Тэма: Танцавальная музыка беларускага народа.
“Мы танцуем, мы гуляем –
Аж зямеліка дрыжыць”.
(З песні)
Мэта: Зацікавіць вучняў танцавальнай музыкай беларускага народа.
Задачы:
- раскрыць тэмы, сюжэты беларускіх народных танцаў;
- падкрэсліць асаблівасці беларускіх народных танцаў;
- пазнаёміць з беларускімі народнымі інструментамі (выгляд, гучанне);
- замацаваць паняцце “варыяцыя”;
- развіваць выканальніцкія ўменні і творчыя здольнасці (ігра ў ансамблі, складанне суправаджэння і інш.);
- развіваць тэмбравы слых;
- выклікаць інтарэс да народнай інструментальнай музыкі;
- выхоўваць патрыятычныя пачуцці ў дзяцей;
- пазнаёміць з сучаснымі выканаўцамі беларускай танцавальнай музыкі, з ансамблем “Свята”.
Тып урока: развіццё тэмы паўгоддзя.
Музычны матэрыял:
- “Чэшка і Смешка”. Беларуская полька ў выкананні ансамбля “Свята”.
- “Палесскі вальс”. Беларуская мелодыя ў выкананні ансамбля “Свята”.
- “Бульба”. Беларуская народная песня-танец.
- “Лявоніха”. Беларуская народная песня-танец.
Абсталяванне ўрока: - таблічкі з тэмай урока, эпіграфам;
- нотная табліца песні “Бульба”;
- афіша ансамбля “Свята”;
- ілюстрацыі беларускіх народных інструментаў (цымбал, баяна);
- музычныя інструменты (бубны, барабаны, бразготкі, трохкутнікі);
- фоназапіс твораў: “Чэшка і Смешка”, “Палесскі вальс”, “Бульба”, “Лявоніха”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Вучні ўваходзяць у клас пад польку “Чэшка і Смешка” ў выкананні ансамбля “Свята”.
- Як можна назваць музыку, пад якую вы ўваходзілі? Які гэта жанр?
- Танец! Полька…
- Які настрой стварыла ў вас гэта музыка? (…) Прагучала беларуская полька “Чэшка і Смешка” ў выкананні вядомага сучаснага беларускага ансамбля народнай музыкі “Свята” (паказ афішы). Пачалі мы ўрок такой вясёлай музыкай невыпадкова. Сёння будзем гаварыць аб музыцы, якая прызначана весяліць і радаваць людзей. Што гэта за музыка?
- Танцавальная!
- Так, але мы будзем знаёміцца не проста з танцавальнай музыкай, а з танцамі беларускага народа і праз музыку паспрабуем яшчэ глыбей адчуць, пазнаць душу беларусаў (вывешваюцца таблічкі з тэмай ўрока і эпіграфам). Звярніце ўвагу на эпіграф:
“Мы танцуем, мы гуляем –
Аж зямеліка дрыжыць”.
(З песні)
- Чаму “зямелька дрыжыць?” (…). Сапраўды, танец – гэта рух – яркі, узрыўны, часта з прытопамі, падскокамі. Танцуючы, чалавек адлюстроўвае свой стан душы – радасны, гульнёвы, запальны… .
Беларускія народныя танцы вельмі разнастайныя : адны адлюстроўваюць працу чалавека (“Швец” , “Каваль”), другія – карціны прыроды (“Мяцеліца”), птушак (“Варабей”, “Зязюлька”). Характэрнай асаблівасцю беларускіх народных танцаў з’яўляецца тое, што многія танцы суправаджаюцца спевамі (“Лявоніха”, “Янка-полька”, “Юрачка”, “Козачка” і інш.). Але ёсць і проста танцы – вальсы, полькі, кадрылі (гучыць фрагмент “Палесскага вальса” ў выкананні ансамбля “Свята”).
Развучванне песні-танца “Бульба”.
- А зараз мы развучым адну з найбольш папулярных беларускіх народных песень-танцаў. Аб чым песня, вам падкажуць вось гэтыя радкі:
“Мы – з бульбянага краю,
Дзе кожны бульбу саджае…”
Л. Сурпін
- Аб бульбе!
- А ведаеце, у Беларусі бульбу лічаць другім хлебам. Чаму? (…). Паслухайце песню, якая так і называецца “Бульба”. (Слухаюць. Тэкст ёсць ў падручніку “Музыка 4 клас). Які характар песні? Як яна гучыць? (Лёгка, хутка, пругка).
Песня развучваецца без суправаджэння з апорай на нотны запіс. Настаўнік спявае са словамі запеў і адначасова паказвае ўказкай па нотным запісу напрамак мелодыі, звяртае ўвагу на скачкі і распевы.
- Што прыдаюць скачкі мелодыі? ( Танцавальнасць… Размашыстасць). Праспяваем запеў на складзе “пам,” ён дапаможа адчуць лёгкасць, пругкасць мелодыі (“нібы мячык скача бульбачка”).
Вучні спяваюць, настаўнік карэкціруе якасць гучання. Калі мелодыя запева “загучыць” інтанацыйна чыста, лёгка і ўпэўнена, можна выканаць яго са словамі. Звяртаецца ўвага на распевы і змяшчэнне націска ў словах. Гаворым, што гэта характэрна многім народным песням. Пры развучванні прыпева, трэба звярнуць увагу на дакладнае выкананне складоў “трам-там-там…” (карысна прагаварыць у рытме з лёгкім адпляскваннем). Спяваць спачатку можна ціха, а затым паступова развіваць гучнасць, каб на прыканцы прыпеў гучаў ярка. Спяванне па нагляднасці дапаможа дзецям убачыць не толькі напрамак мелодыі, але і яе рытм і дзе зрабіць распевы (“дзя-куй,” “з’я-сі”).
Хатняе заданне.
- Прыдумайце дома рухі да песні, якія б адпавядалі назве “Бульба” і адлюстравалі б змест песні.
Слуханне беларускага танца “Лявоніха”.
- Прадоўжым знаёмства з беларускімі народнымі танцамі. “Візітнай карткай” беларусаў лічаць танец “Лявоніху”. Ці чулі вы такую назву і такі танец? (…). Хто такі Лявон? (…). Лявоніха? (…).
Настаўнік спявае першы куплет песні, просіць вучняў паўтарыць яго.
- Паслухаем “Лявоніху”. Пазнайце, якія інструметы выконваюць гэты танец. У час гучання музыкі пластыкай (рухамі рук) імітуйце ігру на інструменце, які гучыць.
Вучні слухаюць і “іграюць” на ўяўленых інструментах (выкарыстоўваецца метад “пластычнага мадэліравання,” прыём “пластычны аркестр”). Настаўнік вызначае, як дзеці распазнаюць гучанне баяна і цымбалаў.
- У якім характары гучала музыка? (…). Назавіце інструменты, якія вы імітавалі (…). Паглядзіце, як яны выглядаюць. (Настаўнік паказвае ілюстрацыі або “жывыя” музычныя інструменты – баян, цымбалы, расказвае аб цымбалах, што гэта шматструнны ўдарны інструмент. Мае маляўнічае гучанне, яркае, звонкае. Цымбалы часта гучалі на вяселлях, вечарынках, святах. Выкарысталіся ў ансамблі з другімі інструментамі).
Выйду на вулку запяю,
Усіх дзевачак сабяру,
Скрыпкі, цымбалкі ўсім найму;
Будзем гуляць досвіту…
- Цымбалы – галоўны інструмент дзяржаўнага народнага аркестра імя І. Жыновіча (паказ афішы аркестра).
Ігра на музычных інструментах. Творчасць вучняў.
- З народнымі інструментамі мы прадоўжым знаёмства на наступным уроку. А зараз “пераўтварымся” ў музыкантаў і сыграем “Лявоніху”. Настаўнік раздае вучням музычныя інструменты: бубны, барабаны, бразготкі, трохвугольнікі і інш.
- У вашых руках музычныя інструменты. Прыдумайце рытмічнае суправаджэнне да “Лявоніхі”. Чые суправаджэнне акажацца больш цікавым, тое і развучыцца ўсім класам (ці групай).
Настаўнік дае дзецям час (2-3 хвіліны), затым праслухоўвае, адбірае лепшыя варыянты, развучвае іх з класам; выконваецца суправаджэнне пад фанаграму ў форме варыяцый (кожная новая варыяцыя – гэта іншае суправаджэнне). Такім чынам, замацоўваецца і паняцце “варыяцыя”.
- Дзе можна сустрэцца з народнай танцавальнай музыкай? (…). Ці ёсць у вас знаёмыя – умельцы іграць і ствараць такую музыку? Калі ёсць, раскажыце аб іх. (…).
Выхад з класа пад польку “Чэшка і Смешка”.