Самойла А.І. АРГАНІЗАЦЫЯ І АЖЫЦЯЎЛЕННЕ ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ НА АСНОВЕ НАРОДНАЙ ПЕДАГОГІКІ Ў ПЕРАДАВЫМ ВОПЫЦЕ НАСТАЎНІКАЎ
Главная Экологическая педагогика Самойла А.І. АРГАНІЗАЦЫЯ І АЖЫЦЯЎЛЕННЕ ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ НА АСНОВЕ НАРОДНАЙ ПЕДАГОГІКІ Ў ПЕРАДАВЫМ ВОПЫЦЕ НАСТАЎНІКАЎ
Самойла А.І. АРГАНІЗАЦЫЯ І АЖЫЦЯЎЛЕННЕ ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ НА АСНОВЕ НАРОДНАЙ ПЕДАГОГІКІ Ў ПЕРАДАВЫМ ВОПЫЦЕ НАСТАЎНІКАЎ

УДК 37.064.2

 

А.І. Самойла,

студэнка 4 курса педагагічнага факультэта

(навуковы кіраўнік – М.А. Зянькова, дацэнт)

 

АРГАНІЗАЦЫЯ І АЖЫЦЯЎЛЕННЕ ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ НА АСНОВЕ НАРОДНАЙ ПЕДАГОГІКІ Ў ПЕРАДАВЫМ ВОПЫЦЕ НАСТАЎНІКАЎ

 

Прааналізаваны вопыт настаўнікаў па арганізацыі і ажыцяўленню выхаваўчага працэсу малодшых школьнікаў, выкарыстоўваючы матэрыялы народнай педагогікі. Зроблены вынік аб неабходнасці сістэматычнага выкарыстання сродкаў народнай педагогікі ў выхаваўчым працэсе.

 

Выхаванне павінна забяспечыць засваенне духоўнай культуры свайго народа, яго гісторыі, сфарміраваць пачуццё адзінства са сваёй Зямлёй, Радзімай, Бацькаўшчынай, са сваім народам. Вырашэнню гэтых задач спрыяе арганізацыя выхаваўчага працэсу з улікам магчымасцей народнай педагогікі.

Да выкарыстання народных педагагічных традыцый  трэба падыходзіць творча. Галоўным крытэрыем выбару сродкаў і метадаў з’яўляецца адпаведнасць гуманістычным і дэмакратычным ідэалам народа. Калі зыходзіць з гэтага крытэрыя, прыказку «Вучы народ, вучыся і ў народа» трэба разумець такім чынам, што ў сваёй дзейнасці выхавальнік вучыцца ў народа, але ж выкарыстоўвае толькі станоўчае, што назапашана народам на працягу шматгадовай гісторыі.

Пазакласная і пазашкольная работа дае вялікую магчымасць для творчага выкарыстання народных педагагічных традыцый. Сёння адной з традыцыйных форм арганізацыі выхаваўчай работы ў пазашкольны час з’яўляецца класная гадзіна. У народзе здаўна існуе такая апрабаваная форма правядзення гадзін, як вячоркі, супрадкі, пасядзелкі. У сённяшніх умовах гэта традыцыя і важная форма народнай педагогікі набывае новае жыццё. У некаторых школах, напрыклад, такіх, як Парэцкая сярэдняя школа, уваходзіць у традыцыю арганізоўваць так званыя «Беларускія вячоркі»,  якія знаёмяць малодшых школьнікаў з гісторыяй народа, яго традыцыямі, звычаямі, шматгранным фальклорам. Для таго, каб пасядзелкі не толькі па форме, але і па змесце адпавядалі мэце выхавання, настаўнік на адной з першых класных гадзін павінен азнаёміць выхаванцаў  з гэтай народнай традыцыяй і прапанаваць адрадзіць яе ў класе. Ён сумесна з вучнямі раскрывае магчымасці варыятыўнага выкарыстання народнай педагогікі на пасядзелках.

У натуральных абставінах на класнай гадзіне (пасядзелках) могуць вырашацца ўсе пытанні. Выбар неабходных сродкаў і метадаў належаць настаўніку-выхавацелю. Галоўнае, каб у пасядзелках актыўна і зацікаўлена прымалі ўдзел усе вучні, каб усё гэта прыходзіла ў радаснай, захапляючай, займальнай форме, каб выхаванцы не адчувалі ніякага прымусу і навязванння зверху.

Гульня – шырока распаўсюджаны і эфектыўны сродак і метад выхавання ў народнай педагогіцы. Трэба заўважыць, што праблема выкарыстання народнай гульні ў якасці педагагічнага сродку і метаду цікавіла вучоных  і педагогаў здаўна. У прыватнасці, педагагічная каштоўнасць гульні быда адназначна ў 20-я гады 20 стагоддзя, калі ў Маскве быў створаны навукова-даследчы інстытут па вывучэнні дзіцячых гульняў і цацак. Аднак шырокага ўжывання ў выхаваўчай рабоце школы даследванні інстытута не знайшлі. Сёння вучоныя, педагогі зноў звяртаюцца да праблемы вывучэння і ўкаранення ў практычнае жыццё, выхаваўчую работу народных гульняў. У прыватнасці, на Беларусі створаны навукова-метадычны цэнтр гульні і цацкі.

У падрыхтоўцы мерапрыемства для малодшага школьнага ўзросту многія настаўнікі прапануюць выкарыстоўваць гульню. Напрыклад, для выканання практычных заданняў у падрыхтоўцы свята «Масленіцы» настаўніца пачатковых класаў СШ № 32 г. Гродна –Міхалковіч С.І. – арганізавала тры группы з улікам жадання дзяцей: «Артысты», «Забаўнікі», «Працавічкі». «Артысты» былі актыўнымі ўдзельнікамі свята. «Забаўнікі» арганізоўвалі розныя гульні, забавы (коўзанне на лядзешках, санках з гары). «Працавічкі» адказвалі за ўсе працоўныя справы: рыхтавалі вогнішча, рабілі чучала Зімы, добраўпарадкоўвалі месца правядзення свята. Такім чынам, настаўніцы ўдалося арганізаваць і захапіць працай усіх дзяцей; ніхто не застаўся абыякавым, кожны атрымаў падарунак – печыва ў выглядзе жаваранка.

Свята – таксама надзены сродак народнай педагогікі. Падрыхтоўка да свята і само святкаванне заўсёды мелі глыбокі гуманістычны сэнс, напаўнялі жыццё людзей, моладзі, малодшых дзяцей, спрыялі этнічнай кансалідацыі, выхаванню і ўмацавання нацыянальнай супольнасці людзей.

Арганізатары каляндарна-абрадавых свят, якія ў апошнія гады пачалі праводзіць іх у школах, павінны ўлічваць, што свята – актыўныя зносіны вучняў паміж сабой і дарослымі, іх творчы ўдзел ва ўрачыстасці. У час падрыхтоўкі да каляндарна-абрадавага свята актуалізуецца і разгортваецца фальклорна-краязнаўчая дзейнасць, пашыраецца сфера ўжывання роднай мовы, прапагандуецца нацыянальная культура, народныя танцы і спевы, адраджаюцца традыцыі роднага краю, што і стварае атмасферу нацыянальнага адзінства.

Выхаваўчая работа, пабудаваная на матэрыялах народнай педагогікі, уключае падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў, звязаных са звычаямі і абрадамі сямейнага жыцця, побытам беларусаў, з мастацка-эстэтычнай дзейнасцю ў розных жанрах і відах матэрыяльнай і духоўнай творчасці. Прыкладам падобных мерапрыемтсваў могуць быць: Беларускі кірмаш, Вяселле, свята, народныя цацкі, этнаграфічныя вечарыны, беларускія пасядзелкі, фальклорныя святы, выставы, конкурсы нацыянальнай мастацкай творчасці і  інш.

Сэнс арганізацыйна-выхаваўчай работы на этапе падрыхтоўкі заключаецца ў тым, каб, па-першае, вызначыць педагагічную мэтазгоднасць правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Па-другое, трэба псіхалагічна і практычна падрыхтаваць вучняў да мерапрыемства: зацікавіць, дапамагчы ўсвядоміць значнасць яго для вучня і для ўсяго калектыва, забяспечыць актыўную пазіцыю кожнага выхаванца ў ходзе падрыхтоўкі.

Спецыфіка свят, мерапрыемтваў, якія праводзіліся на матэрыяле народнай педагогіка заключаецца ў тым, што ў іх падрыхтоўцы і правядзенні можа прымаць удзел не толькі школа, але і ўся вёска, вуліца, мікрараён у горадзе. Так, напрыклад, у вопыце сярэдняй Дубленскай школы Бярэзінскага раёна асобныя святы сталі здабыткам радасці. Тут склалася адзінства бацькоў, выхавальнікаў, настаўнікаў і вучняў, без якога немагчыма атмасфера ўсебаковага ўплыву на асобу.

Цікавыя знаходкі творчага выкарыстання народнай педагогікі ў выхаваўчых мэтах сустракаецца як сярод школьных настаўнікаў, так і сярод працаўнікоў пазашкольных устаноў. Напрыклад, у цэнтры пазашкольнай працы Кастрычніцкага раёна горада Віцебска працуе аўтар праграмы «Кругаварот святаў» З.Я. Махлаева. Праграма гуртка «Кругаварот святаў» накіравана на стварэнне цэласнай сістэмы навучання традыцыйнай народнай творчасці. Тэматыка і змет усіх заняткаў заснаваны на аснове каляндарна-абрадавага цыкла беларусаў, гадавого кругавароту свят.

Прынцыпова важна, што аўтарская праграма пабудавана на аснове народнай педагогікі, распрацавана так, каб навучэнцы маглі атрымаць комплексныя веды па розных накірунках (вучная народная творчасць, дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць, сцэнічнае майстэрства, асновы даследчай працы). Заняткі праводзяцца на беларускай мове. Веды ў галіне фальклору, традыцый і абрадаў набываюцца і замацоўваюцца падчас арганізацыі і правядзення свят каляндарна-абрадавага цыклу. Сцэнарыі свят распрацаваны на аснове энцыклапедычных даследаванняў. Праграма разлічана на 144 гадзіны. Час яе рэалізацыі – 1 год. Прызначана для навучэнцаў 7–13 гадоў.

Мэта курса – эстэтычнае выхаванне і гуманітарная адукацыя вучняў у працэсе мастацкай творчасці пры вывучэнні каляндарна – абрадавага цыкла беларусаў.

Структура праграмы:

1.    Уводзіны.

2.    Свята «Багач».

3.    Свята «Калядкі».

4.    Ярыла – бог Сонца.

5.    Свята «Купалле».

6.    Даследчая дзейнасць. Дадатковыя гадзіны.

Наведваючы гурток, вучні набываюць веды аб асноўных традыцыйных святах беларусаў, аб  існаванні міфалагічных багоў і духаў гэтых свят. Дзеці атрымліваюць навыкі дзейнасці, цікавяцца гісторыяй роднага краю, майстрамі, абрадамі.

Вывучэнне практыкі выхаваўчай работы ў школе сёння сведчыць аб тым, што адбываецца цікавасць да духоўнай нацыянальнай культуры. Ініцыятыўныя настаўнікі ўсведамляюць неабходнасць выхавання на нацыянальных «каранях» і традыцыях, знаходзяцца ў пошуку розных форм выхаваўчай работы, заснаваных на матэрыяле народнай педагогікі. Трэба імкнуцца, каб гэта работа насіла ўсеагульны характар, а правядзенне пэўных мерапрыемстваў складала пэўную сістэму ў працэсе выхаваўчай работы як асобных класаў, так і школ.

 

The analysis of experience of teachers of initial classes on the organisation and realisation of educational process of younger schoolboys is carried out, using materials of national pedagogics. The conclusion is drawn on necessity of regular usage of means of national pedagogics for educational process.

 

Спіс літаратуры

 

1.         Арлова, Г.П. Беларуская народная педагогіка / Г.П. Арлова. – Мінск: Нар. асвета, 1993. – 120 с.

2.         Арлова, Г.П. Народная педагогіка як сродак выхавання вучняў: дамап. для педагогаў агульнаадукац. устаноў і ўстаноў пазаш. выхавання і навучання / Г.П. Арлова. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2009. – 144 с.