УДК 373.3.37.091.32:811.161.3
М.І. Лойка
студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта
(навуковы кіраўнік – А.М. Лапкоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)
РАБОТА НАД СІНОНІМАМІ І АНТОНІМАМІ
НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ
В данной статье рассматриваются лексические упражнения по работе над синонимами и антонимами на уроках белорусского языка в начальных классах. Приводятся опробированные на практике задания, указывается на важность формирования, пополнения и обогащения словарного запаса учеников начальных классов, т.к. именно в младшем школьном возрасте закладываются основы лингвистических умений и навыков, посредством языка ученик постигает окружающую действительность и приобретает знания.
Узбагачэнне слоўнікавага запасу ўяўляе складаны працэс, галоўнае ў якім – выхаванне ў вучняў цікавасці да семантыкі слова, да актывізацыі яго ў маўленні. Паспяховаму ўзбагачэнню слоўніка садзейнічае сістэматычнае і паслядоўнае правядзенне мэтанакіраваных лексічных заняткаў, змест якіх залежыць ад характару лексічнага матэрыялу падрыхтаванасці класа, а таксама ад тых мэт і задач, што ставіць перад сабой настаўнік у кожным канкрэтным выпадку.
Разнастайнасць прыёмаў і павышэнне актыўнасці вучняў у тлумачэнні значэнняў слоў – важнейшая задача слоўнікавай работы ў пачатковых класах. Аб’ём работы па ўдакладненні слоўніка вельмі вялікі. Сюды ўваходзяць разнастайныя заданні, звязаныя з засваеннем сінонімаў і антонімаў. Работа з сінонімамі – найбольш важная галіна слоўнікавай работы. Лексічнае багацце мовы ў значнай ступені забяспечваецца яго сінанімікай. Сінонімы – гэта словы, якія абазначаюць адну і тую ж з’яву рэчаіснасці. Аднак яны называюць гэту з’яву па-рознаму – ці выдзяляючы ў называемым прадмеце розныя яго бакі, ці характарызуючы гэты прадмет з розных бакоў.
Сінонімы могуць адрознівацца: а) адценнямі лексічнага значэння; б) эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай; в) стылістычнай прыналежнасцю; г) ступенню ўжывальнасці; д) спалучальнасцю з іншымі словамі. Так, падабраны да слова неразумны сінонім бесталковы выражае нейкую знявагу, сінонім бязмозглы вельмі грубы і ўжываецца толькі ў гутарковай мове. Сінонімы могуць абазначаць розныя адценні самой з’явы: сказаць – маўляць, выказаць. У гэтым сінанімічным радзе ўсе словы абазначаюць паняцце «сказаць» (гаварэнне), але па-рознаму.
У пачатковых класах не даецца тэарэтычных звестак пра сінонімы (як і пра іншыя лексіка-граматычные групы слоў), аднак практычная работа са словамі, блізкімі або тоеснымі па значэнні, назіранне над імі фарміруе ў вучняў паняцце тэрміна «сінонімы». Сістэма практыкаванняў з сінонімамі складаецца з наступных элементаў: а) знаходжанне сінонімаў у чытаемых тэкстах, тлумачэнне значэнняў і асабліва адценняў значэнняў, адрознення паміж словамі-сінонімамі; б) падбор сінонімаў, якія могуць служыць заменай дадзенаму, і вылучэнняў адценняў значэння, адрознення ва ўжыванні; в) актывізацыя сінонімаў, г.зн. выкарыстанне ў звязнай мове; г) выпраўленне моўных памылак (няўдалага ўжывання слоў), замена слоў іншымі, сінанімічнымі яму і больш дарэчнымі ў даным тэксце.
Элементарную работу з сінонімамі пачынаюць ў першым класе. Настаўнік заўсёды звяртае ўвагу вучняў на сінонімы ў тэкстах і іх градацыю (светлае, сонечнае неба).
У другім класе вучні падбіраюць групы з двух-трох сінонімаў. Звычайна сінонімы пры падборы размяшчаюцца па ўзрастаючай ступені якасці: вялікі, агромністы, грамадны. Мэтазгодна ўводзіць групы з трох сінонімаў і больш. Напрыклад, можна даваць наступныя заданні: 1) даецца спіс слоў, якія адносяцца да адной часціны мовы. У спісе дзве сінанімічныя групы і адно-два «канфліктныя» словы. Заданне заключаецца ў тым, каб з гэтага спісу вылучыць (вусна ці пісьмова) гэтыя групы: бяжыць, глядзіць, спіць, імчыцца, нясецца, вачэй не зводзіць; 2) раскладанне сінонімаў па ўзрастаючай або ўбываючай ступені якой-небудзь прыметы (градацыя сінонімаў): агромністы, гіганцкі, вялікі. Затым з гэтымі словамі складаюцца сказы, якія дазваляюць удакладніць значэнне кожнага слова; 3) падбор сінонімаў да дадзенага слова. Затым з усімі словамі складзенага рада будуюцца сказы; 4) замена сіноніма ў сказе. Уключаюцца па чарзе розныя сінонімы і вызначаецца, у чым адрозненне значэнняў гэтых слоў; 5) выбар найбольш пэўнага слова з двух-трох сінонімаў.
У час педагагічнай практыкі намі былі апрабаваны наступныя практыкаванні: 1. Знайдзі словы, блізкія па сэнсе: Хто хоць раз быў у піянерскім лагеры Артэк, той доўга будзе памятаць і стромкія схілы высокіх гор, пакрытых кучаравымі лясамі, і крутыя скалы, куды залятаюць толькі птушкі і абрывістыя берагі цёплага і блакітнага мора. 2. З дадзенага спісу выпішы словы, блізкія па значэнні словам цемра, распарадак, адзнака, цікавы, прыгожы: займальны, поцемкі, выдатны, сшытак, правілы, адзнака, пацешны, цудоўны, змярканне, карабель, бал, захапляльны, бульба, рэжым. Якія словы «лішнія»? Чаму? 3. Выпішы словы, блізкія па значэнні, без указання дамінанты (галоўнага слова сінанімічнага шэрагу): Ветлівы, перагародка, шолах, чарада, шоргат, абыходлівы, ланцужок, ветлівы, шамаценне, мяжа, шэраг, перашкода, будынак, мяжа, тормаз, чарта, лінія, хата, перашкода. 4. Да вылучаных слоў выпішы словы блізкія па сэнсе: Сцюдзёная крыніца гуляе па яры (празрыстая, халодная, хуткая). Стаяла спякотнае лета (бясхмарнае, гарачае, цудоўнае). З ляснога гушчару выбіраўся на паляну нязграбны мядзведзь (велізарны, непаваротлівы, лагодны). 5. Замяні прыметнік блізкім па сэнсе словам з прыстаўкай: яснае неба – …, правільны адказ – … . 6. Складзі сінанімічны рад, адказваючы на пытанні: «Якімі словамі завуць высокую тэмпературу паветра?»; «Якімі словамі завуць людзей аднолькавага ўзросту?»; «Якімі словамі называюць наступленне цемры?» 7. Запішы словазлучэнне «прыметнік + назоўнік»: карычневы, гняды (сукенка, вочы, гарнітур); густы, дрымучы (лес, смуга); стары, пажылы (чалавек, падручнік). 8. Напішы сінонімы да прыметнікаў: ціхая язда – …, ціхая ноч – …, дужая вяроўка – …, дужы арганізм – … . 9. Падбяры словы па сэнсе: Раніцай да хаты прыляцела ... (зграя, зграйка, статак) вераб'ёў. Яны паселі на даху і весела ... (спявалі, ціўкалі, цвыркалі). Маленькая Ніна ... (выйшла, выбегла) на ганак і насыпала на зямлю хлебных зярнятак. Вераб'і хутка ... (спаўзлі, злезлі, зляцелі, спусціліся) з даху. 10. Падбяры да назоўнікаў такія сінонімы, каб з першых літар атрымаліся словы зіма і кніга.
агароджа– крыга– холад – яд– |
з...( загарадка) і… (ільдзіна) м...(мароз) а... (атрута) |
абрыс– кірунак– абраз– сірэна – алфавіт – |
к... (контур) н...(напрамак) і... (ікона) г... (гудок) а... (азбука) |
Антонімы – словы з процілеглым значэннем. Яны выкарыстоўваюцца ў мове для кантрасту. Кантрастныя малюнкі, пастаўленыя побач, успрымаюцца ярчэй. Работа з антонімамі, як і з сінонімамі, пачынаецца з аналізу мастацкага тэксту, але затым уводзяцца і спецыяльныя практыкаванні: 1) падбор антонімаў да прапанаваных слоў: радасць – …, шырокі – …; 2) складанне сказаў з антонімамі, дакладней – з парамі антонімаў; 3) дапаўненне сказаў антонімамі: Вуж …, а птушка …. Зімой дні …, а летам ….; 4) працяг пачатага сказа з антонімамі: У казках заўсёды дабро перамагае … .Не хваліся пачаткам, а хваліся … ; 5) падбор антонімаў да мнагазначных слоў: свежы хлеб – … хлеб, свежая газета – … газета, свежыя яблыкі – … яблыкі; 6) складанне паралельных сінанімічных радоў: стары, слабы – новы, моцны.
Сувязь сінаніміі і антаніміі – адзін з прынцыпаў слоўнікавай работы. Работа над змешанымі словамі – гэта, па сутнасці, работа па ўдакладненні значэнняў слоў і іх магчымых словазлучэнняў.
Адным з эфектыўных спосабаў паўтарэння і замацавання вывучаных слоў, фарміравання ўмення разумець асаблівасці іх ужывання, на думку Г.I. Верашчакі [1, с. 56], з'яўляюцца лексіка-семантычныя практыкаванні, якія ўключаюць розныя заданні. Напрыклад: падабраць да назоўнікаў сінонімы: мяцеліца – ...; дарога – ...; асілак – ... . Словы для даведак: завея, сілач, волат, сцежка, бура, гасцінец, шлях, здаравяк, завіруха, шаша; падабрацьда прыметнікаў сінонімы: пахучы –...; малы – ...; дужы – ... . Словы для даведак: моцны, духмяны, магутны, невялікі, мізэрны, душысты, здаровы, дробны; слова, якое паўтараецца, замяніць іншым: Зрабілі шпакоўню. Зрабілі снежную крэпасць. Зрабілі каток. Птушкі зрабілі гняздо. Вучні зрабілі заданне. Словы для даведак: пабудавалі, звілі, выканалі, змайстравалі, залілі; знайсці ў тэксце словы з блізкім значэннем і выпісаць іх: Першымі да нас прылятаюць гракі. Адпачнуць крыху пасля доўгай дарогі і пачнуць гнёзды свае ладзіць. Адны старыя гнёзды рамантуюць, другія новыя будуюць. Гракі гнёзды ўюць на высокіх дрэвах. Сваё жыллё яны робяць з вялікіх галінак. Ластаўкі майструюць сабе гняздо з гразі пад страхою; падабраць са слоў у дужках дзеяслоў, які найбольш падыходзіць па сэнсе: Хутка (ідуць, плывуць,, бягуць, паўзуць) над лесам густыя хмары. Хмары (ідуць, плывуць, бягуць, паўзуць) нізка над зямлёю. Лёгкія хмары (ідуць, плывуць, бягуць, паўзуць) па небе.
Г.І. Верашчака выдзяляе практыкаванні на выпрацоўку ўмення адрознівацъ словы з блізкім значэннем ад роднасных, на фарміраванне ўмення вызначаць антонімы, правільна ўжываць іх: 1) знайсці "лішняе" слова. Пах, пахучы, водар, пахнуцъ. Халодны, холад, сцюдзёны, халадзець, холадна. Хадзіць, хадзъба, ісці, хадок, прыходзіць, выхад; 2) падабраць да прапанаваных слоў: а) аднакарэнныя, б) словы з блізкім значэннем. а) Бяжыць, ... . б) Бяжыць,... . а) Ходзіць,... . б) Ходзіць, ... . а) Сябар, ... . б) Сябар, ... . а) Праца, ... . б) Праца, ... ; 3) да наступных слоў падабраць словы з супрацьлеглым значэннем: Радасць – .... Шум – .... Малады – .... Шырокі – .... Будаваць – .... Захварэць – ...; 4) выпісаць словы з супрацьлеглым значэннем парамі: Салодкі, святло, далека, пачатак, кіслы, гаварыць, маўчаць, канец, цемра, блізка, холад, радавацца, гарачыня, сумаваць.
У час педагагічнай практыкі намі былі апрабаваны наступныя практыкаванні: 1. З дадзеных слоў знайдзіце і выпішыце парамі тыя, якія маюць процілеглы сэнс: сустракаць, працаваць, непагадзь, патушыць, школа, мяккі, праўда, вядро, можна, хлусня, адпачываць, урок, запаліць, спякота, выпраўляць, цвёрды, нельга, холад, трактар. Якія словы "лішнія"? Чаму? Выпішы іх асобна. 2. Падкрэсленае слова замяніце процілеглым па сэнсе: узыход сонца – …, падэшва гары – …, яснае неба –…, шумная вуліца – …, пайсці ў школу – … . 3. Замяніце прыметнік антонімам: лёгкая задача – …, лёгкая ноша – …, мяккая канапа – …, мяккі клімат – … . 4. Знайдзіце і падкрэсліце антонімы: Сей ў непагадзь, а прыбірай у вядро. Вучэнне – святло, а невуцтва – цемра. Які пачатак, такі і канец. Не пазнаўшы гора, не пазнаеш і радасці. Дабро памятай, а зло забывай.5. Дапішыце антонімы: Сонца ўсходзіць і ... ; На кожную загадку ёсць ... ; Падручнік ўтрымлівае пытанні і ... ; Надышоў вечар і шум змяніўся ... ; Лепш ведаць мала, але добра, чым ... , ды ... ; Правы бераг у ракі высокі і стромкі, а левы ... і ... . 6. Замяніце вылучаныя словы антонімамі. Ці змяніўся сэнс выказвання? Увечары я з таварышам пайшоў да цягніка. Да станцыі было далёка. Дзьмуў сустрэчны халодны вецер, і ісці было цяжка. Дашлі мы да станцыі, а цягнік адыходзіць. Як дрэнна, што мы спазніліся.7. Запішыце такія антонімы, каб з першых літар атрымаліся словы хата і дах.
спёка – завяданне – радасць – пакута – |
х… (холад) а… (абуджэнне) т… (туга) а… (асалода) |
расход – надзея – ганьба – |
д… (даход) а… (адчай) х… (хвала) |
Такім чынам, апрабаваныя намі ў час педагагічнай практыкі і разгледжаныя зараз у артыкуле практыкаванні садзейнічаюць паспяховаму і больш хуткаму засваенню вучнямі сінонімаў і антонімаў.
This article discusses the lexical exercises to work on synonyms and antonyms in the Belarusian language lessons in primary school. Tested in practice, given the job, points to the importance of creating, updating and enriching the vocabulary of primary school pupils, as it is in the early school years laid the foundations of linguistic skills, through the language of a student perceives the surrounding reality and acquire knowledge.
Спіс літаратуры
- Верашчака, Г.І. Лексічная работа на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах / Г.І. Верашчака. – Мінск, 1998. – 208 с.