Мураўская Т.С. НАВУЧАННЕ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ МАДЭЛЯВАННЮ КАЗАК
Главная Лингвистические дисциплины и методики их преподавания Мураўская Т.С. НАВУЧАННЕ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ МАДЭЛЯВАННЮ КАЗАК
Мураўская Т.С. НАВУЧАННЕ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ МАДЭЛЯВАННЮ КАЗАК

УДК 373.3.016:811.161.3

 

Т.С. Мураўская,

студэнтка 5 курса педагагічнага факультэта

(навуковы кіраўнік - А.М. Лапкоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 

НАВУЧАННЕ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ МАДЭЛЯВАННЮ КАЗАК


У артыкуле апісваецца, якім чынам можна навучыць вучняў мадэляванню казак і чаму мадэляванне адыгрывае важную ролю ў рабоце над казкай у пачатковых класах.

 

 

Працэс навучання вучняў пачатковых класаў прыдумванню казак і гісторый вельмі важны этап у фарміраванні ў дзяцей навыкаў маналагічнага маўлення. Творчае расказванне і творчы пераказ будуюцца на своеасаблівай псіхалагічнай аснове - дзіцячым уяўленні. Вучню, які скаладае казку, неабходна правесці аналіз вядомых яму казачных сюжэтаў, а затым творча сінтэзаваць новую з'яву: новую кампазіцыю, вобразы казачных герояў, акалічнасці іх жыцця. Каб казачную гісторыю данесці да слухача вучань павінен валодаць багатым слоўнікавым запасам і ўменнем выстройваць кантэкстнае выказванне. Але, як паказвае практыка апошніх гадоў, у значнай колькасці малодшых школьнікаў назіраецца вельмі нізкі ўзровень развіцця маўлення. На нашу думку, выкарыстанне спосабу мадэлявання казак дапамагае выправіць гэты мінус школьнага навучання.

Л.А. Венгер адзначае, што існуе вельмі эфектыўны спосаб - мадэляванне, які дазваляе выяўляць змест і паслядоўнасць дзеянняў, пэўныя адносіны паміж персанажамі. «Яно пачынаецца з замяшчэння адных аб'ектаў іншымі (рэальных - умоўнымі). Калі мы звяртаемся да літаратуры, то замяшчаемымі аб'ектамі будуць героі дзіцячых казак: людзі, звяры, гномы, чараўнікі. Часам прыйдзецца замяшчаць і прадметы, з якімі яны дзейнічаюць. У якасці замяшчальніка зручна выкарыстоўваць папяровыя кружкі, квадрацікі, розныя па колеры і па велічыні» [1, c. 30].

Першая задача - навучыць правільна выкарыстоўваць замяшчальнікаў. Замяшчэнне асноўваецца на якім-небудзь адрозненні паміж персанажамі. Гэта могуць быць адрозненні па колеры (напрыклад, кракадзіл будзе малявацца зялёным кружком, сонца - жоўтым), па велічыні (слон - вялікі кружок, мышка - маленькі). Спачатку таксама неабходна навучыць дзяцей адбіраць замяшчальнікаў для абазначэння персанажаў казкі. Ад вучня будзе патрабавацца так выбіраць кружкі, каб адразу было зразумела, якая ліса, а які - воўк. Калі дзіця не можа выбраць замяшчальніка самастойна, то настаўнік дапамагае яму ў гэтым.

На першых занятках лік кружкоў павінен супадаць з лікам замяшчаемых аб'ектаў (2-3), далей неабходна ўводзіць лішнія кружкі, каб вучань сам выбіраў патрэбныя і абавязкова тлумачыў свой выбар. Калі працэс адбору замяшчальнікаў засвоены, можна пераходзіць да разыгравання з іх дапамогай простых сюжэтаў.

Напрыклад, можна прапанаваць расказаць дзецям добра вядомую казку «Першае яечка», пры гэтым размяркуйце фігуркі персанажаў на адным баку дошкі, а іх замяшчальнікі вучні падбіраюць і размяркоўваюць на другім. У наступны раз раскажыце зноў казку, а дзеці няхай самастойна адбіраюць намеснікаў персанажаў і складваюць наглядную мадэль казкі на дошцы, дзе ёсць малюнак вясковай хаты.

Падрыхтуем маленькі белы кружок - гэта яечка, маленькі шэры кружок - гэта мышка, а палоскі рознай даўжыні, але аднаго колеру - гэта астатнія героі казкі (дзед і баба).

Яшчэ адзін прыклад разыгрывання беларускай народнай казкі «Зайкава хатка» (лісічка - аранжавы кружок, зайчык - белы, воўк - шэры, мядзведзь - карычневы, пеўнік - зялёны).

Пасля такіх ўрокаў дзеці змогуць самастойна расказаць казку, карыстаючыся замяшчальнікамі, а потым - і без іх. Разыграванне казак дазволіць дзецям лепш засвоіць іх змест, запомніць паслядоўнасць падзей, перадаць сваё стаўленне да ўчынкаў герояў.

У залежнасці ад таго, наколькі вучань авалодаў мадэляваннем, трэба змяняць паўнату разыгравання казкі. Спачатку хопіць таго, каб дзіця толькі паказвала кружок, што адпавядае персанажу, пра які ў дадзены момант чытае настаўнік [2, с. 32].

Затым трэба пераходзіць да малюнка дзеянняў персанажаў. Калі дзіця не здагадваецца само, як намаляваць дзеянне, яму трэба падказаць ці паказаць. Адзін з вучняў чытае казку, а астатнія тым часам разыграваюць яе. Аднак настаўнік папярэджвае чытача, што не варта спяшацца, неабходна чытаць павольна, бо астатнім вучням трэба разыграць кожную сцэну.

Адзін з варыянтаў мадэлявання - гэта сімвалізацыя ці сімвалічная аналогія. Гэты варыянт заснаваны на паняцці «графічная аналогія» (уменне пазначыць якім-небудзь знакам рэальны вобраз ці некалькі вобразаў, вылучыўшы ў іх агульныя прыметы), з дапамогай якога вучняў падводзім да прыёму «згортванне» - уменне вылучыць у вобразе самае галоўнае.

Вучні вучацца маляваць знакамі прадметы, герояў казак. Можна прапанаваць дзецям скласці мадэль казкі, у якой апрача вобразаў герояў можна намаляваць іх дзеянні. Для гэтага вучні атрымліваюць доўгія вузкія лісточкі (на іх зручней размясціць дзеянні паслядоўна) і адзін каляровы аловак («шматкаляровасць» перашкаджае дзецям сканцэнтравацца).

Чытаючы ці расказваючы казку, настаўнік прапануе дзецям «запісаць» яе так, як «запісаў» бы яе старажытны чалавек, які не ведаў літары. Пачынаць трэба з незнаёмай казкі, інакш малюнкі будуць апярэджваць тэкст. Калі мадэлі казак гатовыя, настаўнік прапануе дзецям разгледзець малюнкі-запісы, указваючы на тое, што казка адна, а малюнкі-запісы розныя. Самае цікавае, што любую мадэль, акрамя яе аўтара, ніхто правільна прачытаць не можа. Дзеці могуць "прачытаць" свае запісы і па гэтых жа мадэлях скласці новыя казкі: ці па сваім «запісе» ці па "запісе" таварыша.

Яшчэ адзін з варыянтаў мадэлявання - «Карты Пропа». Карты, якія выкарыстоўваюцца ў пачатку работы з тэкстамі, выконваюцца ў сюжэтнай манеры (на кожнай карце малюецца адна з дваццаці функцый казкі, якія вылучыў У.Я. Проп: ад'езд героя, барацьба і г. д.). У далейшым выкарыстоўваюцца карты з даволі сціснутым схематычным малюнкам кожнай функцыі. Рыхтуючы карты-апоры, настаўнік выбірае для пазначэння функцыі такі знак, які быў бы зразумелы дзецям, ці разам з імі абгаварвае кожны малюнак.

Знакі, прыдуманыя самімі дзецьмі, арганізуюць запамінанне, і ўсведамленне іх працякае больш прадуктыўна. Найбольш часта ў дзіцячых казках ужываюцца адзначаныя ў табліцы 1 дзеянні і функцыі.

 

Табліца 1. - Асноўныя дзеянні ў казках і іх функцыі

 

1

 

Карты Пропа выкарыстоўваюцца наступным чынам:

1.    Прайграванне знаёмай казкі, дыферэнцыяцыя на сэнсавыя часткі і суаднясенне з вызначанай функцыяй. Прачытаўшы і падзяліўшы казку на сэнсавыя часткі, дзеці абмяркоўваюць кожную з іх з настаўнікам, разам яны даюць ёй назву. Калі прапанавана некалькі назваў, блізкіх па сэнсе, выбіраецца самая дакладная і ёмістая. Даць правільную назву - значыць расшыфраваць інфармацыю, якую пасля можна «схаваць» у карце пры дапамозе выяўленчых сродкаў. Такім чынам, дзеці суадносяць паміж сабой дзве сістэмы: маўленчую і графічную. Гэта дапамагае дзецям падысці да разумення таго, што казка - гэта гнуткае ўтварэнне, якое складаецца з элементаў, і што казачнікам можа быць само дзіця.

2.    Сумесны пошук і знаходжанне абазначаных функцый у зноў прапанаваных для праслухоўвання казках. Чытаючы новую, незнаёмую казку, на працягу ўрока трэба выкарыстоўваць не больш за 3-5 карт-функцый, інакш у вучняў знікае цікавасць ці настае ператамленне.

3.    Самастойны пошук функцый дзецьмі спачатку на матэрыяле знаёмых, затым новых казак.

4.    Цэласнае засваенне казачных функцый. Дзеці, выкарыстоўваючы ўвесь камплект карт, паслядоўна прайграваюць развіццё казачнага сюжэту.

5.    Складанне казак. Пачынаць прыдумляць казкі лепш за ўсё калектыўна і выкарыстоўваючы абмежаваны набор карт, тады рэалізацыя мэты будзе больш прадуктыўнай. Паступова для складання казкі дадаецца па 3-4 дадатковыя карты, пакуль не будзе задзейнічаны ўвесь набор. Калі вучні засвоілі прыдумванне казак па парадку функцый, можна прыступаць да складання ўсляпую, гэта значыць, выцягваючы наўгад любую карту з перавернутай уніз малюнкам калоды. Змест прыдуманай казкі дзеці пры жаданні могуць праілюстраваць з дапамогай малюнкаў.

6.    Праца з індывідуальным наборам карт. Кожны вучань атрымлівае ці вырабляе ўласны камплект карт і працуе з імі па сваім меркаванні: прыдумляе новы твор ці мадэлюе знаёмае. Спачатку дзецям можна прапанаваць гатовую назву казкі, акрэсліць з імі месца дзеяння і колькасць персанажаў - такі прыём палягчае самастойную літаратурную творчасць у перыяд яго засваення. Пасля гэтага дзейнасць набывае поўную самастойнасць. Дзеці самі прыдумляюць назву, месца дзеяння, герояў і вызначаюць іх колькасць, сэнсавую нагрузку, надзяляючы кожнага з іх адпаведнымі маральнымі якасцямі, вобразнымі характарыстыкамі.

У далейшым варыянты працы з картамі Пропа па прыдумванню казачных сюжэтаў могуць быць самымі разнастайнымі: складанне па чарзе, групамі, з канца, з сярэдзіны; выкарыстанне карт па парадку, праз адну, наўгад, па вызначанай колькасці; дзяленне казкі на сэнсавыя часткі (прысказка, зачын, завязка і г.д.); выбар галоўнага героя; мадыфікацыя знаёмай казкі за кошт абмежавання ці павелічэнні выкарыстоўваемых функцый.

Сюжэт казкі павінен быць насычаны дзеяннямі, багаты дыялогамі.

Спачатку неабходна навучыць дзяцей складанню казкі па прадметна-схематычнай мадэлі. Напрыклад, паказаць прадмет ці малюначак, які павінен стаць адпраўной кропкай дзіцячай фантазіі.

Прыклад: чорная хатка (гэта можа быць хатка бабы Ягі ці каго-небудзь яшчэ, а чорная яна таму, што той, хто жыве ў ёй, - злы)

На наступным этапе можна прапанаваць некалькі картак з ужо гатовым схематычным малюнкам герояў (людзі, жывёлы, казачныя персанажы, з'явы, чароўныя аб'екты). Дзецям застаецца толькі зрабіць выбар і прыдумванне казкі пойдзе хутчэй. Калі дзеці асвояць спрошчаны варыянт працы са схемамі да казкі, яны ўжо змогуць самастойна намаляваць схему да сваёй прыдуманай казачнай гісторыі і расказаць яе з апорай на мадэль. Мадэляванне дае магчымасць змяніць сам падыход да пытання навучання і выхавання малодшых школьнікаў. Звычайна ў аснове заняткаў ляжыць засваенне дзецьмі ведаў, уменняў і навыкаў, вызначаных праграмай. Інакш кажучы, кіраванне развіццём дзіцяці пры гэтым ажыццяўляецца ўскосным шляхам. Але многія псіхолагі даказалі магчымасць прамога развіцця малодшых школьнікаў пры авалоданні дзеяннямі замяшчэння і нагляднага мадэлявання.

Акрамя таго, у залежнасці ад мэт і задач, якія ставяцца на тым ці іншым уроку, можна выкарыстоўваць у працы чатыры каляровыя фішкі з літарнымі абазначэннямі:

- фішка сіняга колеру з літарным абазначэннем «Р» - «расказ пра героя» (абазначае, што дзіця павінна не толькі апісаць вонкавы выгляд персанажа, але і даць характарыстыку яго чалавечым якасцям);

- фішка зялёнага колеру - з літарным абазначэннем «А» - «апісанне мясцовасці» (абазначае, што аўтар казкі павінен расказаць пра месца і час дзеяння падзей);

- фішка жоўтага колеру з літарным абазначэннем «Г» - «гутарка» (абазначае, што малодшы школьнік павінен увесці ў казку дыялог паміж двума персанажамі).

- фішка белага колеру з літарным абазначэннем «П» - «параўнанне» (абазначае, што дзіця павінна параўнаць паміж сабой двух герояў казкі па вонкавых дадзеных і іх асабістых якасцях).

На аснове вышэй пералічаных картак-схем, якія абазначаюць структурныя адзінкі казкі, малодшыя школьнікі даследуюць асаблівасці складання казак і авалодваюць тонкасцямі стварэння новых казачных канструкцый.

Праведзенае даследаванне паказала, што мадэляванне казак садзейнічае развіццю маўлення і чытацкіх здольнасцей вучняў пачатковых класаў: чытаннем казак у свабодны ад заняткаў час адводзіць 65 % вучняў класа (на канстатавальным этапе гэты паказчык быў роўны 40 %) і толькі 5 % (1 вучань) па-ранейшаму не праявіў чытацкай актыўнасці да казак; па жанравай асаблівасці дзеці аддаюць перавагу чарадзейным казкам (45 %) і казкам пра жывёл (40 %), на бытавыя казкі прыйшлося толькі 15 %; на канстатвальным этапе апрабацыйнай работы 25 % дзяцей любіла дзяліцца сваімі ўражаннямі пасля прачытвання казкі, то на кантрольным этапе гэты працэнт павысіўся да 75 %; аб'ём актыўнага і пасіўнага слоўніка ў дзяцей адпавядае ўзроставай норме і прадстаўлены рознымі марфалагічнымі катэгорыямі (назоўнікамі, дзеясловамі, прыметнікамі, прыслоўямі, і інш.), але дзеці кантрольнага класа паказалі цяжкасці ў актывізацыі слоў; узровень пасіўнага слоўнікавага запасу ў канцы апрабавання ў вучняў рабочага класа ўзрос на 25 % і на 10 % у вучняў кантрольнага класа; у 30 % вучняў рабочага класа ўзровень актыўнага слоўнікавага запасу павысіўся, у той час як у кантрольным класе гэты паказчык роўны 15 %.

Такім чынам, для падтрымання цікавасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту на ўроках літаратурнага чытання пры рабоце над казкамі неабходна праводзіць іх мадэляванне з улікам узросту і індывідуальных асаблівасцей дзяцей. Прычым не ўсякая казка падыходзіць для гэтага віду дзейнасці, таму што мадэляванню падлягаюць казкі, якія насычаны дзеяннямі і багаты дыялогамі. Акрамя таго, выкарыстанне мадэлявання эфектыўна ўплывае на развіццё ў малодшых школьнікаў памяці, уяўлення, лагічнага мыслення, а таксама развівае маўленне, творчую актыўнасць.

 

 The article describes, how to teach children fairy tales modeling and why modeling plays an important role in  the process of working with a fairy tale at the elementary school.

 

Спіс літаратуры

 

1. Венгер, Л.А. Домашняя школа / Л.А. Венгер, А.Л. Венгер. – М.: Знание, 1994. – 246 с.

2. Комарова, Т.С. Дети в мире творчества: книга для педагогов дошкольных образовательных учреждений / Т.С. Комарова. – М.: Мнемозина, 1995. – 160 с.