашу бедную зямлю, на зямлю, прагноеную людскімі трупамі, залітую крывёю і горкімі слязьмі сіраты народа.

Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканні? Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Чаму не папаліш агнём справядлівым таго ліхога звера, што сее заразу, топча праўду і носіць няшчасце па нашай зямлі?

Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты? Высокае сонца, белыя хмаркі, як пух, плывуць і плывуць адна за адною, родзяцца, прападаюць, сплываюцца ў цёмную хмару, звісаюць над полем і лесам, блішчуць маланкамі, трасуцца громам, разліваюцца чыстымі халоднымі кроплямі і шчыра льюцца на зямлю.

Далёкае неба! Сіняе неба! Як ціха на небе ўночы! Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, як хораша свеціць над чорнаю цемрай, што густа засцілае белы свет! А далёкія зорачкі! Як добра ў ціхую ночку!

Далёкае неба! Сіняе неба! I як можа асмеліцца думка чалавека выдумаць у табе, яснае неба, пекла, агонь, што ніколі не тухне, смалу, што вечна кіпіць!

Далёкае неба! Сіняе неба! I як апаганілі людзі хараство тваё, неба, у сваіх думках!

А дарога мая чуць віднаю шэраю ніткаю ідзе ўсё далей і далей, круціцца, абвіваецца наўкруг курганоў, узбягае на горы, спускаецца ў лагчыны, прападае ў лесе пад жывою страхою высокіх хвой і ялін; трасе цялежка, падкідае па каўдобінах, усё роўна як хоча яна выкінуць мяне пасярод дарогі. Зноў пайшла раўней мая дарога, зноў вачам адкрываюцца новыя абразы свету, іншыя галасы чуе маё вуха, іншыя думкі родзяцца ў маім сэрцы.

Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

О мой родны край! Хмурна пазіраеш ты з сіняга туману, што лёг па краях палёў, дзе неба, спусціўшыся нізка, абнімаецца з беднаю зямлёю. Парэзалі цябе вузкія сялянскія дарогі, чорныя сцежкі, рэкі і азёры, лагчыны і балоты, лясы і горы. А бедныя вёскі і сёлы без усялякага парадку параскідаліся то там, то сям: па гарах, лагчынах, па беразе рэчак, сярод далёкага поля, па цёмных лясах. Распаўзліся па полі, як чэрві ў нягоду, бедныя мужыцкія хаты. Пакрывіліся яны, абвіслі стрэхі на гумнах, зялёныя купіны моху тоўстаю карою ляглі на гнілых саламяных стрэхах. Збіўся ў кучу будынак. Навалены ў кучу бярвенне, стружкі, салома. Дзе-нідзе гляне нудная вярбіна, блісне бярэзіна, выскачыць клён. Як нявесела, як непрытульна пазіраеш ты, мужыцкая вёска, сірата між людской будовы!

А поруч з убогімі будынкамі ўперліся ў неба панскія палацы, зелянеюць сады, ломяць галлё яблыкі і грушы; шырока і смела раскідаюцца дваровыя палеткі, каласуюцца багатыя панскія нівы, пасуцца сытыя коні, валы-рагалі, тысячы авец рассыпаюцца па полі...

О мой родны край! Поруч з галытваю ходзіць роскаш і багацце; разам з людскімі слязьмі мяшаюцца панскія вальсы, льюцца вясёлыя галасы песень, грыміць музыка з панскага саду; разам з мужыцкім потам цякуць дарагія віны.

Толькі нудныя песні твае, Беларусь, хапаюць за сэрца, жалобяць душу, туманяць вочы слязьмі, плачуць і стогнуць і горкаю ўпікаю, ціхаю скаргаю плывуць к далёкаму, няведамаму, сіняму, спакойнаму небу (Я. Колас).

 

* Заданне 2. Прачытайце тэкст. Назавіце тыя камунікатыўныя якасці маўлення, якія найбольш уласцівы гэтаму тэксту.

 

Пісьмо ў гісторыі развіцця чалавецтва

Гукавая мова мае сваю пісьмовую «вопратку», якая стваралася і ўдасканальвалася чалавекам на працягу многіх стагоддзяў.

Сёння цяжка ўявіць сабе чалавечую супольнасць без пісьмовай мовы. А між тым быў час, калі людзі не ўмелі пісаць. Першапачатковыя формы пісьма ўзніклі прыкладна 5 тысяч гадоў таму назад, у той час як вусная мова існуе ўжо больш за 100 тыс. гадоў. Гэта азначае, што пісьмовая мова – другасны набытак чалавека. Яна з'яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем вуснай мовы. Усе людзі размаўляюць, але велізарная колькасць людзей у свеце непісьменная. Якое б пісьмо ні прымянялася, за ім заўсёды стаіць вусная мова.

I ўсё ж пісьменнасць – адно з найвялікшых дасягненняў чалавецтва. Колькі часу спатрэбілася многім пакаленням людзей, каб асэнсаваць навакольны свет, навучыцца разумець іпадпарадкоўваць сабе сілы прыроды. Самым магутным у гэтых пошуках, адкрыццях аказалася слова, выражанае ў пісьменнасці, увасобленае ў кнізе. «Гісторыя розуму, – слушна пісаў М. Карамзін, – уяўляе 2 галоўныя эпохі: вынаходства літары і друкарства; усе іншыя былі толькі іх вынікам». Па сутнасці, уся гісторыя цывілізацыі, прагрэс чалавецтва звязаны з пісьмом, якое пераадольвае прастору і час. Дзякуючы пісьмовай мове ідэі, думкі, веды, плён чалавечай працы не паміраюць, а жывуць стагоддзямі, захоўваюцца для будучыні. I хоць сёння створаны магутныя тэхнічныя сродкі для перадачы вуснай мовы, існуюць разнастайныя сродкі гуказапісу, але звычайнае пісьмо, простае ў карыстанні, якое не патрабуе якой-небудзь апаратуры, не стварае перашкод іншым, не губляе свайго значэння. Пісьмо – настолькі важнае і зручнае вынаходства чалавека, што ў мінулым у многіх народаў свету існавала ўяуленне аб яго боскім паходжанні.

Доўгімі шляхамі ішло развіццё пісьма. Ад малюнкаў прадметаў да літар, якія ўжо не маюць нічога агульнага з прадметамі, а абазначаюць толькі гукі.

Першым этапам пісьма была піктаграфія – г. зн. пісьмо малюнкамі. Піктаграма ўяўляла сабой цэлае, не расчлянёнае на словы, паведамленне (выказванне) у малюнках.

Моўныя формы тут не раскрываюцца, мы не ведаем, як гучалі словы, якімі можна перадаць змест малюнка, якія граматычныя адзнакі яны мелі.

Піктаграфіяй карысталіся на працягу доўгага часу індзейцы Амерыкі, жыхары Афрыкі і Аўстраліі, некаторыя малыя народы Сібіры і інш. У сучасных культурах элементы піктаграфіі выкарыстоўваюцца як дадатковы, дапаможны сродак перадачы інфармацыі. Гэта, напрыклад, шыльды на крамах, майстэрнях і інш. (бутэлька, хлеб, рыба, нажніцы, бот і г. д.), дарожная сігналізацыя (напрыклад, выява дзяцей на знаку – «Асцярожна, дзеці!"), разнастайныя ўказальнікі на выстаўках, спаборніцтвах, канферэнцыях, нарадах і інш. Паступова ў піктаграфіі пачалі з'яўляцца элементы сімвалізму, г.зн. малюнкі набывалі своеасаблівае ўмоўнае значэнне, выкарыстоўваліся для перадачы асобных абстрактных паняццяў. Скажам, малюнак чарапахі набывае значэнне 'доўгае жыццё', 'шчасце', два злучаныя сэрцы – 'каханне', лук са стралой – 'вайна' і г. д. Так пачынаўся пераход да новага этапу пісьма – ідэаграфіі.

Ідэаграфія – пісьмопаняццямі. Пры такім пісьме кожны знак служыць сімвалам паняцця, якое стаіць за словам. На пачатку пры пераходзе ад піктаграфіі да ідэаграфіі выкарыстоўваліся тыя ж самыя малюнкі, але значэнне іх мянялася. Напрыклад, малюнак вока на піктаграме абазначае 'вока', а на ідэаграме мог абазначаць 'бачыць', 'пільнасць', 'нядрэмнасць', малюнак нагі – 'стаяць' або 'хадзіць', 'прынесці' і інш. Паступова колькасць знакаў павялічвалася, яны станавіліся больш спрошчанымі, умоўнымі. Знакі ідэаграфічнага пісьма ператвараліся ў іерогліфы. Іерагліфічным было старажытнае шумерскае пісьмо, егіпецкае пісьмо. У найбольш выразным выглядзе гэтае пісьмо захавалася да нашых дзён у Кітаі. Іерагліфічнае пісьмо перадае паняцце безадносна да гукавога афармлення, г.зн. не адлюстроўвае асаблівасці вымаўлення, што вельмі зручна, напрыклад, для Кітая, дзе асобныя дыялекты настолькі адрозніваюцца паміж сабой, што іх носьбіты не заўсёды разумеюць адзін аднаго пры вусных зносінах. Але разам з тым магчымасці ідэаграфіі абмежаваныя. Існуе велізарная колькасць паняццяў, пра якія можа ісці гаворка, і кожнае з іх павінна мець свой пісьмовы знак. Стварыць і запомніць столькі пісьмовых знакаў практычна немагчыма. (Сучаснае кітайскае пісьмо мае больш за 40 тысяч іерогліфаў. Каб чытаць просты тэкст, трэба ведаць 5–6 тысяч іерогліфаў, таму навучанне чытанню і пісьму ў Кітаі займае многа гадоў.)

Элементы ідэаграфіі ёсць і ў нашым пісьме. Гэта лічбы, спецыяльныя навуковыя сімвалы, дарожныя знакі.

Далейшае развіццё пісьма прывяло да ўзнікнення фанетычнага(гукавога) пісьма. Гэтае пісьмо істотна адрозніваецца ад папярэдняга: яно арыентуецца на гучанне, а не на значэнне, таму апіраецца на фанетычныя адзінкі – склад і гук (фанему).

Ранняй формай фанетычнага пісьма было складовае пісьмо. Графічныя знакі ў гэтым пісьме абазначалі склады. Першымі да такога пісьма перайшлі шумеры і егіпцяне, складовым было старажытнаіндыйскае пісьмо, эфіопскае і інш.

Складовае пісьмо падзяляецца на некалькі тыпаў – у залежнасці ад таго, што абазначаюць графічныя знакі. Так, адны складовыя сістэмы пісьма маюць асобныя знакі для галосных і знакі для спалучэння «зычны + галосны». Такім было пісьмо Старажытнай Індыі – брахмі. У сучасным індыйскім пісьме – дэванагары – большасць знакаў адпавядае спалучэнням розных зычных з галосным а (г. зн. складам 6а, па, да, та іінш.). Для абазначэння складоў з іншымі галоснымі выкарыстоўваюцца дадатковыя над- ці падрадковыя значкі. Складовы прынцып захаваўся і ў японскім пісьме. У ім 5 знакаў для галосных і 39 – для складоў.

Другім этапам развіцця фанетычнага пісьма стала літарнаепісьмо, якое фарміравалася ў канцы II – пачатку I тысячагоддзя да н.э. Вядомы два тыпы літарнага пісьма: кансанантнае, у якім абазначаюцца толькі зычныя гукі, і кансанантна-вакалічнае, дзе абазначаюцца і зычныя, і галосныя.

Стваральнікамі першай літарнай (кансанантнай) сістэмы пісьма былі фінікійцы, якія жылі на ўсходнім узбярэжжы Міжземнага мора. У сярэдзіне II тысячагоддзя да н.э. яны вынайшлі літары для зычных і размясцілі іх у строга замацаваным парадку. Інакш кажучы, яны ўпершыню стварылі алфавіт. Ён складаўся з 22 літар. У далейшым фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх іншых літарна-гукавых сістэм пісьма. Так, амаль усе ўсходнія сістэмы пісьма звязаны з фінікійскім або непасрэдна (пунічнае, старажытнаяўрэйскае), або праз арамейскае, пашыранае ў I тысячагоддзі да н.э. у Малой Азіі. 3 арамейскім звязана пісьмо сірыйскае, яўрэйскае, арабскае, персідскае, мангольскае і інш.

У IX ст. да н. э. з фінікійскім пісьмом пазнаёміліся грэкі. Грэкі крыху змянілі абрысы фінікійскіх літар і іх назвы (але захавалі парадак), змянілі напрамак пісьма: фінікійцы і народы, якія запазычылі ў іх сістэму пісьма, пісалі справа налева (так і сёння пішуць яўрэі і арабы), грэкі пачалі пісаць злева направа. Але, самае галоўнае, грэкі абазначылі літарамі яшчэ і галосныя. Так з'явілася кансанантна-вакалічнае пісьмо. Прыкладна за 850 гадоў да н.э. грэкі закончылі складанне алфавіта. У сваім класічным варыянце ён уключаў 24 літары – 17 зычных і 7 галосных. Гэта было апошняе важнае вынаходства да таго часу, пакуль не вынайшлі кнігадрукаванне.

Грэчаскае пісьмо мела некалькі тыпаў: архаічнае грэчаскае пісьмо, заходнегрэчаскае і ўсходнегрэчаскае. На аснове ўсходнегрэчаскага склалася гоцкае, армянскае, славянскае пісьмо. 3 заходнегрэчаскага пісьма вырасла этрускае, лацінскае пісьмо, якое стала асновай для сучасных англійскай, французскай, італьянскай, нямецкай і іншых сістэм пісьма народаў Заходняй Еуропы (С. Л.).