1. Прычыны існавання розных канцэпцый (тэорый) паходжання дзяржавы і права
Са старадаўніх часоў людзі імкнуліся адказаць на пытанне аб паходжанні дзяржавы і права. З гэтай мэтай было створана шмат разнастайных тэорый, якія па-рознаму асвятлялі працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства і яго прававой сістэмы. Адсутнасць аднастайнасці ў разуменні працэсаў паходжання дзяржавы і права абумоўлена шэрагам прычын.
Па-першае, у грамадстве з якаснай і колькаснай маёмаснай няроўнасцю складваюцца розныя сацыяльныя групы са сваімі адметнымі эканамічнымі, сацыяльнымі і палітычнымі інтарэсамі. Кожная з іх імкнецца абараніць свае інтарэсы самымі рознымі сродкамі, у тым ліку і з дапамогай навуковага, ідэалагічнага абгрунтавання ўласных інтарэсаў. Праз распрацоўку адпаведных тэорый паходжання дзяржавы і права можна надаць сваім інтарэсам агульнадзяржаўнае значэнне, паказаць іх значнасць для ўсёй супольнасці. Разнастайнасць і супярэчлівасць інтарэсаў розных сацыяльных груп абумоўлівалі распрацоўку розных, нават супрацьлеглых ідэалагічных канцэпцый і падыходаў да абгрунтавання сутнасці дзяржавы і права і прычын, якія абумовілі іх з’яўленне ў грамадстве.
Па-другое, пры стварэнні тэорый паходжання дзяржавы і права іх распрацоўшчыкі карысталіся вопытам развіцця і функцыянавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства і права ў пэўных рэгіёнах Зямлі і рабілі высновы, абагульняючы менавіта гэты «вузкарэгіянальны» вопыт. Таму створаныя пад уздзеяннем гэтага фактару асобныя канцэпцыі аб паходжанні дзяржавы і права маюць «вузкарэгіянальнае» значэнне і не могуць прэтэндаваць на раскрыццё агульных заканамернасцей паходжання дзяржавы і права.
Па-трэцяе, вядомыя зараз канцэпцыі аб паходжанні дзяржавы і права былі распрацаваны ў розныя, адрозныя адна ад другой, гістарычныя эпохі. А паколькі веды маюць уласцівасць мяняцца, то няма нічога дзіўнага ў тым, што з набыццём новых альбо дадатковых навуковых дадзеных мяняюцца погляды на адны і тыя ж сацыяльныя рэальнасці, у тым ліку і на праблему паходжання дзяржавы і права, шляхі (формы) іх узнікнення.
Па-чацвёртае, моцны ўплыў на перамену поглядаў аб дзяржаве і праве, іх генезісе і эвалюцыі аказвае метадалогія іх даследавання. Пры пераменах у метадалогіі даследавання нават адны і тыя ж гістарычныя, антрапалагічныя і этнаграфічныя звесткі і дадзеныя аб узнікненні дзяржавы і права можна выкласці ў рознай паслядоўнасці і пабудаваць такім чынам прынцыпова розныя тэорыі аб паходжанні дзяржавы і права. З пераменай у светапоглядах адбываюцца і перамены ў канцэпцыях аб паходжанні дзяржавы і права.
Па-пятае, на паходжанне дзяржавы і права ўплываюць самыя розныя фактары – біялагічныя, прыродна-кліматычныя (геаграфічныя), сацыяльна-эканамічныя і г. д. Кожны з іх мае сваю «велічыню» ўздзеяння на працэсы развіцця грамадства, дзяржавы і права. У залежнасці ад таго, якім фактарам надаецца пры распрацоўцы тэорыі большае ці меншае значэнне, атрымліваюцца і вынікі навуковага даследавання, фармуецца змест тэорыі паходжання дзяржавы і права.
Па-шостае, на змест тэорый аб паходжанні дзяржавы і права ўплывае і ацэначная пазіцыя распрацоўшчыкаў наконт ролі і значнасці дзяржавы і права ў жыцці грамадства. Калі аўтары лічаць, што вядучую ролю адыгрывае дзяржава, то адпаведна гэтаму вытлумачваецца працэс узнікнення і развіцця права. Калі ж, наадварот, першаснае значэнне адводзіцца праву, то працэсы ўзнікнення і развіцця дзяржавы разглядаюцца інакш.
Па-сёмае, часта дасягненні і высновы, якія зроблены ў адной галіне навук (натуральных ці грамадскіх), выкарыстоўваюцца пры вырашэнні «вузкаспецыяльных» праблем. Часта гэта прыносіць свой плён, асабліва пры выкарыстанні матэматычных сродкаў і метадаў у іншых натуральных навуках. Недарэмна матэматыку здаўна лічаць «царыцай усіх навук». Аднак далёка не заўсёды такія захады навукоўцаў з’яўляюцца карэктнымі, бо для кожнай навукі, якая мае свой адметны прадмет даследавання, існуюць адэкватныя гэтаму прадмету метады даследавання, дакладней, іх сістэма.
Ёсць, умоўна кажучы, тры групы тэорый, у якіх вытлумачваюцца пытанні паходжання дзяржавы і права. У склад першай уваходзяць тыя канцэпцыі, у якіх размова ідзе аб узнікненні як дзяржавы, так і права. У склад другой групы ўваходзяць тэорыі, у якіх разглядаецца пераважна паходжанне дзяржавы. І, нарэшце, трэцюю групу складаюць тэорыі аб паходжанні права, напрыклад, гістарычная школа права.