Адляніцкая-Пачобут М.К. НЕКАТОРЫЯ ПРЫЁМЫ РАБОТЫ НАД СІНОНІМАМІ І АНТОНІМАМІ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ
^ Вверх

УДК 373.3

 

М.К. Адляніцкая-Пачобут,

студэнтка 5 курса завочнай формы навучання педагагічнага факультэта

(навуковы кіраўнік – А.М. Лапкоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 

НЕКАТОРЫЯ ПРЫЁМЫ РАБОТЫ НАД СІНОНІМАМІ І АНТОНІМАМІ

Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

 

Предметом исследования в данной статье являются методические приёмы работы над синонимами и антонимами на уроках белорусского языка в начальных классах. Приводятся апробированные на практике задания, указывается на важность формирования, пополнения и обогащения словарного запаса учеников.

 

Сродкам узбагачэння мовы з’яўляюцца сінонімы. Яны робяць наша маўленне больш дакладным, выразным, прыгожым і даюць магчымасць перадаваць разнастайныя адценні паняццяў. Сінонімы – словы з блізкім ці аднолькавым значэннем. Параўнаем: радзіма, бацькаўшчына, родны край, айчына, наша краіна; адважны, смелы, мужны, храбры, бясстрашны, геройскі, рашучы; ісці, крочыць, плесціся, брысці, тупаць, шыбаваць.

Ужыванне сінонімаў дае магчымасць пазбегнуць непажаданых паўтораў тых самых слоў (функцыя замяшчэння), больш выразна перадаць думку (функцыя ўдакладнення), выказаць разнастайныя ацэнкі (функцыя экспрэсіўна-стылістычная) [1].

Знаёмячы вучняў пачатковых класаў з сінонімамі, настаўнік вучыць дзяцей бачыць іх, знаходзіць, разумець, чаму пісьменнік ці паэт з сінанімічнага рада выбраў менавіта гэтае, а не іншае слова, гэта значыць асэнсоўваць стылістычную функцыю сінонімаў як сродкаў найбольш дакладнага выражэння думкі.

Наяўнасцю слоў з блізкім значэннем вызначаецца лексічнае багацце мовы. Кожнае слова, якое ўваходзіць у сінанімічны рад, уносіць пэўнае адценне ў паняцце. Адрозненне слоў-сінонімаў праяўляецца і ў аб’ёме іх семантыкі, і ў эмацыянальнай афарбоўцы, і ў іх стылістычным выкарыстанні.

Асноўную ўвагу пры азнаямленні з сінонімамі неабходна звяртаць на словы, якія маюць блізкі сэнс. Зразумела, што ў пачатковых класах заданні на падбор сінонімаў арганічна спалучаюцца з граматычнымі і арфаграфічнымі заданнямі. У другім класе больш зручна практыкаваць вучняў у падборы сінонімаў да слоў, якія абазначаюць дзеянні прадметаў: Дзеці ўгледзелі вожыка (убачылі, заўважылі). Кот наш нечага жахнуўся (спалохаўся, спужаўся). Мы крочылі вузкай сцежкай (ішлі). Хутка ласяня ачуняла(паправілася, выздаравіла, акрэпла).

Дзеяслоў, як вядома, вызначаецца багаццем сваёй семантыкі і здольнасцю набываць пераносныя значэнні. Сярод дзеясловаў шмат слоў з блізкім значэннем. Таму яшчэ ў другім класе варта паказаць гэта спецыяльна: да слоў, якія абазначаюць дзеянні прадметаў, падбіраць словы з блізкім значэннем (дзьме – павявае, імчаць – бягуць, ходзяць – крочаць, ладзяць – майструюць).

У трэцім і чацвёртым класах, калі лексічны запас вучняў значна ўзрасце, падбор сінонімаў можна практыкаваць і пры вывучэнні назоўнікаў і прыметнікаў. Сістэма практыкаванняў, якія праводзяцца з мэтай азнаямлення вучняў з сінонімамі, уключае ў сябе: а) адказы на пытанні, якія патрабуюць ужывання цэлага шэрагу сінонімаў: Сябар (я к і ?) ... (добры, дарагі, верны і інш.) і г.д.; б) выдзяленне і размежаванне па групах сінонімаў, якія даюцца ў спісе слоў уперамежку: хуткі, шэры, верны, пахмурны, адданы; в) выкарыстанне ў сказе найбольш трапнага слова: Наляцеў моцны вецер, але хутка ... (змоўк, сціх, суняўся, улёгся). Хлопчык старанна даглядаў хворае шчаня, і яно ... (ачуняла, паправілася, акрыяла, выздаравіла, адужала); г) выпісванне са сказаў або тэксту слоў з блізкім значэннем: Звонка падае ў траву спелы яблык. Прыемна пахне скошаны мурог. Пад нагамі слалася зялёная мурава; д) замена словазлучэння словам: дубовы гай – дуброва, добрыя таварышы – сябры, чарада пералётных птушак – вырай, даглядчык лесу – ляснік, пустата ў ствале дрэва – дупло; е) падбор сінонімаў да выдзеленых у тэксце слоў: пайшоў снег (паваліў, пасыпаў). Снег пакрыў (услаў) зямлю. У вёсцы ўсё прыціхла(сцішылася, стаілася, заснула) – дзеясловы; праца – работа, сцежка – дарожка, студня – калодзеж (назоўнікі); гонкія бярозы – высокія, стройныя, роўныя; векавыя дубы – старыя, моцныя, магутныя (прыметнікі); ж) размяшчэнне сінонімаў з улікам ступені дзеяння: вецер (павявае, дзьме, завывае, галосіць, вые, гудзе); дождж (капае, ідзе, льецца, цурчыць).

Больш цяжкім відам такой работы з’яўляецца самастойнае складанне вучнямі сінанімічных радоў: Апусцелыя палі і лугі навяваюць сум (смутак, жаль, сумота, маркота, журба). Набліжаецца зіма з маразамі і завеяй(мяцеліца, завіруха).

Для выпрацоўкі ўмення самастойна складаць сінанімічны рад вучням прапаноўваліся сказы, у якіх замест кропак трэба было ўпісаць сінонім да выдзеленага слова, напрыклад: Звіняць, ... ручайкі ў вячэрняй цішыні. Халодны, ... вецер лютуе ў полі. Светлая хмарка ціха і ... плыла ў небе. Сонца, узышоўшы ўранні, не хавалася цалюткі дзень – смаліла, ... неміласэрна. Зводдаль вуркатаў, ... ручай ды шумелі, ... верхавіны елак. Мікола коратка зыркнуў на Петрыка адным вокам, скоса ... на Яна. Неўзабаве над хмаркай затрапятала ясная, ... зорка. Бесклапотна, ... цвыркаюць птушкі.

Такія практыкаванні вучаць дзяцей шукаць слова, узбагачаюць іх мову, пераконваюць у тым, што для дакладнага і правільнага выказвання заўсёды трэба падбіраць найбольш трапныя словы.

У вызначэнні сэнсу мнагазначных слоў, як і ў актывізацыі слоўніка вучняў, вялікую дапамогу аказвае сістэматычная работа з антонімамі – словамі, якія маюць супрацьлеглае значэнне. Антонімамі могуць быць назоўнікі (пачатак – канец, праўда – хлусня, ад’езд – прыезд), прыметнікі (высокі – нізкі, лёгкі – нялёгкі, навуковы – ненавуковы), дзеясловы (любіць – ненавідзець, адчыніць – зачыніць, увайсці – выйсці), прыслоўі (направа – налева, уверсе – унізе, далёка – недалёка).

Да аднаго і таго ж слова ў залежнасці ад канкрэтнага ўжывання можна падабраць некалькі слоў з супрацьлеглым значэннем. Гэта абумоўлена мнагазначнасцю. Параўнаем: пустое вядро – поўнае вядро, пустая размова – змястоўная размова; старая жанчына – маладая жанчына, старая кніга – новая кніга, старая газета – свежая газета. Антонімы трэба падбіраць не да асобна ўзятага слова, а да слова, ужытага ў кантэксце.

Для азнаямлення малодшых школьнікаў са словамі, якія маюць супрацьлеглы сэнс, зручней за ўсё выкарыстаць прыметнікі, паколькі яны, абазначаючы якасці прадметаў, найбольш паказваюць палярнасць пэўных прымет. Асэнсаванне гэтага пад сілу другакласнікам. Яны без асаблівай цяжкасці падбіраюць словы, што адказваюць на пытанні я к і ? я к а я ? я к о е? я к і я ?: Арол вялікі, а верабей ... (малы). Дарога шырокая, а сцежка ... (вузкая). Зіма халодная, а лета ... (цёплае). Маліны салодкія, а журавіны ... (кіслыя).

Узбагачэнню лексічнага запасу школьнікаў спрыяюць наступныя віды заданняў:

а) падбор адначасова сінонімаў і антонімаў: моцны, магутны – слабы. Можна прапанаваць дзецям запоўніць табліцу, падбіраючы да прыведзеных слоў антонімы і сінонімы, звяртаючы ўвагу на тое, колькі можна падабраць да аднаго слова антонімаў і колькі сінонімаў, напрыклад:

Слова

антонімы

сінонімы

Смеласць

Баязлівасць

Адвага, бясстрашнасць, храбрасць

Смутак

Радасць

Сум, самота, скруха, маркота, туга, журба

Вялікі

Малы

Буйны, агромісты, гіганцкі

Светлы

Цёмны

Ясны, яркі, зыркі

Плакаць

Смяяцца

Рыдаць, галасіць, выць, прычытаць, хліпаць

Мала

Многа

Нямнога, няшмат, небагата, крыху, крышку, трохі, трошкі

 

б) падбор антонімаў да розных часцін мовы: холад – цяпло, цемра – святло (назоўнікі), цяжкі – лёгкі, малы – вялікі (прыметнікі), чарнець – бялець, помніць – забыць, гаварыць – маўчаць (дзеясловы);

в) падбор антонімаў да слоў, якія маюць некалькі значэнняў (словы даюцца ў словазлучэннях): лёгкі кошык – цяжкі кошык, лёгкае паліто – цёплае паліто, лёгкі туман – густы туман, лёгкі мароз – вялікі мароз; сухія дровы – сырыя дровы, сухі снег – мокры снег, сухое паветра – вільготнае паветра;

г) падбор да словазлучэнняў антанімічных пар: слабы голас – моцны голас;

д) падбор слоў з супрацьглым значэннем і дапісванне імі сказаў: Раніца халодная, а дзень (я к і ?) ... . Снег мяккі, а лёд (я к і ?) ... ;

е) падкрэсліванне антонімаў у прыказках і прымаўках: Вучэнне – свет, а невучэнне – цемра;

ж) складанне з дадзеных уразбіўку слоў антанімічных пар: здаровы, дужы, зіма, слабы, нізка...;

з) складанне сказаў з указанай парай слоў: зіма – лета;

і) складанне словазлучэнняў са словамі-антонімамі і назіранне за магчымым змяненнем залежнага слова: падысці да стала – адысці ад стала, паехаць у Мінск – прыехаць з Мінска, наліць вады – выліць ваду;

к) падбор сінонімаў у прыказках: Добрае чуваць далёка, а ... яшчэ далей. Хто ліхога не бачыў, той ... шанаваць не ўмее. Аднаму шчасце ракою плыве, а другі ў ... цэлы век жыве. Перш чым зайсці, падумай, як ... . Старасць не радасць, а ... не навек. Разумны вініць заўсёды сябе, а ... – свайго таварыша. Хто ўмее любіць Радзіму, той умее ... ворага. Лепш горкая праўда, чым ... мана. Пытае старасць, што прыгатавала ... . Разумны навучыць, а ... намучыць. Парожняя бочка звініць, а ... маўчыць. Як аўкнецца, так і ... .

На ўроках беларускай мовы (асабліва ў трэцім і чацвёртым класах) практыкаванні ў падборы слоў з супрацьлеглым значэннем спалучаюцца з рознымі граматычнымі заданнямі:

  • пры вывучэнні тэмы “Склад слова” іх можна спалучаць з падборам роднасных слоў з рознымі прыстаўкамі (адчыніць – зачыніць, насыпаць – высыпаць) і назіраннем за змяненнем формы залежнага назоўніка ў дзеяслоўных словазлучэннях (увайсці ў аўтобус – выйсці з аўтобуса, наліць у кубак – выліць з кубка, паехаць у горад – прыехаць з горада);
  • пры вывучэнні тэмы “Назоўнік” – з вызначэннем роду назоўнікаў: святло (н. р.) – цемра (ж. р.), раніца (ж. р.) – вечар (м. р.), холад (м. р.) – гарачыня (ж. р.);
  • пры вывучэнні прыметнікаў – з вызначэннем іх роду, ліку і склону: З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца. На чорнай зямлі белы хлеб расце. Родная зямля мякчэйшая за чужую пярыну;
  • пры вывучэнні прыслоўяў – з выпрацоўкай арфаграфічных навыкаў: пачуць здалёку – убачыць зблізку, выйсці наперад – адступіць  назад.

Такім чынам, сістэматычная і мэтанакіраваная работа над сінонімамі і антонімамі ўзбагачае маўленне вучняў, спрыяе разуменню такой складанай з’явы, як мнагазначнасць, дапамагае вучням выкарыстоўваць разнастайныя моўныя адзінкі ў адпаведнасці са зместам, мэтай і тэмай паведамлення.

 

The subject of study in this article are instructional techniques work on synonyms and antonyms in the Belarusian language lessons in primary school. Tested in practice, given the job, points to the importance of creating, updating and enriching the vocabulary of students, as it is in the early school years, not only laid the foundations of linguistic skills.

 

Спіс лiтаратуры

 

  1. Канцавая, Г.М. Сінонімы на ўроках беларускай мовы і чытання ў пачатковых класах / Г.М. Канцавая, Н.С. Рабая // Пачатковае навучанне. – 2000. – № 1. – С. 3–8.