ВЫПУСКНІКІ: АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА
^ Вверх

 ВЫПУСКНІКІ: АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА 

 

Фармаванне студэнцкага складу – найважнейшая задача, якую павінна вырашаць кожная вышэйшая навучальная ўстанова. Яе значнасць для функцыянавання і развіцця класічнага ўніверсітэта, які імкнецца пастаянна самаўдасканальвацца, уздымацца на новыя прыступкі ў развіцці, вызначаецца шэрагам абставін.

Па-першае,  прафесійны адбор студэнтаў з ліку абітурыентаў шмат у чым вызначае якасць спецыялістаў, якія атрымліваюць дыплом нашай установы і затым працуюць у розных сферах, органах дзяржаўнай улады і кіравання, праваахоўных органах, пракуратуры, судзе, органах юстыцыі, адвакатуры, органах МУС, МНС, КДК і камітэта дзяржаўнай бяспекі. Толькі спалучэнне якаснага складу студэнтаў, іх скіраванасці на атрыманне прафесійных ведаў, навыкаў і ўменняў разам з апантанасцю ў працы высокакваліфікаванага корпуса прафесараў і выкладчыкаў, аб фармаванні якога ўжо ішла размова раней, забяспечваюць добры вынік іх сумеснай працы.

Па-другое, менавіта з ліку студэнтаў праз уласную магістратуру і аспірантуру ў класічным універсітэце ажыццяўляецца папаўненне прафесарска-выкладчыцкага корпуса, фармаванне адмысловых навукова-даследчых  кадраў і навукова-педагагічных школ. Імідж і значнасць класічнага ўніверсітэта ў адукацыйнай прасторы  шмат у чым вызначаюцца  здольнасцю да самаўзнаўлення ўласных навуковых і навукова-педагагічных кадраў, а таксама магчымасцямі па падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў для іншых навучальных устаноў. Такім чынам, якасны набор студэнтаў дазваляе паслядоўна папаўняць уласныя навукова-педагагічныя кадры і  актыўна “ўплываць” на працэсы, якія адбываюцца на адукацыйным полі краіны і за яе межамі.  

Вядома, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з’яўляецца вядучым рэгіянальным універсітэтам нашай краіны. Важным паказчыкам, які характарызуе навучальную ўстанову, вызначае яе імідж і месца ў адукацыйнай прасторы, з’яўляецца “рэгіянальны зрэз” патокаў абітурыентаў. У 2010 годзе сярэдні па ўніверсітэту паказчык абітурыентаў, якія паступалі з іншых рэгіёнаў краіны, склаў каля 15 працэнтаў, а прыкладна палову ад гэтай лічбы складаюць абітурыенты, якія з’яўляюцца жыхарамі суседняй Брэсцкай вобласці. Прыкладна так  выглядае “рэгіянальны зрэз” тых абітурыентаў, якія былі залічаны ў склад студэнтаў нашага ўніверсітэта.

У той жа  час паказчык па юрыдычнаму факультэту выглядае інакш.  Аналіз кантынгенту студэнтаў, якія былі залічаны на  дзённае і завочнае аддзяленні  юрыдычнага факультэта, паказаў, што больш за 24 (дваццаць чатыры) працэнты студэнтаў да паступлення на юрыдычны факультэт стала пражывалі ў іншых рэгіёнах нашай краіны. Прычым гэтая лічба амаль аднолькавая як для студэнтаў дзённай (24,12 працэнтаў), так і завочнай формаў навучання (24,39 працэнтаў). Разам з тым працэнт студэнтаў з іншых рэгіёнаў краіны, якія паступілі на  дзённую і завочную формы навучання за кошт бюджэтных сродкаў крыху пераўзыходзіць прыведзеныя лічбы. Так, з 30 студэнтаў, якія былі залічаны на дзённае аддзяленне для навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, 22 студэнты паходзяць з горада Гродна (12 студэнтаў) і Гродзенскай вобласці (10 студэнтаў), а з іншых рэгіёнаў Беларусі было залічана 8 студэнтаў.  Цікава, што як  у выпадку з паказчыкамі па ўніверсітэту, так і па юрыдычнаму факультэту ў прыватнасці, прыкладна палову ад агульнай колькасці студэнтаў, якія паходзяць з іншых рэгіёнаў нашай краіны, складаюць студэнты з Брэсцкай вобласці. Другім па значнасці рэгіёнам, адкуль паходзяць студэнты юрыдычнага факультэта, з’яўляецца Гомельская вобласць. А ўвогуле ў лік студэнтаў першага курса юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы былі залічаны студэнты з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. 

Зусім іншым быў “рэгіянальны зрэз” абітурыентаў юрыдычнага факультэта ў 1978 годзе, калі быў ажыццёўлены першы набор студэнтаў на спецыяльнасць “Правазнаўства”. Практычна ўсе абітурыенты, якія затым сталі студэнтамі нашай навучальнай установы, былі мясцовымі, г. зн. паходзілі з горада Гродна і Гродзенскай вобласці. З цягам часу можна будзе правесці спецыяльнае даследаванне і выявіць дынаміку  “рэгіянальнага зрэзу” абітурыентаў нашага факультэта, прасачыць  развіццё якасных і колькасных параметраў патокаў абітурыентаў, зрабіць адмысловыя высновы і пабудаваць стратэгію актыўнага ўздзеяння  на асяроддзе абітурыентаў. Але ўжо сёння можна адзначыць, што аўтарытэт юрыдычнага факультэта ўзвышаўся пастаянна, аб ім ішла добрая слава і  разам з тым стабільна павялічваўся паток абітурыентаў з іншых абласцей Беларускай ССР і іншых саюзных рэспублік.  Той “рэгіянальны зрэз” абітурыентаў і студэнтаў, які мы маем сёння, з’яўляецца лагічным вынікам шматгадовай і плённай працы па падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў трох пакаленняў прафесарска-выкладчыцкагакорпуса юрыдычнага факультэта, граматнай і навукова абгрунтаванай стратэгіі развіцця ўніверсітэта, шматграннай дзейнасці па прафесійнай арыентацыі моладзі.        

Спякотным летам 2010 года аўтару дадзенага даведніка давялося ўдзельнічаць у працы прыёмнай камісіі ў якасці дэкана юрыдычнага факультэта і прымаць дакументы ад абітурыентаў, якія жадалі набыць прафесію юрыста менавіта на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Падчас гутаркі з абітурыентамі і іх бацькамі заўсёды выяўляюцца мытывы і прычыны выбару навучальнай установы і канкрэтнага факультэта.

Высветлілася, што бацькі і абітурыенты з самых розных крыніц атрымліваюць інфармацыю аб юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яны ведаюць,  што тут  студэнты маюць магчымасць набыць якасную адукацыю, якая дазваляе ў далейшым зрабіць належную прафесійную кар’еру. Цікава і тое, што бацькі, якія раней навучаліся на нашым факультэце і на іншых факультэтах нашага ўніверсітэта, упэўнена рэкамендавалі сваім дзецям наш юрыдычны факультэт і наш універсітэт у якасці найлепшай навучальнай установы, безварыянтна арыентавалі іх на тое, каб набываць прафесію юрыста менавіта на нашым факультэце. Абсалютную большасць тых абітурыентаў і іх бацькоў, якія паступалі на юрыдычны факультэт у мэтах набыцця прафесіі на платнай аснове, не засмучаў нават той факт, што аплата за навучанне на нашым юрыдычным факультэце ў параўнанні з іншымі навучальнымі ўстановамі не самая малая. Прыведзеныя вышэй лічбы аб патоках студэнтаў з іншых рэгіёнаў нашай краіны, якія навучаюцца на платнай аснове, як уяўляецца, яскрава пацвярджаюць дадзеную выснову.Калі да сказанагададаць,што конкурс абітурыентаў на спецыяльнасці “Правазнаўства” і “Эканамічнае права” ў 2010 годзе быў самым вялікім сярод усіх спецыяльнасцяў, па якіх ажыццяўляўся набор студэнтаў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, і склаў прыкладна 6 (шэсць) чалавек на месца, то становіцца зразумелым, што юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не толькі адпавядае статусу вядучай рэгіянальнай установы, але, уяўляецца, пераўзыходзіць яго.             

Вядома, што конкурс на спецыяльнасць “Правазнаўства” заўсёды  быў стабільна высокім, бо прафесія юрыста ва ўсе часы цікавіла моладзь. Не з’яўляецца выключэннем з дадзенага правіла і юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, на які з моманту яго заснавання быў  стабільна вялікі конкурс, а дыплом юрыста, які выдадзены нашай навучальнай установай, яшчэ з савецкіх часоў карыстаецца вялікім попытам і павагай. Пачатак 1990-х гадоў характарызуецца тым, што  цікавасць да спецыяльнасці “Правазнаўства” ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь стала яшчэ больш моцнай, чым гэта было ва ўмовах існавання Савецкага Саюза. Прыняцце Канстытуцыі самастойнай беларускай дзяржавы 1994 года, у якой была нарматыўна замацавана мэта пабудовы прававой дэмакратычнай і сацыяльнай дзяржавы, выклікала ў грамадстве асаблівую цікавасць да дзяржаўна-прававых ведаў і да прафесіі юрыста.

Развал адміністрацыйна-каманднай сістэмы, планавай народнай гаспадаркі, бурнае развіццё рыначных, таварна-грашовых адносінаў, якія заўсёды рэгуляваліся нормамі права, наўпрост абумоўлівалі неабходнасць ведання права, механізмаў прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў. Тым больш, што і само “новае” права, права, якое адпавядала сутнасці і зместу эквівалентных па сваёй прыродзе таварна-грашовых адносінаў, узнікала і фармавалася “на вачах” удзельнікаў гэтых новых грамадскіх адносінаў. У грамадстве ў такіх варунках не магло не існаваць павышанай цікавасці да права, своеасаблівага “бума” на юрыдычную прафесію.

Патрэба ў спецыялістах-юрыстах значна вырасла, але магчымасцяў двух юрыдычных факультэтаў, якія існавалі ў Рэспубліцы Беларусь яшчэ з савецкіх часоў – юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і  юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта,  у справе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў-юрыстаў было ўжо недастаткова, каб задаволіць патрэбы дзяржавы.

Выйсце было знойдзена, па-першае, у тым, што ў краіне былі створаны юрыдычныя факультэты і ў іншых буйных дзяржаўных навучальных установах, па-другое, у тым, што ў шэрагу дзяржаўных навучальных устаноў, якія раней не рыхтавалі спецыялістаў-юрыстаў, было дазволена праводзіць набор на спецыяльнасць “Правазнаўства”, і нарэшце, па-трэцяе,  у тым, што сталі стварацца камерцыйныя, прыватныя па свайму характару навучальныя ўстановы, якія атрымлівалі ліцэнзіі на падрыхтоўку спецыялістаў-юрыстаў.  Прыкладам першага шляху, напрыклад, з’яўляецца стварэнне юрыдычнага факультэта ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, другога – адкрыццё факультэта права ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і прыкладам трэцяга – заснаванне Беларускага недзяржаўнага інстытута правазнаўства.

Зразумела, што ў тых навучальных установах, якія ўжо рыхтавалі спецыялістаў-юрыстаў, быў, па-першае, пашыраны набор студэнтаў на спецыяльнасць “Правазнаўства” для навучання за кошт бюджэтных сродкаў, а па-другое,  было дазволена праводзіць набор студэнтаў, якія навучаліся на гаспадарча-разліковых пачатках. Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы можа ганарыцца тым, што яшчэ ў савецкія часы тут была распачата падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў на гаспадарча-разліковых пачатках.  У 1989 годзе быў ажыццёўлены першы набор абітурыентаў у мэтах атрымання другой вышэйшай юрыдычнай адукацыі.  Па сутнасці, яны былі першымі ў краіне студэнтамі і сталі затым першымі выпускнікамі, якія атрымалі вышэйшую ўніверсітэцкую юрыдычную адукацыю па гаспадарча-разліковай форме.

Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўжо ў  1990-я гады выдатна зарэкамендаваў сябе на адукацыйнай прасторы нашай краіны. Найперш на факультэце была створана  адмысловая навучальная і матэрыяльна-тэхнічная база, тут працавалі высокакваліфікаваныя прафесарска-выкладчыцкія кадры, вынікі іх навукова-даследчай працы публікаваліся ў самых знакамітых  айчынных і замежных выданнях.  Дыпломы спецыялістаў-юрыстаў нашай навучальнай установы ў гэты час атрымалі каля тысячы студэнтаў, якія выдатна зарэкамендавалі сябе на практыцы. Зразумела, што ў гэтых умовах на “камерцыйны паток” для атрымання дыплома юрыста нашай установы быў вялікі попыт.

Разам з тым пачатак падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў на ўмовах аплаты спалучаўся з шэрагам арганізацыйна-прававых праблем і перашкод. Для іх вырашэння ў пачатку 1990-х гадоў у нашай навучальнай установе быў створаны гуманітарны факультэт, на які залічваліся ўсе студэнты, што навучаліся ва ўніверсітэце за плату. Яны, як правіла, наведвалі заняткі тых жа самых выкладчыкаў, што і студэнты, якія навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў, але ў арганізацыйна-прававых  адносінах  мелі крыху іншы прававы статус.

Кіраўніцтва гуманітарнага факультэта прадпрымала спробы перавесці на дадзены факультэт студэнтаў, якія навучаліся па спецыяльнасці  “Правазнаўства” з мэтай атрымання другой вышэйшай адукацыі. Але спробы  закончыліся правалам найперш таму, што студэнты дадзенай формы навучання не пажадалі парываць арганізацыйна-прававых  сувязяў з юрыдычным факультэтам. Спіс абсалютна ўсіх выпускнікоў дадзенай формы навучання ў даведніку прыведзены, таму што такая форма падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў была распачата менавіта на юрыдычным факультэце, дзе ажыццяўляецца і зараз.

Няхай чытача не засмучае той факт, што ў агульным спісе і адпаведных табліцах выпускнікоў, якія атрымлівалі юрыдычную адукацыю па другой вышэйшай адукацыі, за 1999 і 2007 гг. адсутнічаюць лічбы аб выпускніках дадзенай формы навучання. Тлумачыцца гэта зменамі ў тэрмінах падрыхтоўкі спецыялістаў па другой вышэйшай адукацыі. Дадзеная абставіна прыводзіла да таго, што ў адзін і той жа год заканчвалі навучанне выпускнікі, якія навучаліся чатыры і  пяць гадоў адпаведна. Нагадаем, што студэнты, якія навучаюцца па другой вышэйшай адукацыі, адразу залічваюцца на другі курс пры ўмове ліквідацыі розніцы ў навучальных планах.          

У дадзеным даведніку не прыводзяцца звесткі аб студэнтах, якія навучаліся на гуманітарным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, паспяхова скончылі яго і атрымалі дыпломы юрыстаў. Магчыма, гэта пакрыўдзіць выпускнікоў гуманітарнага факультэта, але дадзены даведнік прысвечаны гісторыі развіцця менавіта юрыдычнага факультэта, а не іншых структурных адзінак універсітэта.

Трэба адзначыць, што гуманітарны факультэт ствараўся ў нашай навучальнай установе двойчы.  “Другая хваля” студэнтаў-юрыстаў гуманітарнага факультэта з’явілася ў нашым універсітэце ў пачатку ХХI  стагоддзя, пасля таго, як  спыніў сваё  існаванне шэраг  прыватных вышэйшых навучальных  устаноў, такіх як Камерцыйны універсітэт кіравання (Гродзенскі філіял) і Інстытут сучасных ведаў (Гродзенскі філіял). У адрозненне ад “першай хвалі” студэнтаў гуманітарнага факультэта, якія навучаліся па аднолькавых са студэнтамі-бюджэтнікамі   навучальных і рабочых планах, падрыхтоўка новага патокустудэнтаў-юрыстаў гуманітарнага факультэта  адбывалася ў адпаведнасці з навучальнымі планамі тых камерцыйных навучальных устаноў, якія  ўжо спынілі сваё існаванне. Звесткі аб студэнтах, якія атрымалі дыпломы юрыстаў пасля заканчэння дадзенага гуманітарнага факультэта, у даведніку таксама не прыводзяцца.

Зразумела, што навучальны працэс не можа заставацца нязменным. З развіццём грамадскіх адносінаў, з пераменамі ў патрабаваннях, якія зыходзяць з боку практыкі, змяняецца змест адукацыі і адбываюцца перамены ў арганізацыі навучальнага працэсу. Калі за падставу выдзялення асобных этапаў у падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў узяць развіццё форм падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама падрыхтоўку спецыялістаў па асобных спецыяльнасцях, то можна ўмоўна выдзеліць некалькі этапаў у падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Першы этап (1978 – 1991 гг.) характарызуецца найперш тым, што падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў вядзецца на дзённым, а з 1979 г. – і на завочным аддзяленні факультэта. Зразумела, што падрыхтоўка юрыстаў ажыццяўлялася на падставе дзеючага на той час заканадаўства Савецкага Саюза, а таксама адпаведнай навучальнай літаратуры і па адпаведных таму часу навучальных планах і праграмах.

Колькасць выпускнікоў  на дадзеным этапе вагаецца  ў сярэднім у межах 100 спецыялістаў у год.  Адметнасць гэтага перыяду ў тым, што падрыхтоўка вялася толькі па спецыяльнасці “Правазнаўства” і да 1989 года толькі на двух “класічных патоках” – дзённым і завочным. Навучанне ажыццяўлялася выключна за кошт бюджэтных сродкаў. Тэрмін навучання на дзённым аддзяленні складаў пяць гадоў,  на завочным – шэсць.

У гэты перыяд была распачата  падрыхтоўка спецыялістаў па новай форме навучання – па другой вышэйшай адукацыі. Першы набор такіх студэнтаў у  Рэспубліцы Беларусь, як ужо адзначалася,  быў ажыццёўлены ў 1989 годзе менавіта на нашым факультэце. Першыя студэнты дадзенай формы навучаліся па асобных, можна сказаць эксперыментальных навучальных планах, бо раней такой формы навучання студэнтаў-юрыстаў не існавала, не было адпаведных навучальных планаў і праграм. Разам з тым неабходнасць менавіта ў такой форме атрымання юрыдычнай адукацыі існавала. Справа тут вось у чым. Калі, напрыклад,  перад чалавекам, які ўжо меў адну вышэйшую адукацыю, паўставала неабходнасць у атрыманні вышэйшай юрыдычнай адукацыі, то ён павінен быў атрымліваць яе на агульных пачатках, г. зн. навучацца на адным патоку са студэнтамі, якія мелі сярэднюю альбо сярэднюю спецыяльную адукацыю. Зразумела, што такое становішча было не надта зручным для асоб, якія ўжо мелі вышэйшую адукацыю і звычайна працавалі на адказных пасадах у органах дзяржаўнай улады, у праваахоўных органах, на кіруючых пасадах у розных сферах народнай гаспадаркі і г. д. У асноўным гэта былі перашкоды ўзроставага, арганізацыйнага і  псіхалагічнага характару.

Але ўзнікалі пры гэтым і вельмі важныя матэрыяльна-фінансавыя пытанні. Напрыклад, чалавек мог атрымліваць за кошт бюджэтных сродкаў не адну вышэйшую адукацыю, у той час як іншыя грамадзяне такой магчымасці не мелі і не маглі атрымаць нават і адной вышэйшай адукацыі. Таму лагічным з’яўляецца становішча, калі адну вышэйшую адукацыю кожны грамадзянін мае права і магчымасць набыць за кошт сродкаў бюджэту, а ўсе астатнія спецыяльнасці набывае за ўласныя сродкі. Такая практыка  трывала ўсталявалася сёння. Але напрыканцы 1980-х гадоў ні практыкі ў падрыхтоўцы спецыялістаў на новай форме атрымання вышэйшай адукацыі, ні адпаведнай нарматыўнай базы яшчэ не існавала.

На першым этапе было падрыхтавана  каля  тысячыспецыялістаў-юрыстаў.

Другі этап (1991 – 2000 гг.) у падрыхтоўцы юрыстаў характарызуецца найперш тым, што наш факультэт менавіта з 1991 года можа фактычна весці адлік  у падрыхтоўцы юрыстаў для патрэбаў новай суверэннай краіны, хаця самы першы набор ва ўмовах, калі Рэспубліка Беларусь атрымала дзяржаўны суверэнітэт і стала незалежнай краінай, быў здзейснены  толькі ў 1992 годзе. У гэтых адносінах працэс падрыхтоўкі юрыстаў у нашым універсітэце ўмоўна можна падзяліць на два перыяды  – “савецкі”, калі юрыдычны факультэт рыхтаваў кадры для савецкай прававой сістэмы,  і  “незалежны” перыяд, калі на юрыдычным факультэце пачалі падрыхтоўку кадраў для патрэбаў незалежнай краіны і  якасна новай прававой сістэмы. 

Такім чынам, другі этап у падрыхтоўцы спецыялістаў у сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю развіцця юрыдычнай адукацыі на Гродзеншчыне таму, што адкрывае якасна новую старонку ў падрыхтоўцы юрыстаў у нашай вну.  Пагадзімся з тым, што роля і значнасць нашага факультэта ў справе падрыхтоўкі юрыстаў для патрэбаў вялізнай дзяржавы была не надта вялікай, а спецыялісты, якіх рыхтаваў наш факультэт, у асноўным размяркоўваліся на працу ў межах Беларускай ССР. 

Зусім інакш выглядае роля юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь. Наш факультэт уяўляе вельмі істотную адзінку на юрыдычнай адукацыйнай прасторы, на рынку адукацыйных паслуг і навукова-даследчым полі. Калі ва ўмовах Савецкага Саюза на юрыдычным факультэце было падрыхтавана, як ужо адзначалася, каля тысячы спецыялістаў, то ва ўмовах, калі Рэспубліка Беларусь набыла незалежнасць, юрыдычны факультэт пераўтварыўся ў адну з асноўных  “кузняў” юрыдычных кадраў і падрыхтаваў спецыялістаў для патрэбаў прававой сістэмы нашай краіны прыкладна ў пяць разоў больш. 

Адметнасцю другога этапу падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў у нашым універсітэце з’яўляецца і тое, што да выпуску спецыялістаў па “класічных патоках” дзённага і завочнага аддзяленняў далучыліся выпускнікі з дыпломамі юрыстаў з другой вышэйшай адукацыяй, першы выпуск якіх быў ажыццёўлены ў 1994 годзе. На жаль, гэты важны крок у развіцці навучальнага працэсу на нашым факультэце не быў належным чынам аформлены. Адносна ўсіх студэнтаў завочнага аддзялення, якія скончылі наш факультэт, быў выдадзены агульны загад № 73-ок “С” ад 28.06.1994 г. аб заканчэнні ўніверсітэта і прысваенні кваліфікацыі “юрыст”. Ён прыведзены ў даведніку цалкам, але прозвішчы студэнтаў, якія навучаліся па другой вышэйшай адукацыі, выдзелены курсівам.

На гэтым этапе значна павялічыліся  выпускі спецыялістаў-юрыстаў, набор якіх быў ажыццёўлены ў гады, якія былі не самымі спрыяльнымі для дзяржавы ў фінансава-эканамічных адносінах. Цікава, што самыя вялікія наборы студэнтаў на дзённае і завочнае аддзяленні на бюджэтны паток прыпадаюць  менавіта на 1989 – 1991 гг. Прычым адбылося павелічэнне набору студэнтаў на бюджэтны паток як на дзённае, так і завочнае аддзяленні.  Аб гэтым адназначна сведчаць выпускі спецыялістаў-юрыстаў, якія былі ажыццёўлены за кошт бюджэтных сродкаў з  1994 па 1996 г.  Колькасць выпускнікоў-бюджэтнікаў у гэтыя гады з’яўляецца самай вялікай за ўсю гісторыю нашага факультэта. Штогод, як бачна з адпаведных табліц, выпускалася каля дзвюх соцен спецыялістаў. Ці не з’яўляецца гэта яшчэ адным доказам таго, што нават у часы, якія не з’яўляюцца спрыяльнымі для эканамічнай і палітычнай сістэмы грамадства, попыт на прафесію юрыста, тым не менш, з’яўляецца ўстойлівым?

На другім этапе падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў  быў распачаты набор студэнтаў на дзённае і завочнае аддзяленні на платнай аснове для атрымання першай вышэйшай адукацыі. Першы набор такіх студэнтаў быў ажыццёўлены ў 1992 годзе, таксама ва ўмовах суверэннай Рэспублікі Беларусь, а іх выпускі  здзейснены ў 1997 і 1998 гг. (адпаведна на дзённым і завочным аддзяленнях).

На гэтым этапе колькасць выпускнікоў у параўнанні з папярэднім штогод узрастае і ў  параўнанні з ім павялічваецца  па меншай меры ў два-два з паловай раза. Зразумела, што на гэты этап прыпадаюць і самыя вялікія па колькасці выпускі. Так, у 1998 годзе было выпушчана адразу 430  спецыялістаў-юрыстаў. Большага выпуску дыпламаваных юрыстаў у адзін год за час існавання нашага факультэта не было. Дарэчы, менавіта ў гэтым годзе  юрыдычны факультэт адзначаў 20 гадоў з моманту заснавання. Усяго  за другі этап у развіцці падрыхтоўкі спецыялістаў дыпломы юрыстаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы атрымалі больш за дзве тысячы спецыялістаў.

На дадзеным этапе развіцця падрыхтоўкі спецыялістаў прадпрымаліся спробы паменьшыць тэрміны падрыхтоўкі спецыялістаў – юрыстаў на дзённым аддзяленні да чатырох, а на завочным аддзяленні – да пяці гадоў. Першыя наборы студэнтаў у гэтым кірунку былі здзейснены ў 1994 годзе, а іх выпускі ажыццёўлены ў 1998 т 1999 гг. адпаведна на дзённым і завочным аддзяленнях. Практыка, аднак, абвергла мэтазгоднасць развііцця юрыдычнай адукацыі па шляху скарачэння тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў – юрыстаў і больш аналагічных набораў студэнтаў на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы не было.

Трэці этап  (2001 – 2004 гг.) у падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў  адметны тым, што ўзнікае новая форма падрыхтоўкі па скарочанаму навучальнаму плану (2002 г.), ці іншымі словамі, са скарочаным тэрмінам навучання.

На навучанне па скарочанай форме сталі залічваць спецыялістаў з сярэдняй юрыдычнай адукацыяй, г. зн.  абітурыентаў, якія скончылі сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы нашай краіны і атрымалі сярэднюю спецыяльную юрыдычную адукацыю. Паколькі дадзеныя спецыялісты  заканчвалі сярэднія спецыяльныя ўстановы, якія размешчаны на тэрыторыі ўсёй краіны, то, зразумела, што “геаграфія абітурыентаў” юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы значна пашырылася. У гэтым бачыцца значны плюс. Пашырэнне “геаграфіі абітурыентаў” для кожнай навучальнай установы з’яўляецца доказам росту яе аўтарытэту, значна ўздымае імідж дыпломаў спецыялістаў, якія пакідаюць яе сцены і атрымліваюць тут належную кваліфікацыю.  

Акрамя гэтага, абсалютная большасць студэнтаў, якія навучаліся і навучаюцца па дадзенай форме, атрымліваюць вышэйшую адукацыю на гаспадарча-разліковых пачатках, г. зн. за плату. Гэта азначае, што даходнасць навучальнай установы ад аказання адукацыйных паслуг значна ўзрастае. Універсітэт і факультэт за кошт атрыманых сродкаў маюць дадатковыя магчымасці ўдасканальваць і развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу навучальнага працэсу і навукова-даследчай дзейнасці, абсталёўваць аўдыторыі, навуковыя і навучальныя  лабараторыі якасна новымі прыборамі і прыладамі.         

Колькасць выпускнікоў на дадзеным этапе з’яўляецца стабільна высокай. Можна  падкрэсліць той факт, што ў 2001, 2002 і 2003 гг. выпуск спецыялістаў-юрыстаў штогод  пераўзыходзіў  300 чалавек. Зразумела, што за зусім кароткі тэрмін, толькі за чатыры гады (выпускі), было падрыхтавана амальпаўтары тысячыспецыялістаў-юрыстаў. Можна параўнаць прыведзеныя лічбы з дадзенымі аб падрыхтоўцы спецыялістаў на першым этапе, калі ў выніку дзевяці выпускаў было падрыхтаванакалятысячы спецыялістаў.

Заканамернай будзе наступная выснова:  інтэнсіўнасці ў падрыхтоўцы спецыялістаў, якая адзначана на дадзеным (трэцім) этапе, не было за ўвесь перыяд гісторыі развіцця  юрыдычнага факультэта. Менавіта ў гэты перыяд стабільна высокімі былі выпускі спецыялістаў, якія навучаліся на дзённым аддзяленні (больш за 130 спецыялістаў штогод), “звычайным” завочным  (больш за 130 спецыялістаў штогод).

У 2003 годзе, калі факультэт адзначаў 25-годдзе з часу стварэння, было адначасова выпушчана 350 спецыялістаў-юрыстаў.

Чацвёрты этап (2004 – 2010 гг.) у развіцці падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў характарызуецца найперш тым, што распачынае якасна новы перыяд уразвіцці юрыдычнай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, аб чым размова пойдзе далей. Пачатак гэтага этапу і, адпаведна, новага перыяду можна звязваць з наборам студэнтаў на спецыяльнасць “Эканамічнае права”, які быў здзейснены летам  2004 года.

Сёння ні адзін з юрыдычных факультэтаў дзяржаўных універсітэтаў Рэспублікі Беларусь, акрамя, зразумела, юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, не праводзіць падрыхтоўку спецыялістаў-юрыстаў больш чым па адной спецыяльнасці   – “Правазнаўства”. На нашым  жа факультэце пачынаючы з 2004 года вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў  па дзвюх спецыяльнасцях – “Правазнаўства” і “ Эканамічнае права” з атрыманнем кваліфікацый “юрыст” і “юрыст з веданнем эканомікі”.

Першы выпуск спецыялістаў-юрыстаў з  кваліфікацыяй  “юрыст з веданнем эканомікі” быў здзейснены ў 2009 годзе. Дыпломы з такой кваліфікацыяй атрымалі  27 (дваццаць сем) чалавек, якія скончылі дзённае аддзяленне нашага факультэта. Два студэнты атрымалі дыплом з адзнакай. На гэтым этапе ў 2006 годзе быў здзейснены і першы выпуск спецыялістаў, якія навучаліся па скарочанай форме навучання, у колькасці 72 (сямідзесяці двух) спецыялістаў.

На чацвёртым этапе падрыхтоўкі спецыялістаў на нашым факультэце выпуск спецыялістаў-юрыстаў з’яўляецца стабільна высокім, але разам з тым назіраецца зніжэнне іх колькасці ў параўнанні з папярэднім этапам. Самы вялікі выпуск спецыялістаў у гэты перыяд прыпадае на 2008 год, калі адзначалася 30-годдзе з дня заснавання факультэта. У гэтым годзе дыплом выпускніка атрымалі 305 спецыялістаў. Параўнаем дадзеную лічбу з 1998 годам, калі адначасова было выпушчана 430 спецыялістаў, і адзначым устоўлівую тэндэнцыю да зніжэння колькасці выпускнікоў, нягледзячы на тое, што з 2002 года, як вядома,  вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па скарочанай форме, а з 2004 года была распачата падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў па новай спецыяльнасці “Эканамічнае права”.

Працэс падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў на нашым факультэце можа быць разгледжаны і крыху пад іншым вуглом, і яго гісторыя  можа быць падзелена на іншыя этапы (перыяды) у залежнасці ад развіцця спецыяльнасцяў і спецыялізацый. У гэтых варунках першы перыяд у  развіцці форм падрыхтоўкі спецыялістаў на юрыдычным факультэце пачынаецца ў 1978 годзе і працягваецца па 2003/2004 навучальны год. Падрыхтоўка спецыялістаў на дадзеным этапе вядзецца толькі па адной спецыяльнасці “Правазнаўства” і па трох спецыялізацыях.

Для дадзенага перыяду характэрна, што падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў ажыццяўлялася экстэнсіўным шляхам, калі без істотных пераменаў у навучальных планах павялічваліся наборы студэнтаў на юрыдычны факультэт для навучання па новых формах: спачатку – для атрымання другой вышэйшай адукацыі, а затым і першай вышэйшай адукацыі на падставе сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыі, г. зн. па скарочанай форме навучання. Але ўсё ж для экстэнсіўнага шляху найбольш  характэрна тое, што ён арганічна спалучаны са значным павелічэннем колькасці студэнтаў, якія атрымліваюць юрыдычную адукацыю на платнай аснове.

Пік у падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў на дадзеным этапе адзначаецца ў 1994 – 2004 гг. Пасля 2004 года назіраецца змяншэнне колькасці выпускаемых спецыялістаў-юрыстаў. Гэта было абумоўлена, па-першае, тым, што пачынаючы з 2000 года заканамерна пайшоў на спад выпуск спецыялістаў, якія атрымліваюць  юрыдычную адукацыю ў якасці другой вышэйшай адукацыі, а, па-другое, тым, што з 2006 года рэзка скараціўся выпуск спецыялістаў-юрыстаў па дзённай і “звычайнай” завочнай форме навучання. Выпуск спецыялістаў па скарочанай форме навучання, першы выпуск якіх быў ажыццёўлены ў 2006 годзе, часткова кампенсаваў страты ў колькасці выпускаемых спецыялістаў па дзённай і завочнай формах навучання, але поўнасцю не кампенсаваў скарачэння колькасці выпускнікоў.

Экстэнсіўны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў характарызуецца надзвычай вялікай інтэнсіўнасцю навучальнай і навукова-даследчай працы прафесарска-выкладчыцкага корпуса. Здаецца, не выпадкова менавіта на пік у падрыхтоўцы колькасці спецыялістаў на нашым факультэце  прыпадае і псіхалагічная няўстойлівасць у калектыве. У гэтыя гады павялічваецца колькасць канфліктаў сярод прафесарска-выкладчыцкага складу. Як вядома, інтэнсіўная праца прыводзіць да маральнай, інтэлектуальнай і фізічнай стомленасці. У калектывенакопліваецца негатыўная энергія.  Як часта здараецца, яе выкіды  прыводзяць да зменаў у кіраўніцтве калектывам. За перыяд з 1996 па 2004 г. было зменена пяць дэканаў факультэта. І гэта – толькі за восемгадоў.  Напрыклад, за перыяд з 1978 па 1996 г., г. зн. за васемнаццаць гадоў, змянілася толькі чатыры дэканы.          

Наступны, якасна новы этап у падрыхтоўцы спецыялістаў на нашым факультэце ўмоўна можна назваць інтэнсіўным шляхам, а яго пачаткам можна лічыць, як ужо адзначалася,  першы набор студэнтаў на спецыяльнасць “Эканамічнае права”. Гэты этап спалучаны таксама з развіццём і павелічэннем колькасці спецыялізацый у межах дзвюх спецыяльнасцяў.  

Інтэнсіўны шлях у падрыхтоўцы спецыялістаў стаў  заканамерным этапам у развіцці юрыдычнай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Справа найперш у тым, што экстэнсіўны шлях у ХХI стагоддзі вычарпаў сябе. Юрыдычная практыка запатрабавала пашырэння ведаў юрыстаў у розных сферах грамадства, а гэта немагчыма зрабіць, калі падрыхтоўку спецыялістаў-юрыстаў  абмяжоўваць толькі адной, хаця і “класічнай” спецыяльнасцю “Правазнаўства”. Важна падкрэсліць і тое, што экстэнсіўны шлях у падрыхтоўцы спецыялістаў з’яўляецца значнай  перашкодай  у развіцці прафесарска-выкладчыцкага складу, бо “кансервуе” іх разуменне навучальнага працэсу і не садзейнічае самаўдасканаленню, не спрыяе прафесійнаму росту.  У выніку факультэт і ўніверсітэт губляюць дынамізм у развіцці і рыхтуюць спецыялістаў, якія не ў поўнай меры адпавядаюць патрэбам юрыдычнай практыкі.

Важна падкрэсліць, што юрыдычны факультэт  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы своечасова перайшоў на інтэнсіўны шлях у падрыхтоўцы спецыялістаў. Як сведчыць практыка, попыт на спецыялістаў-юрыстаў з веданнем эканомікі ўзрастае, адпаведна, павялічваецца і конкурс абітурыентаў на спецыяльнасць “Эканамічнае права”. Наступным, заканамерным крокам у развіцці юрыдычнага факультэта па інтэнсіўнаму шляху можа стаць падрыхтоўка юрыстаў па спецыяльнасцях “Міжнароднае права” і “Паліталогія (палітыка-юрыдычная дзейнасць)”. Увядзенне новых спецыяльнасцяў заканамерна абумовіць і ўзнікненне новых спецыялізацый, а гэта, у сваю чаргу, прывядзе да таго, што будзе пашыраны спектр спецыяльных дысцыплін і спецкурсаў, якія будуць прапанаваны студэнтам юрыдычнага факультэта.

За ўвесь перыяд развіцця юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы было падрыхтавана 5760 (пяць тысяч сямсот шэсцьдзесят)спецыялістаў-юрыстаў па спецыяльнасці “Правазнаўства” з прысваеннем кваліфікацыі “юрыст”. Поўны іх спіс чытач знойдзе ў дадзеным даведніку. Па спецыяльнасці “Эканамічнае права” было здзейснена толькі два выпускі спецыялістаў і кваліфікацыю “юрыст з веданнем эканомікі” атрымалі толькі 92 спецыялісты, 60 з якіх закончылі дзённае аддзяленне, 32 – завочнае.  Такім чынам, агульная колькасць выпускнікоў-юрыстаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта складае 5852 спецыялістаў. Паколькі вага спецыялістаў з кваліфікацыяй “юрыст з веданнем эканомікі”  зусім нязначная ў агульнай масе выпускнікоў, то далейшы аналіз выпускнікоў нашага факультэта будзе праводзіцца на падставе дадзеных аб спецыялістах, якія навучаліся па спецыяльнасці “Правазнаўства” і атрымалі класічную кваліфікацыю “юрыст”.

Статыстычныя дадзеныя аб  выпускніках факультэта знаходзяцца ў табліцах 2 – 7, якія  змешчаны ў дадатку даведніка. Прааналізуем асноўныя звесткі, якія ўтрымліваюцца ў табліцах, і паспрабуем зрабіць абагульненні, якія маюць істотнае значэнне для разумення тых працэсаў, якія адбываліся ў падрыхтоўцы спецыялістаў на юрыдычным факультэце.

Бачна, што менш за палову (2718 спецыялістаў)  з падрыхтаваных 5760з’яўляюцца выпускнікамі дзённага аддзялення нашага факультэта, а  астатнія (3042) – выпускнікі завочнага аддзялення. Прычым з 3042 спецыялістаў, якія скончылі завочнае аддзяленне факультэта, 1932 выпускнік,г. зн.прыкладна дзве трэці ад усіх выпускнікоў  завочнага аддзялення, навучаліся на працягу шасці гадоў на так званым “звычайным” завочным аддзяленні, 618 – атрымалі дыпломы юрыстаў, скончыўшы наш факультэт па другой вышэйшай адукацыі, і прыкладна палова тысячы (492) скончылі завочнае аддзяленне па скарочанай форме навучання.

Калі на першым, другім і трэцім этапах развіцця  падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў у нашым універсітэце колькасць выпускнікоў, якія заканчвалі дзённае і завочнае аддзяленні, год ад года вагалася то ў бок дзённага, то ў бок завочнага аддзяленняў, але ў сярэднім была прыкладна роўнай, то на чацвёртым этапе назіраецца перавага ў падрыхтоўцы спецыялістаў на завочным аддзяленні. Апошнія тры выпускі спецыялістаў на нашым факультэце (2008 – 2010 гг.)  характарызуюцца шматразовай перавагай выпускнікоў завочнага аддзялення над выпускнікамі дзённага аддзялення. Бачна, што гэтая перавага дасягаецца ў асноўным за кошт выпускнікоў завочнага аддзялення, якія навучаліся па скарочанай форме атрымання адукацыі.

Цікавыя факты, звесткі і высновы аб развіцці завочнай формы падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў у нашым універсітэце прыведзены ў артыкуле былога прарэктара па завочнаму навучанню Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1978 – 1993 гг.,  дацэнта, кандыдата гістарычных навук Васілючака Міхаіла Вікенцьевіча. Аўтар падрабязна разглядае асаблівасці завочнай формы падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў, адзначае поспехі выпускнікоў і засяроджвае ўвагу на якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, якія заканчваюць юрыдычны факультэт завочна [1]. Заўважым, што якасць падрыхтоўкі спецыялістаў на завочным аддзяленні турбавала кіраўніцтва ўніверсітэта яшчэ ў савецкія часы, калі і колькасць студэнтаў-завочнікаў была значна меншай, і формы падрыхтоўкі іх былі адпрацаваны, і тэрміны падрыхтоўкі былі больш працяглымі.

Зразумела, што ў новых умовах, калі выявілася ўстойлівая колькасная перавага спецыялістаў, якія скончылі завочнае аддзяленне, над спецыялістамі, якія навучаліся на дзённым аддзяленні, не можа не насцярожваць, бо гэтая абставіна значна абвастрае пытанне аб якасці спецыялістаў, якія скончылі завочнае аддзяленне. Зразумела, разглядаць дадзеную праблему можна пад рознымі вугламі бачання, напрыклад, з пазіцый таго, якіх вышынь у працы дасягнулі былыя студэнты дзённай і завочнай формаў навучання. Гэта, безумоўна,  важны паказчык пры  характарыстыцы якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, але кар’ерны рост далёка не заўсёды вызначаецца прафесійнымі якасцямі, а непасрэдна залежыць ад здольнасцяў крыху іншага кшталту.

Больш важным паказчыкам якасці падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў па дзённай і завочнай формах навучання з’яўляецца вага (працэнтны паказчык) студэнтаў, якія скончылі кожную з формаў навучання з адзнакай. У спісе выпускнікоў нашага факультэта, які прыведзены ў даведніку, прозвішчы  спецыялістаў, якія скончылі факультэт з адзнакай, выдзелены асобна, жырным шрыфтам. У табліцах № 2 – 7   змешчаны дадзеныя аб колькасці і працэнтнай вазе выпускнікоў-выдатнікаў  па дзённаму і завочнаму аддзяленнях, па асобных формах навучання, а таксама ў залежнасці ад таго, за які кошт атрымлівалі адукацыю спецыялісты – за кошт сродкаў бюджэту ці на платнай аснове.  Чытач мае магчымасць супаставіць  прыведзеныя дадзеныя, прааналізаваць іх і зрабіць высновы.

Аўтар дадзенага даведніка па зразумелых прычынах не ставіў мэту прасачыць дзейнасць і поспехі ўсіх выпускнікоў-выдатнікаў нашага факультэта на практыцы, а абмежаваўся  тымі, лёс якіх звязаны з выкладчыцкай дзейнасцю на нашым факультэце. Агульная выснова адносна гэтай катэгорыі выпускнікоў была зроблена пры характарыстыцы выкладчыцкага корпуса юрыдычнага факультэта, і сэнс яе зводзіцца да таго, што на выкладчыцкай і навукова-даследчай ніве выпускнікі-выдатнікі дасягаюць больш значных поспехаў у працы ў параўнанні з выпускнікамі, якія не здолелі ці не пажадалі атрымаць дыпломы з адзнакай. Выкажам меркаванне аб тым, што і ў іншых сферах прафесійнай дзейнасці выпускнікі-выдатнікі  выказваюць большыя здольнасці і выконваюць прафесійныя абавязкі больш якасна.

У плане аналізу вагі і колькасці выпускнікоў-выдатнікаў у агульнай колькасці спецыялістаў-юрыстаў заслугоўвае асобнай увагі доля гэтай катэгорыі выпускнікоў  сярод студэнтаў-бюджэтнікаў і студэнтаў, якія навучаюцца за плату. З табліц 2 – 7 адназначна вынікае наступная выснова: колькасць і ўдзельная вага выпускнікоў-выдатнікаў сярод спецыялістаў, якія навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў, з’яўляецца значна большай. Прычым дадзеная выснова з’яўляецца агульнай як для выпускнікоў-бюджэтнікаў дзённай, так і выпускнікоў-бюджэтнікаў завочнай формаў навучання.

У сувязі з адзначанай заканамернасцю ўзгадваецца пачатак 1990-х гадоў, калі толькі распачыналіся працэсы падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў на платнай аснове і сярод выкладчыкаў юрыдычнага факультэта былі пашыраны думкі аб тым, што плата за навучанне нібыта заканамерна абумовіць большую адказнасць студэнтаў-платнікаў і будзе садзейнічаць таму, што лепшыя вынікі ў падрыхтоўцы спецыялістаў можна будзе назіраць менавіта сярод дадзенай катэгорыі студэнтаў. Аўтар дадзеных радкоў быў у ліку тых, хто скептычна ставіўся да такіх меркаванняў. Практыка пацвярджае справядлівасць такога стаўлення супастаўляемых формаў атрымання юрыдычнай адукацыі.

Як вядома,з агульнай колькасці, г. зн. з 5760  спецыялістаў-юрыстаў,  2982 з’яўляюцца выпускнікамі, якія навучаліся за кошт  бюджэтных сродкаў, 2778   ажыццяўлялі навучанне за плату. Разам з тым дынаміка дадзеных, якія ўтрымліваюцца ў табліцах, што змешчаны ў дадатку, адназначна сведчыць аб тым, што колькасць выпускнікоў-бюджэтнікаў пастаянна скарачаецца, а колькасць выпускнікоў, якія навучаюцца за плату, пастаянна ўзрастае. Калі на першым з выдзеленых у даведніку этапаў падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў вялася  выключна за кошт бюджэтных сродкаў, а на другім – пераважала, то ўжо на трэцім і чацвёртым этапах яўную перавагу мае падрыхтоўка спецыялістаў на платнай аснове. 

Калі правільным з’яўляецца тэзіс аб тым, што  колькасць выпускнікоў-выдатнікаў з’яўляецца адным з важкіх індыкатараў якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, то лагічнай будзе выснова аб тым, што з павелічэннем колькасці спецыялістаў, якія рыхтуюцца на платнай аснове, зніжаецца якасць спецыялістаў. Прычым якасць усіх выпускаемых спецыялістаў – як тых, што навучаюцца па бюджэтнай, так і тых, што навучаюцца па платнай форме навучання, як тых, што заканчваюць дзённае аддзяленне, так і тых, што з’яўляюцца выпускнікамі завочнага аддзялення.  Магчыма, у гэтым ёсць свая логіка, і зводзіцца яна да наступнага.

Калі прызнаць правільнымі папярэднія высновы аб “індыкатыўным” характары выпускнікоў-выдатнікаў, то нельга не заўважыць, што апошнія тры выпускі спецыялістаў-юрыстаў па дзённай форме навучання характарызуюцца рэзкім скарачэннем колькасці і працэнтнай вагі выпускнікоў-выдатнікаў, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, і поўнай адсутнасцю выпускнікоў-выдатнікаў, якія атрымліваюць спецыяльнасць на платнай аснове. Што тычыцца завочнай формы навучання, то ў апошнія гады  мы назіраем поўную адсутнасць выпускнікоў, якія атрымлівалі дыпломы з адзнакай.

Аналіз  дадзеных, якія ўтрымліваюцца ў табліцах, сведчыць і аб тым, што колькасная перавага выпускнікоў, якія навучаюцца за плату, над выпускнікамі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў, негатыўна ўплывае на апошніх і не спрыяе прафесійнай падрыхтоўцы гэтай катэгорыі студэнтаў. Прынамсі, колькасць выпускнікоў-выдатнікаў сярод гэтай катэгорыі скарачаецца, калі размова ідзе аб дзённай форме навучання, альбо  такія выпускнікі зусім адсутнічаюць, калі гэта тычыцца завочнай формы навучання. Магчыма, у студэнцкім асяроддзі існуе нябачная і пакуль што маладаследаваная мяжа ў суадносінах паміж студэнтамі бюджэтнай і платнай формаў навучання. Сфармулюем яе змест такім чынам: колькасць студэнтаў, якія навучаюцца на адным патоку і ў адной групе за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове, павінна быць прыкладна роўнай, каб, з аднаго боку, студэнты, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, не гублялі матывацыі да атрымання высакаякаснай адукацыі і маглі аказваць пазітыўны ўплыў на астатніх студэнтаў, а студэнты, якія навучаюцца за аплату, у сваю чаргу, імкнуліся б па гэтаму параметру ні ў чым не саступаць студэнтам-бюджэтнікам. Пры гэтым колькасць студэнтаў-бюджэтнікаў не павінна быць меншай за 40 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў патоку і групы. І калі дадзеная мяжа парушаецца ў бок той катэгорыі студэнтаў, якія навучаюцца на платнай аснове, то страчваецца матывацыя навучання, якая заўсёды прысутнічае ў асяроддзі студэнтаў, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў.         

Аб чым сведчыць сфармуляваная выснова – аб выпадковасці, часовай тэндэнцыі ці аб адной з устойлівых заканамернасцяў у падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў?  Час пакажа. Разам з тым трэба адзначыць і тое, што ўдзельная і працэнтная вага выпускнікоў-выдатнікаў, якія навучаюцца на юрыдычным факультэце ў мэтах атрымання другой вышэйшай адукацыі, а гэтае навучанне з моманту яго ўвядзення было заўсёды, за рэдкім выключэннем, платным,  значна пераўзыходзіць (амаль у два разы) удзельную і працэнтную вагу выпускнікоў-выдатнікаў, якія заканчваюць “звычайнае” завочнае аддзяленне нават за кошт бюджэтных сродкаў. Больш таго, працэнтны паказчык выпускнікоў-выдатнікаў сярод спецыялістаў, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю, пераўзыходзіць нават аналагічны паказчык сярод спецыялістаў-юрыстаў, якія атрымалі першую вышэйшую адукацыю на дзённым аддзяленні, але на платнай аснове.  Але ў выпадку са спецыялістамі, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю, мы назіраем, як уяўляецца, сітуацыю, калі, хутчэй за ўсё, дзейнічаюць, па-першае,  усвядомленыя матывы атрымання вышэйшай адукацыі, па-другое, сказваецца ўзровень агульнай падрыхтоўкі дадзенай катэгорыі студэнтаў-завочнікаў і, нарэшце, па-трэцяе, калі самі студэнты, а не іх бацькі, аплачваюць сваё навучанне і таму добра  ведаюць кошт грошай.

І ўсё ж нават з улікам зробленай агаворкі выкажам небясспрэчнае меркаванне аб тым, што “камерцыяналізацыя” юрыдычнай адукацыі не ідзе на карысць якасці падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў, негатыўна ўплывае на стан прававой сістэмы грамадства, не садзейнічае ўмацаванню законнасці і правапарадку. Не дарэмна ў шэрагу еўрапейскіх краін, прававыя сістэмы якіх лічацца дасканалымі і заўсёды прыводзяцца навукоўцамі ў якасці станоўчага прыкладу, падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў ажыццяўляецца альбо выключна, альбо пераважна за кошт бюджэтных сродкаў. Перакананы,  што і ў нашай дзяржаве калі-небудзь будзе выкарыстаны дадзены вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў. Але  паколькі сёння істотна павялічыць колькасць студэнтаў-юрыстаў, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, немагчыма, то з улікам сказанага вельмі важна, каб навучальны працэс на юрыдычным факультэце  быў пабудаваны адпаведным чынам і ўлічваў адзначаныя рэаліі.

Дзеля гэтага патрэбна зарыентаваць працу кафедраў і выкладчыкаў юрыдычнага факультэта на тое, каб яны, па-першае, імкнуліся згладзіць перакосы ў якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, якія навучаюцца на бюджэтнай і платнай асновах, па-другое, каб вынікі іх працы садзейнічалі збліжэнню ўзроўняў падрыхтоўкі спецыялістаў, якія выпускаюцца па дзённай і завочнай формах навучання, ці, па меншай меры, каб вынік іх працы не прыводзіў да істотных разрываў у якасці спецыялістаў, якія навучаліся на дзённым і завочным аддзяленнях. Дзяржава і грамадства не павінны атрымліваць спецыялістаў-юрыстаў рознай вартасці з дыпломамі нашай навучальнай установы ў залежнасці ад формы  падрыхтоўкі.

Вядома, што  юрыдычны факультэт з пачатку 1990-х гадоў пераўтварыўся ў такую структурную адзінку, якая забяспечвала ўніверсітэту значныя даходы ад аказання платных адукацыйных паслуг. На жаль, юрыдычны факультэт ад актыўнай “камерцыйнай дзейнасці” не атрымаў  належнай матэрыяльнай кампенсацыі [2, с. 92 – 95]. І ў святле вышэйзробленай высновы аб якасці спецыялістаў-юрыстаў  “маральныя страты” юрыдычнага факультэта толькі павялічваюцца. Гэтая абставіна не можа не турбаваць кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэта. Варта зрабіць  правільныя высновы, каб выпрацаваць адэкватныя меры і выправіць сітуацыю.   

Важнай характарыстыкай выпускнікоў з’яўляецца аналіз іх размеркавання на працу і самастойнага працаўладкавання, г. зн. вывучэнне асноўных патокаў спецыялістаў, якіх мы рыхтуем, у залежнасці ад “спажыўцоў”, а таксама аналіз асноўных патокаў размеркавання і самастойнага працаўладкавання па рэгіёнах краіны, г. зн. своеасаблівы “рэгіянальнага зрэз” выпускнікоў. У залежнасці ад таго, куды размяркоўваюцца на працу выпускнікі нашага факультэта, іх умоўна можна падзяліць на дзве вялікія катэгорыі.

Першую катэгорыю складаюць выпускнікі, якія застаюцца на факультэце ў мэтах далейшай падрыхтоўкі да выкладчыцкай працы, а таксама для далейшай працоўнай дзейнасці ў іншых структурах нашага ўніверсітэта на пасадах, якія патрабуюць юрыдычнай адукацыі. Заўважым, што практычна ўсе службовыя пасады ў нашым універсітэце, якія патрабуюць юрыдычнай кваліфікацыі, займаюць выпускнікі юрыдычнага факультэта. І ўзгадаем, што аналіз  той групы нашых выпускнікоў, якія  застаюцца на факультэце ў мэтах далейшай падрыхтоўкі да выкладчыцкай працы, быў зроблены пры агульнай характарыстыцы выкладчыкаў факультэта ў  першым  раздзеле дадзенага даведніка.

Другую і самую вялікую па колькаснаму складу групу выпускнікоў нашага факультэта складаюць спецыялісты, якія размяркоўваюцца на сталую працу ў розныя сферы грамадства, органы дзяржаўнай улады і кіравання, праваахоўныя органы, пракуратуру, суд, органы юстыцыі, адвакатуру, органы МУС, МНС, КДК, мытнага камітэта і камітэта дзяржаўнай бяспекі. Зразумела, што асноўная колькасць выпускнікоў нашага факультэта размяркоўваецца ці самастойна ўладкоўваецца на працу ў горадзе Гродне і Гродзенскай вобласці. Па меркаваннях аўтара, якія, праўда, не  абапіраюцца пакуль што на статыстычныя выкладкі, Гродзенскі рэгіён і горад Гродна з’яўляюцца асноўнымі “спажыўцамі” нашых выпускнікоў. І ў святле адзначаных вышэй паказчыкаў аб асноўных патоках абітурыентаў і студэнтаў юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы дадзеная  абставіна з’яўляецца цалкам лагічнай.

Падрабязны “рэгіянальны зрэз” размеркавання спецыялістаў разам з аналізам асноўных патокаў абітурыентаў і  ўжо падрыхтаваных спецыялістаў,  пытанне аб магчымай карэляцыі паміж імі, а таксама характар і дынаміка размеркавання спецыялістаў па асноўных “спажыўцах”, як і шэраг іншых аспектаў і момантаў у характарыстыцы выпускаемых нашым факультэтам спецыялістаў, патрабуе дадатковых карпатлівых навуковых пошукаў. У дадзеным даведніку мы спашлемся толькі на афіцыйныя дадзеныя, якія прывёў пракурор Гродзенскай вобласці В.М. Марозаў [3] і згодна з якімі каля 66 працэнтаў усіх пасад пракурорскіх работнікаў у пракуратуры Гродзенскай вобласці займаюць сёння  выпускнікі нашага факультэта.  Пагадзімся з тым, што лічбы гэтыя вельмі яскравыя і з’яўляюцца выдатным  сведчаннем якаснай працы ўсяго прафесарска-выкладчыцкага корпуса і вучэбна-дапаможнага персаналу нашага факультэта. Можна выказаць і самае агульнае меркаванне, што прыкладна такі ж працэнт нашых выпускнікоў сёння працуе ў органах юстыцыі, судах, органах мытнага камітэта, іншых дзяржаўных органах горада Гродна і Гродзенскай вобласці.