3. Суб’екты (удзельнікі) прававых адносін
Суб’ектамі прававых адносін у самым агульным плане з’яўляюцца ўсе тыя ўдзельнікі разнастайных па зместу і форме, прававых па прыродзе грамадскіх адносін, у выніку шматлікіх дзеянняў якіх фармуюцца самыя розныя прававыя стандарты і трафарэты, прававыя нормы. Да ліку суб’ектаў прававых адносін трэба аднесці таксама і тых сацыяльных суб’ектаў і іх арганізацыі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у стварэнні права, у праватворчасці і асабліва нарматворчасці. Нелагічна было б не ўключаць тых сацыяльных суб’ектаў і арганізацый, вынікам дзеянняў якіх з’яўляецца фармальна азначанае правіла паводзін – норма права, у склад удзельнікаў прававых адносін. Атрымалася б так, што прававыя нормы, пазітыўнае права ствараюць суб’екты, якія самі не ўдзельнічаюць у прававым жыцці, не ажыццяўляюць прававых дзеянняў, а таму і не могуць нічога ведаць аб праве.
Суб’ектаў (удзельнікаў) прававых адносін можна аб’яднаць у асобныя групы. Па-першае, гэта фізічныя асобы і самыя розныя іх аб’яднанні. Па-другое, гэта самыя розныя сацыяльныя аб’яднанні і іх арганізацыі. Па-трэцяе, гэта сацыяльныя супольнасці (народ, нацыя) і іх арганізацыі – дзяржава і дзяржавападобныя арганізацыі. Кожная з гэтых груп удзельнікаў прававых адносін (суб’ектаў прававых адносін), у сваю чаргу, падзяляецца на падгрупы.
Так, у склад фізічных асоб уваходзяць суб’екты нацыянальнага права, звычайна гэта грамадзяне, і суб’екты замежнага права, звычайна гэта іншаземцы, асобы без грамадзянства (апатрыды) і асобы з падвоеным грамадзянствам (біпатрыды). Фізічныя асобы ў мэтах дасягнення пэўных мэт і вырашэння сваіх задач могуць ствараць самыя розныя арганізацыі: прадпрыемствы, фірмы, установы, грамадскія аб’яднанні і г. д. Фізічныя асобы маюць адметныя прававыя ўласцівасці, з дапамогай якіх вызначаюцца іх прававыя магчымасці, аб’ём суб’ектыўных праў і юрыдычных абавязкаў. Гэта праваздольнасць, дзеездольнасць і дзеліктаздольнасць. Пад праваздольнасцю звычайна разумеецца здольнасць асобы мець правы і выконваць абавязкі. Лічыцца, што праваздольнасць асоба набывае адразу пасля нараджэння. Дзеездольнасць – гэта здольнасць асобы сваімі дзеяннямі набываць (карыстацца, ажыццяўляць) і карыстацца суб’ектнымі правамі і выконваць юрыдычныя абавязкі. Дзеліктаздольнасць фізічнай асобы – гэта здольнасць адказваць за свае ўчынкі і дзеянні, несці ўскладзеныя на асобу меры юрыдычнага ўздзеяння, меры юрыдычнай адказнасці. Праваздольнасць, дзеездольнасць, дзеліктаздольнасць у сукупнасці ствараюць такую характарыстыку фізічных суб’ектаў прававых адносін, якая называецца правасуб’ектнасцю.
Для характарыстыкі створаных фізічнымі асобамі арганізацый звычайна ўжываюць нарматыўна замацаваныя паняцці юрыдычнай асобы і кампетэнцыі. Паняцце юрыдычнай асобы адлюстроўвае пэўныя якасці, якімі павінна валодаць арганізацыя, якая ўступае ў разнастайныя грамадскія адносіны пераважна маёмаснага характару. Для таго, каб набыць якасць юрыдычнай асобы, арганізацыя павінна мець адасобленую маёмасць, свой разліковы рахунак і валодаць іншымі якасцямі. Паняцце кампетэнцыі часцей за ўсё выкарыстоўваецца для характарыстыкі арганізацый, якія ўступаюць у самыя розныя публічныя адносіны, адносіны па кіраванню, па ажыццяўленню ўлады. Кампетэнцыя ўяўляе набор магчымасцей, пераважна ўладнага характару, якімі валодае пэўная арганізацыя, а таксама сістэму абавязкаў, якія яна павінна выконваць. Часта адна і тая ж арганізацыя адначасова з’яўляецца і юрыдычнай асобай, і валодае кампетэнцыяй, але гэтыя якасці праяўляюцца ў розных па зместу і характару прававых адносінах.
У склад другой групы суб’ектаў праваадносін уваходзяць такія сацыяльныя аб’яднанні, як сям’я, працоўны калектыў, тэрытарыяльны калектыў (напрыклад, калектыў жыльцоў дома), а таксама створаныя гэтымі сацыяльнымі аб’яданнямі разнастайныя арганізацыі – прафесійныя саюзы, органы мясцовага самакіравання і г. д.
Нарэшце, у склад трэцяй групы суб’ектаў уваходзяць, па-першае, сацыяльныя аб’яднанні – нацыі, народнасці, народ, а таксама створаныя імі арганізацыі – дзяржава і дзяржавападобныя ўтварэнні. Гэтая група валодае такімі прававымі якасцямі, якія належаць ім ад Бога, напрыклад, правам нацыі на самавызначэнне, правам народа на вызначэнне свайго лёсу і стварэнне адпаведнай яго ўяўленням дзяржавы, выбарам яе формы і прававога рэжыму, формы дзяржаўна-тэрытарыяльнага ўладкавання. Дзяржава – адзіны афіцыйны прадстаўнік народа, яна валодае прававой здольнасцю ўступаць у самыя розныя міжнародныя (міждзяржаўныя) адносіны, заключаць разнастайныя пагадненні, а таксама быць самастойным суб’ектам унутрыдзяржаўных прававых адносін.
Трэба ўзгадаць і тое, што частка суб’ектаў прававых адносін, якія ўваходзяць у склад першай, другой і трэцяй груп удзельнікаў грамадскіх адносін, мае магчымасць удзельнічасць у стварэнні норм пазітыўнага права і быць такім чынам суб’ектамі асобнага віду прававых адносін – прававых адносін па стварэнню пазітыўнага права, суб’ектамі нарматворчасці.
Для характарыстыкі прававога становішча ўдзельнікаў прававых адносін, пераважна фізічных асоб, у юрыдычнай літаратуры ўжываюцца такія характарыстыкі, паняцці, катэгорыі, як прававы статус, прававы модус, прававое становішча. Пад прававым статусам удзельніка прававых адносін можна разумець увесь набор, усю сістэму прававых магчымасцей і юрыдычных абавязкаў, якія патэнцыяльна можа мець пэўная катэгорыя суб’ектаў прававых адносін – грамадзян, асоб без грамадзянства і г. д. Пад прававым становішчам можна разумець той фактычны прававы стан, у якім знаходзіцца пэўны, канкрэтны суб’ект (удзельнік) прававых адносін. Можна разважаць таксама аб агульным прававым статусе, напрыклад, фізічных асоб, і асобным прававым модусе грамадзян, асоб без грамадзян і г. д.