Тэма: Танцавальная музыка беларускага народа (працяг).
“Зайграй жа мене, дударочку,
А я патанцую”.
(З песні)
Мэта: Замацаваць у памяці вучняў найбольш вядомыя беларускія народныя танцы.
Задачы:
- знаёміць з гучаннем і выглядам беларускіх народных інструментаў;
- развіваць выканальніцкія ўменні;
- развіваць музычныя і творчыя здольнасці;
- выхоўваць інтарэс да інструментальнай народнай музыкі;
- фарміраваць нацыянальную самасвядомасць.
Тып урока: паглыбленне і абагульненне тэмы.
Музычны матэрыял:
- “Лявоніха”.Беларускі народны танец.
- “Бульба”. Беларуская народная песня-танец.
- “Юрачка”. Беларускі народны танец.
- “Беларускія мелодыі”.
- “Беларусы мы”. Словы А. Жукава, музыка В. Шмата.
Абсталяванне ўрока:
- таблічкі з тэмай, эпіграфам;
- нотная табліца песні “Бульба”;
- ілюстрацыі беларускіх народных інструментаў;
- афіша арт-групы “Беларусы”;
- музычныя інструменты (бубны, барабаны, бразготкі, трохвугольнікі);
- фоназапіс твораў: “Лявоніха”, “Юрачка”, “Беларускія мелодыі” (у выкананні інструментальнай групы ансамбля “Харошкі”); “Беларусы мы”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Вучні ўваходзяць у клас і слухаюць да канца беларускі народны танец “Лявоніха”, называюць яго.
“На сцэне “Лявоніхі” тупат спорны,
На сцэне полька канае ў гуле…”
– Так сказаў аб гэтым танцы беларускі паэт Р. Барадулін. Вы згодны, што “тупат спорны,” што “полька канае ў гуле?” ( “Лявоніха” гучыць весела, хутка, як полька… Калі танцуюць польку, то шмат шуму…).
Распяванне. “Лявоніха” – 1 куплет.
- Мы ведаем, што “Лявоніха” не толькі танцуецца, але і спяваецца. Успомнім першы куплет і выканаем яго ў характары: весела, пругка. (Спяваюць).
Далейшая праца над песняй “Бульба”.
- Якую вы яшчэ ведаеце беларускую народную песню-танец, якая таксама гучыць як полька?
- “Бульба”!
Вучні спяваюць, настаўнік працуе над тым, каб песня гучала лёгка, пругка, інтанацыйна – чыста, некрыкліва, “сабраным” (акругленым) гукам, у характары – весела, гульнёва, з запалам.
Творчасць вучняў.
- Хто дома прыдумаў рухі да песні? Прадэманструйце іх.
Вучні паказваюць рухі. Настаўнік выбірае найбольш цікавыя і яны развучваюцца ўсім класам (калектыўная творчасць), а затым выконваюцца разам са спевамі.
Слуханне беларускага танца “Юрачка” (варыяцыі).
- Зараз вы пачуеце яшчэ адзін беларускі народны танец – “Юрачка”. Паслухайце і дакажыце, што гэта народная музыка. (Гучаць варыяцыі на тэму беларускай народнай песні-танца “Юрачка”).
- Гучалі народныя інструменты… Адна і тая ж мелодыя паўтаралася шмат разоў, але ў выкананні розных інструментаў… Гэта форма варыяцый! А мы ведаем, што ў гэтай форме робяць апрацоўкі народнай музыкі…
- Малайцы! А якія інструменты гучалі, хто што пачуў?
- Баян, дудачкі, свістулькі, трохвугольнік…
- Паглядзіце, як выглядаюць гэтыя інструменты (настаўнік паказвае ілюстрацыі ці адкрыткі, на якіх адлюстраваны інструменты або музыканты, якія іграюць на гэтых інструментах - баяне, гармоніку, дудачках, свістульках…). А вось інструмент, які вы не вызначылі па гучанню – жалейка. Чаму яго так назвалі, хто як думае? (…). Так, ён гучыць мякка, пявуча і жаласна, нібы кагосці шкадуе.
- Беларускі музычны інструментарый вельмі багаты і разнастайны. Паслухайце беларускія народныя мелодыі і пастарайцеся пачуць гучанне некаторых музычных інструментаў. Пакажыце рухамі рук тыя, якія пазнаеце: імітуйце ігру.
Гучаць беларускія народныя мелодыі ў выкананні інструментальнай групы ансамбля “Харошкі,” вучні пластыкай рук імітуюць ігру на інструментах.
- Вам спадабалася музыка? Чым? (…). Так, музыка запрашала нас танцаваць! Паглядзіце на эпіграф нашага сённяшняга ўрока:
“Зайграй жа мне, дударочку,
А я патанцую…”
(З песні)
- Дык давайце патанцуем!
Зноў гучыць музыка, вучні танцуюць разам з настаўнікам (танцавальная імправізацыя).
- Назавіце беларускія народныя танцы, з якімі вы пазнаёміліся на нашых уроках. (…). Што ж характэрна для музычнай мовы беларускіх народных танцаў? (…).
Абагульненне тэмы аб фальклорнай музыцы.
- Сёння мы завяршаем урокі, прысвечаныя беларускаму музычнаму фальклору. Але гэта не значыць, што мы не сустрэнемся больш з народнай песняй ці танцам. Не! Адкажыце, што дапамагло беларускаму народу скласці такія цудоўныя, разнастайныя песні і танцы?
- Талент! Вясёлы нораў! Шчырасць! Мудрасць! Гумар! Дабрыня!
- Так, тое, чым багата душа беларускага чалавека. Мудрая прымаўка беларускага народа кажа: “Думай добра, рабі добра і будзе добра”. Ці не адчулі мы ў народных песнях і танцах гэту дабрыню?! Шчырасць? Гумар? Вясёлы нораў?! Хочацца, каб вы помнілі, што мы – беларускі народ. А таму паважалі і шанавалі нашы традыцыі, звычаі. Ведалі і выконвалі свае беларускія песні і танцы.
Слуханне і выхад з класа пад песню “Беларусы мы” (у выкананні арт-групы “Беларусы”).