Заданні да лекцыі 7
* Заданне 2. Прачытайце тэксты. Вызначце тып выкладу гэтых тэкстаў, сродкі сувязі ў тэксце, абгрунтуйце свае назіранні.
Ён прыгожы заўсёды, у любую часіну года.
I тады, калі, прачнуўшыся ад зімовага сну, светла і ўсхвалявана гамоняць маладым лісцём дрэвы, а зялёна-смарагдавы колер зямлі, аблашчанай сінякрылым ветрам, радуе вока бязмежнаю прагай жыцця.
I тады, калі ў кожнай красцы на густатравых лугах клапатліва і заюшана працуюць пчолы, калі набіраюцца лета і моцы нівы, гадуючы і спелячы каласы, калі кветкі, промні і птушыныя песні яднаюцца ў непаўторную мелодыю жыцця, якая запаўняе сабою лугі, палі, лясы.
I тады, калі прыкметна цішэе ў прасторах, калі на палях па-восеньску пахне ўжо свежаю саломаю і новым зернем, якое шчодрымі сваімі рукамі высыпаюць камбайны ў кузавы машын, калі пад нагамі шамаціць апалае лісцё, а жоўты колер, палінаваны павуцінкамі бабінага лета, пануе ўжо там, дзе яшчэ нядаўна было так шматкалёрна, гаманліва, весела.
I тады, калізямля робіцца белаю-белаю, калі мяцеліцы спяшаюцца як найхутчэй укрыць ад марозаў кожны карэньчык, кожны парастак, калі прамярзаюць да апошняй пушынкі ў голым суччы птушыныя гнёзды, якія летам хаваліся ў густым лісці, а цяпер адны толькі і асталіся на распранутых дрэвах.
У холад і ў спёку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, з ветрам і без ветру, маладзіком і ў поўню, летам і зімою ён заўсёды прыгожы, наш родны, наш любы край.
Прылятаюць дадому птушкі ці адлятаюць у вырай, з вялікім сумам развітваючыся з радзімаю; кладзецца на паплавы пушысты снег ці яго зганяюць у рэчкі і азёры паласкавелыя напрадвесні промні; праклёўваюцца лісты з набрынялых пупышак, ці яны, пражыўшы свой год, сваё жыццё, ціха кружачыся, злятаюць на дол, – нас заўсёды радуюць дарагія кожнаму з дзяцінства, такія знаёмыя і такія жаданыя краявіды.
Наш родны беларускі край. Ён прыгожы і па-свойму адметны на поўначы і на поўдні, на ўсходзе і на захадзе. Там, дзе цячэ Дзвіна, у якую па-паўночнаму задумліва глядзяцца елкі і сосны, і пятляе між палёў Бярэзіна; дзе струменіць, набіраючыся сілы, Нёман і шырыцца, выбіраючыся з балот, Прыпяць, дзе гамоніць з высокімі берагамі Дняпро і трэцца хвалямі аб лодкі паўднёва-ласкавы Сож...
Ён, наш край, прыгожы і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі, сваімі лясамі і лугамі, сваімі сцежкамі і дарогамі...
Белавежская пушча і Браслаўскія азёры, Палессе і Свіцязь, Налібокі і Нарач, Бярэзінскі запаведнік і маленькая рэчка Проня – усё гэта наш родны край, наша спадчына, якая аднойчы і назаўсёды даецца кожнаму чалавеку разам з жыццём.
Так, спадчына. Неацэнная. За ўсё даражэйшая. Але хто калі лічыў, хто калі задумаўся, колькі ж на душу насельніцтва, на душу кожнага з нас прыпадае кветак, матылёў, дрэў, птушак, крынічак? Усяго гэтага мы, занятыя вечным клопатам, паўсядзённаю працаю, часцей за ўсё не заўважаем – яно для нас такое ж звыклае і будзённае, як і паветра, – гэты цуд прыроды! – якім мы безуважна, раўнадушна дыхаем.
Так, мы звыкла ўсім гэтым карыстаемся. Часам нават забываемся, што прырода – не толькі для нас адных, хоць чалавек і з’яўляецца самаю лепшаю аздобаю любога краявіду. Што, беручы ў яе ўсё, чым яна так шчодра з намі дзеліцца, трэба думаць пра будучыню і абавязкова трэба пакідаць у ёй месца і той жа рэчцы, і таму ж буслу, і той жа травінцы, і таму ж мурашу. Пакідаць усё, што ім трэба.
Бо ўсе мы на гэтай зямлі суседзі – рэчка і бусел, дрэва і травінка, кветка і пчала, мураш і чалавек. Усе мы зямляне. Бо зямля ў нас адна, яна агульная для ўсіх. I мы маем радасць суіснаваць на ёй. Жыць у дружбе і ва ўзаемнай павазе.
Таму, беручы ў прыроды, мы абавязаны захоўваць яе багацці і павялічваць іх. Беручы – аддаваць.
Кожны павінен любіць свой край. Бо чалавек, які любіць зямлю, на якой нарадзіўся і якая ласкава называе яго сваім сынам, паважае свой край, які ўзгадаваў яго, робіцца моцны і мудры – ён не зможа тады пагардліва ставіцца да іншых краёў, іншых земляў (Янка Сіпакоў).
Людзі часта бываюць безразважнымі
І адно пра свой інтарэс дбаюць.
Прабачай ім – што будзе, то будзе.
Калі хочаш людзям дабра,
То цябе абвінавацяць у себялюбстве
I нізкіх намерах.
А ты будзь добры – што будзе, то будзе.
Калі дасягнеш поспеху,
Знойдзеш шмат ілжывых сяброў
I яшчэ больш сапраўдных ворагаў.
Старайся дабіцца поспеху – што будзе, то будзе.
Калі будзеш адкрыты і шчыры,
Людзі пакарыстаюцца табой для сябе.
Будзь адкрыты і шчыры – што будзе, то будзе.
А нехта за адну ноч можа
Знішчыць тое, што ты будаваў праз гады.
Будуй сваё – што будзе, то будзе.
Калі знойдзеш спакой і шчасце,
Многія будуць табе зайздросціць.
Будзь шчаслівы – што будзе, то будзе.
Пра дабро, якое чыніш сёння,
Людзі, напэўна, забудуць заўтра.
Рабі дабро – што будзе, то будзе.
Аддавай усё, колькі можаш,
А табе скажуць, што гэтага мала.
Што будзе, то будзе – аддавай колькі можаш.
Бачыш, у астатнім рахунку
Лічыцца толькі тое, што было паміж табой і Богам.
Бо паміж табой ды «імі» і так ніколі нічога не было.
(Маці Тэрэза)