1. Сутнасць і азначэнне дзяржавы
^ Вверх

1. Сутнасць і азначэнне дзяржавы

 

Пад сутнасцю дзяржавы можна разумець устойлівыя ўласцівасці, адметнасці, якасці, якія заўсёды прысутнічаюць у дзяржаўна-арганізаваным грамадстве, якія характарызуюць грамадства, арганізаванае ў дзяржаву, ці грамадства, арганізаванае як дзяржава, і якія забяспечваюць тоеснасць дзяржаўна-арганізаванага грамадства самому сабе. Тоеснасць забяспечваецца сістэмай (сукупнасцю) устойлівых і нязменных якасцей. Іншымі словамі, сутнасць дзяржавы – гэта самае ўстойлівае ў дзяржаве, гэта той змест дзяржавы, які робіць дзяржаву дзяржавай і без якога дзяржава не можа існаваць.

Для высвятлення ўстойлівых якасцей, уласцівых дзяржаве, выкарыстоўваюцца розныя падыходы. Адным з іх з’яўляецца тлумачэнне зместу тэрмінаў, з дапамогай якіх абазначаецца дзяржаўна-арганізаванае грамадства. Этымалогія слова дазваляе вызначыць асобныя рысы вывучаемай з’явы. Вядома, што ў старажытных славянскіх летапісах і іншых крыніцах дзяржава (дзяржаўна-арганізаванае грамадства) абазначалася рознымі тэрмінамі: «княства», «каралеўства», «зямля», «воласць», «горад». Пры гэтым тэрмінамі «княства», «каралеўства» абазначалі пераважна характар вярхоўнай улады ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве, а тэрміны «зямля», «воласць», «горад» выкарыстоўвалі для абазначэння тэрытарыяльных межаў дзяржаўна-арганізаванага грамадства, а таксама характару сувязей паміж вярхоўнай уладай і мясцовай уладай альбо ўладай, якая існавала ў пэўнай частцы дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Пасля таго, як быў знойдзены адзіны, універсальны тэрмін для абазначэння ўсіх праяў дзяржаўна-арганізаванага грамадства – дзяржава, далейшыя пошукі сутнасці дзяржаўна-арганізаванага грамадства шляхам этымалогіі тэрміна сталі непрадуктыўнымі.

Другім з падыходаў да вызначэння сутнасці дзяржавы стаў пераважна эмпірычны шлях фармулявання найбольш адметных і ўстойлівых прымет, якія найбольш яскрава характарызавалі дзяржаўна-арганізаванае грамадства ў якасці адносна самастойнай рэальнасці. Дадзены падыход дазволіў вызначыць, што самыя ўстойлівыя прыметы дзяржавы: а) наяўнасць у грамадстве асобнай публічнай улады, якая не супадае з усім насельніцтвам; б) наяўнасць насельніцтва, ад імя якога выступае дзяржава і інтарэсы якога яна вывучае і прадстаўляе; в) наяўнасць тэрыторыі, на якой стала пражывае насельніцтва, ад імя якога дзейнічае асобная публічная ўлада і на якой асобная публічная ўлада праяўляе сваю дзейнасць.

Пасля таго, як было вызначана, што ў асобнай публічнай уладзе ў канцэнтраванай форме, як у асобнай кроплі вады, адлюстроўваюцца ўсе адметнасці і ўласцівасці дзяржаўна-арганізаванага грамадства, задача вызначэння сутнасці дзяржавы спрасцілася. Стала патрэбным вызначыць самае галоўнае і самае ўстойлівае ў асобнай публічнай уладзе, якая заўсёды прысутнічае ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве і без якой дзяржаўна-арганізаванага грамадства не існуе. Найлепшым чынам гэта можна зрабіць шляхам адказу на два шчыльна ўзаемазвязаныя пытанні: а) як і чаму ўзнікла асобная публічная ўлада (дзяржава) у жыцці грамадства; б) якое прызначэнне мае асобная публічная ўлада (дзяржава) у жыцці грамадства.

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на рознасць поглядаў сярод навукоўцаў аб прычынах і канкрэтна-гістарычных механізмах паходжання дзяржавы паміж імі, як уяўляецца, не існуе прынцыповых разыходжанняў у тым, што дзяржава ў выглядзе асобнай публічнай улады «вырасла» з патрэбаў самаго грамадства. Асобная публічная ўлада з’явілася ў грамадстве таму, што папярэдняя форма арганізацыі ўлады, якая была ўласціва першабытнаму грамадству, не магла ва ўмовах сацыяльнай неаднароднасці грамадства і існавання супярэчлівых інтарэсаў гарантаваць цэласнасць грамадства, забяспечыць неабходныя ўмовы для яго функцыянавання і самаразвіцця.

Больш складаным аказалася сфармуляваць адказ на пытанне аб прызначэнні асобнай публічнай улады ў жыцці грамадства. Справа ў тым, што гістарычны вопыт развіцця і функцыянавання асобнай публічнай улады сведчыць аб наступным: 1) дзяржава ў форме асобнай публічнай улады вельмі часта выкарыстоўвалася раней і выкарыстоўваецца сёння дзеля забеспячэння інтарэсаў нейкай часткі грамадства. Пры гэтым пад часткай грамадства разумеюць альбо пэўныя класы, касты ці нейкія іншыя групы насельніцтва; 2) асобная публічная ўлада (дзяржава) ва ўсе часы свайго існавання ў большай ці меншай ступені, але заўсёды, забяспечвала агульныя (агульнасацыяльныя) інтарэсы ўсёй супольнасці, ад імя якой яна заўжды выступала і якой яна кіруе.

Забеспячэнне, ажыццяўленне дзяржавай агульнасацыяльных інтарэсаў часта ў навуковай і навучальнай літаратуры абазначаецца ў якасці выканання дзяржавай функцыі «агульных спраў». Адначасова трэба адзначыць, што ў юрыдычнай літаратуры сустракаюцца меркаванні аб наяўнасці сярод функцый дзяржавы ў якасці самастойнай функцыі агульных спраў. Уяўляецца, аднак, што функцыя вядзення агульных спраў – гэта агульнасацыяльныя задачы, якія вырашае дзяржава ва ўсе часы свайго існавання. Праўда, склад, сістэма гэтых спраў мяняюцца, але яны заўсёды прысутнічаюць у кожнай дзяржаве. Агульныя справы прысутнічаюць у кожнай з тых самастойных унутраных і знешніх функцый, якія ўласцівы дзяржаве – у эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай, прыродарэсурсавай і г.д.

Можна прывесці дастаткова гістарычных прыкладаў і доказаў на карысць таго, што сучасная цывілізаваная дзяржава (сучасная асобная публічная ўлада) аддае перавагу агульнасацыяльным інтарэсам. Але ў той жа час нельга сцвярджаць, што для гэтай дзяржавы не існуе паняцця «вузкакласавага» інтарэса і яна не ажыццяўляе такіх мерапрыемстваў і спраў, якія б адпавядалі інтарэсам асобных груп насельніцтва. Справа тут у тым, што ніводная дзяржава не можа адмовіцца ад таго, каб праводзіць у жыццё «вузка­класавыя інтарэсы». Дзяржава з’явілася на свет таму, што яна змагла забяспечыць такія інтарэсы. «Вузкакласавы інтарэс» – гэта «рад­зімая адмеціна» дзяржавы, ад якой яна не ў стане пазбавіцца. Разам з тым, асобная публічная ўлада, якая ўзнікла ў сацыяльна неаднародным грамадстве, не магла адмовіцца ад таго, каб забяспечыць агульнасацыяльныя інтарэсы, якія ўласцівы ўсёй супольнасці. Асобная публічная ўлада змяняе ўладу першабытнага грамадства і вымушана вырашаць тыя праблемы і пытанні, якія забяспечвала ўлада першабытнага грамадства.

Такім чынам, дзяржава адначасова вымушана ажыццяўляць як агульнасацыяльныя інтарэсы, так і інтарэсы вузкакласавыя. Забеспячэнне агульнасацыяльных інтарэсаў – гэта спадчына асобнай публічнай улады, якую яна атрымала ад улады першабытнага грамадства, а вырашэнне, забеспячэнне і абарона вузкакласавых інтарэсаў – «радзімая адмеціна» асобнай публічнай улады, ад якой дзяржава ніколі не ў стане пазбавіцца. Два гэтыя віды інтарэсаў асобная публічная ўлада павінна забяспечваць і вырашаць адначасова. І, больш таго, забяспечваючы агульнасацыяльныя інтарэсы, дзяржава праводзіць, як правіла, у жыццё адначасова і вузкакласавыя інтарэсы, як, дарэчы, і наадварот. Забеспячэнне тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці дзяржавы адпавядае інтарэсам як маламаёмасных слаёў насельніцтва, так і багатых. Гэтае ж самае можна сказаць і аб дзейнасці дзяржавы па пераадоленню тэхнагенных катастроф і аварый, ахове прыроды і «ўзнаўленню» прыродных рэсурсаў. Барацьба з беднасцю, дапамога маламаёмасным слаям насельніцтва заўсёды ўмацоўваюць згоду і спрыяюць ўзаемапаразуменню ў грамадстве, служаць забеспячэнню яго адзінства і цэласнасці.

У кожнага інтарэса ёсць свае сацыяльныя носьбіты, свае «ўладальнікі». Асобная публічная ўлада можа спрыяць рэалізацыі і забеспячэнню вузкакласавых інтарэсаў да таго часу і моманту, пакуль гэта не будзе ісці на шкоду забеспячэння адзінства і цэласнасці грамадства, а, наадварот, будзе спрыяць адзінству, згодзе ў грамадстве і яго цэласнасці.

Іншая справа, калі размова ідзе аб інтарэсах самой асобнай публічнай улады і яе носьбітаў (дзяржаўных служачых, чыноўнікаў і г. д.). Прызначэнне дзяржавы, асобнай публічнай улады ў жыцці грамадства не мае на мэце забеспячэнне гэтай групы «вузкакласавых інтарэсаў». Наадварот, такія «вузкакласавыя інтарэсы» дзяржава не можа і не павінна забяспечваць, а тым больш супрацьпастаўляць іх агульнасацыяльным ці іншым відам «вузкакласавых інтарэсаў». «Вузкакласавыя інтарэсы» самой дзяржавы пры вы­значэнні яе сутнасці, яе ролі ў жыцці грамадства не павінны прымацца пад увагу. Дзяржава ў гэтых варунках разглядаецца ў якасці асобнага полюса, асобнай сілы, а грамадства – той сферы дзейнасці, адносна якой вызначаецца прызначэнне дзяржавы. Менавіта адносна агульнасацыяльных інтарэсаў і «вузкакласавых інтарэсаў», якія ўласцівы грамадству, і вызначаецца місія дзяржавы ў жыцці грамадства, а інтарэсы самой дзяржавы і тых, хто ажыццяўляе асобную публічную ўладу, застаюцца за межамі адказу на пытанне аб прызначэнні асобнай публічнай улады ў жыцці грамадства.

Спалучыўшы адказы на два вышэйакрэсленыя пытанні, атрымаем наступны адказ. Асобная публічная ўлада (дзяржава) заканамерна вырастае з патрэб і супярэчнасцей сацыяльна неаднароднага грамадства, узвышаецца над супярэчнасцямі і інтарэсамі грамадства, з’яўляецца той матэрыяльна ўвасобленай сілай, якая знаходзіцца над супярэчнасцямі грамадства. Адначасова гэтая сіла ўздзейнічае на грамадства, вырашае разнастайныя агульнасацыяльныя і вузкакласавыя патрэбы і інтарэсы грамадства. Яна гарантуе пры гэтым рэалізацыю інтарэсаў розных груп насельніцтва цыві­лізаваным шляхам і ў цывілізаваных формах і забяспечвае тым самым цэласнасць грамадства, мір і спакой у грамадстве, самаразвіццё грамадства.

Па сваёй сутнасці дзяржава (асобая публічная ўлада) з’яўляецца ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства адзіна магчымай сілай (арганізацыяй, інстытутам), якая вырастае з супярэчнасцей грамадства, знаходзіцца над імі, утрымлівае іх і гарантуе (забяспечвае) вырашэнне ў цывілізаваных формах у інтарэсах усёй супольнасці, асобных яе груп і індывідаў.

Дзяржава існуе ў трох формах, мае тры іпастасі свайго існавання.

Па-першае, дзяржаўна-арганізаванае грамадства першапачаткова фармуецца і доўгі час існуе ў форме асобнай публічнай улады, якая не супадае з інтарэсамі ўсяго насельніцтва. Наяўнасць дадзенай улады праяўляецца ў наяўнасці асобай групы людзей, якія займаюцца толькі тым, што ажыццяўляюць асобную публічную ўладу. Наяўнасць дадзенай улады не дарэмна лічыцца самай істотнай прыметай дзяржавы. Без яе дзяржава ўвогуле існаваць не можа. І не дарэмна некаторыя навукоўцы вызначаюць сутнасць дзяржавы ў якасці асобнага публічна-прававога саюза, падкрэсліваючы, што самай істотнай рысай дзяржавы з’яўляецца асобная публічная ўлада.

Па-другое, існаванне асобнай публічнай улады, якая выдзелілася з грамадства, стала асобным відам грамадска-карыснай працы і ўвасобілася ў асобнай групе прафесійных кіраўнікоў, што асэнсоўваецца ў грамадскай свядомасці як непазбежны і патрэбны для грамадства факт у форме палітычнай свядомасці. Асэнсаванне прыроды асобнай публічнай улады і яе прызначэння ў жыцці грамадства – непазбежная і заканамерная форма існавання дзяржаўнай улады.

Па-трэцяе, асобная публічная ўлада, якая ажыццяўляецца асобнай групай прафесійных кіраўнікоў і асэнсоўваецца ў якасці заканамернага і непазбежнага факта існавання грамадства ва ўмовах яго сацыяльнай неаднароднасці, арганізоўваецца і знаходзіць свае «матэрыяльнае» ўвасабленне ў сістэме органаў і ўстаноў. Дадзеная форма існавання дзяржавы сведчыць аб тым, што яна набывае цалкам завершаны выгляд, цывілізаваную форму існавання.

Самыя першасныя дзяржаўныя ўтварэнні, ці тыя дзяржаўныя ўтварэнні, якія складваюцца на рэштках разбураных дзяржаў, не выпадкова называюцца варварскімі дзяржавамі, напрыклад, варварскія каралеўствы, якія ўзніклі на рэштках Рымскай імперыі, бо на самых першасных этапах свайго існавання яны маюць толькі самую першасную форму існавання і праяўлення дзяржавы – асобны слой людзей, прафесійных кіраўнікоў, якія выконваюць асобную публічную ўладу. Можна разбурыць апарат, можна дэфармаваць палітычную свядомасць, але дзяржава як асобная сацыяльная рэчаіснасць будзе існаваць, праўда, у варварскім выглядзе. Але вось калі не існуе асобнай публічнай улады, якая ўвасабляецца ў асобнай групе людзей, не існуе і дзяржавы.

Далейшая логіка лекцыйнага курса заснавана на паслядоўным выкладанні і вывучэнні трох акрэсленых форм існавання дзяржавы. Пасля вызначэння сутнасці дзяржавы разглядаецца парадак арганізацыі асобнай публічнай улады. Гэта праблематыка разглядаецца ў тэме аб форме дзяржавы. Затым у тэме аб функцыях дзяржавы асвятляюцца праблемы функцыянавання дзяржавы і вывучаецца яе ўздзеянне на грамадства. І, нарэшце, у тэме аб апараце (механізме) дзяржавы ажыццяўляецца аналіз трэцяй формы яе існавання, яе матэрыяльнага ўвасаблення. Палітычная свядомасць і палітычная навука ў сучасных вучэбных планах і вучэбных праграмах па падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў вывучаюцца ў межах асобнай вучэбнай дысцыпліны – паліталогіі.