Тэма: Песенная спадчына беларускага народа. Неабрадавыя песні: калыханкі, лірычныя, жартоўныя.
“Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына”.
Я.Купала
Мэта: пашырыць знаёмства з беларускай народнай песеннай творчасцю.
Задачы: - раскрыць сутнасць неабрадавых песень, пазнаёміць з асобнымі відамі: калыханкамі, лірычнымі, жартоўнымі;
- выявіць некаторыя асаблівасці беларускіх народных песень;
- развіваць пеўчыя навыкі (спяваць на ланцужковым дыханні);
- выклікаць інтарэс і любоў да народнай песні;
- выхоўваць патрыятычныя пачуцці.
Тып урока: паглыбленне ў тэму.
Музычны матэрыял: - “Радзіма мая дарагая”. Словы А.Бачылы, музыка У.Алоўнікава.
- “Люблю наш край”. Словы К.Буйло, музыка М.Равенскага.
- “Рэчанька”. Беларуская народная песня.
- “Сабірайся ў госці, мой дзядок”. Беларуская народная песня.
- “Гімн Беларусі”. Словы М.Клімковіча і У.Карызны, музыка Н.Сакалоўскага.
- Калыханкі (знаёмыя па папярэдніх класах).
Абсталяванне:
- таблічка з тэмай урока;
- плакат з эпіграфам;
- нотныя табліцы песень: “Сабірайся ў госці, мой дзядок”, “Люблю наш край”;
- партрэты : У.Алоўнікава, М.Равенскага;
- фоназапіс твораў: “Радзіма мая дарагая” (у выкананні саліста), “Рэчанька” , “Гімн Беларусі”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Школьнікі ўваходзяць у клас пад песню “Радзіма мая дарагая” на гэты раз ў выкананні саліста, слухаюць яе, называюць песню і аўтараў.
- У якім выкананні прагучала гэта песня сёння? Хто заўважыў? (...). Якое выкананне вам спадабалася больш? Чаму? (...). Выконваецца развучаны фрагмент песні.
Выкананне песні “Люблю наш край”.
- Пазнайце па музычнай інтанацыі знаёмую вам песню (гучыць інтанацыя песні “Люблю наш край”). Вучні называюць песню, яе аўтараў. Далей вядзецца работа над выкананнем: над выразным прагаворваннем слоў, працяжным, распеўным гукам пры спяванні. Можна прапанаваць дзецям дапамагаць голасу “цягнуць гук” плаўнымі рухамі рук. Настаўнік працуе над тым, каб песня гучала на ланцужковым дыханні (без “дзірачак” у спевах). Часам вучні пачынаюць злёгку пакалыхвацца ўправа-ўлева, калі выконваюць песню. Не трэба іх стрымліваць, але назіраць, каб гэтае пакалыхванне не пераўтварылася ў балаўство. Вельмі важна, каб настаўнік змог “заразіць” вучняў эмоцыяй любві, гордасці, захаплення і “заставіў” іх спяваць “з душой”.
Уводзіны ў тэму ўрока.
Пасля выканання песні настаўнік вывешвае на дошцы плакат з тэкстам, выразна чытае яго (або спявае):
“Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына”.
Я. Купала
- Расшыфруйце думку паэта, - прапануе настаўнік.
Дзеці адказваюць, настаўнік працягвае: – Спадчына бывае розная! Мы ж будзем знаёміцца з музычнай спадчынай. А гэта – песні, танцы, інструментальныя найгрышы і мелодыі беларускага народа. Сёння мы пачынаем тэму “Песенная спадчына беларускага народа” (вывешваецца таблічка з тэмай).
- Шмат хараства і глыбокага зместу заложана ў беларускай народнай песні, шмат мудрасці, трывогі і радасці, святла і горычы, шчырай любові і праўды. У песнях чуваць, аб чым народ сумуе і да чаго рвецца яго душа.У далёкім мінулым узнікалі розныя песні, якія суправаджалі ўсё жыццё чалавека: калыханкі, дзіцячыя, жартоўныя, гульнёвыя, лірычныя, працоўныя і інш. Вы ўжо добра ведаеце навошта прызначаліся, напрыклад, калыханкі? (Каб закалыхаць самых маленькіх дзяцей).
- Як іх спяваюць? (Спакойна, напеўна, ціха, няспешна, пяшчотна).
Выконваецца калыханка, знаёмая дзецям па папярэдніх класах.
Слуханне песні “Рэчанька”.
- Так жа напеўна, спакойна і няспешна гучаць і лірычныя песні. Яны прадстаўляюць сабою роздум чалавека аб жыцці, аб сваёй долі. Часам – гэта ўнутранае перажыванне аб чым-та важным. Часта ў іх пяецца аб любві да роднай зямлі, прыроды. Вось паслухайце лірычную беларускую народную песню “Рэчанька” (слухаюць).
- Якімі пачуццямі пранікнута песня? Аб чым яна? (...). Чаму так ласкава названа песня “рэчанька”, а не “рака?” (...).
Развучванне песні “Сабірайся ў госці, мой дзядок”.
- Многа жартоўных і сатырычных песень ёсць у беларускага народа. Гэта вясёлыя, заўзятыя, рухомыя песні. Напрыклад. ( Настаўнік спявае фрагменты песень “Камар лазню тапіў,” “Чаму ж мне не пець” і інш.). Сёння мы развучым жартоўную беларускую народную песню “Сабірайся ў госці, мой дзядок”. Паслухайце яе і адкажыце: “Аб чым у ёй пяецца? Ці бывае так у нашым жыцці?”

2. – Сабірайся ў госці, мой дзядок,
Сабірайся ў госці, галубок.
- Не пайду ў госці, - яж табе кажу:
Лепш на цёплай печы трошкі паляжу.
3. – Як не пойдзеш у госці, грошай дай:
Трэба ж мне занесці каравай.
- Бяры сабе грошы, - ці мне іх шкада?
Толькі адчапіса ад мяне, бяда!
4. – Дык ляжы на печы, стары дзед!
А мяне ў госці павядзе сусед.
- Пачакай, Ганулька, не спяшай:
Пойдзем разам у госці, мяне не кідай!
Пасля таго, як вучні адкажуць на пытанні, можна прыступіць да развучвання песні (без суправаджэння). Зноў на дапамогу настаўніку можа прыйсці нотная табліца.
- Паглядзіце ўважліва на нотны запіс. Я буду спяваць і паказваць напрамак мелодыі. (Настаўнік спявае два першыя сказы). Што вы заўважылі?
- Мелодыя паўтараецца...Словы амаль што такія ж...
- Слушна! (Настаўнік яшчэ раз спявае, пацвярджае думкі вучняў). Гэта адна з асаблівасцей беларускіх народных песень – паўтарэнне слоў і мелодыі. Праспявайце разам са мною. (Спяваюць). Што яшчэ вы пачулі, характэрнае народным песням? (Распевы слоў).
- Так. Паглядзіце яшчэ раз, як абазначаецца распеў. (Настаўнік указкай звяртае ўвагу на словы “дзядок,” “галубок”, спявае). Што надае распеў гэтым словам? (Ласкавасць). Праспяваем гэту частку песні – словы жонкі - добра выканаем распеў.
Вучні разам з настаўнікам сочаць па нотным запісу, спяваюць два першыя сказы.
- Паслухайце адказ дзеда. ( Настаўнік спявае ўсю другую частку песні). Вы бачыце, мелодыя “перайшла” ў высокі рэгістр. Гэтым яна нібы перадае крыклівыя інтанацыі “дзеда”. Развучым яго мелодыю (спяваюць). Услухайцеся і праспявайце дакладна мелодыю на словах “А мне ломяць косці”. Паглядзіце, як яна рухаецца (настаўнік спявае, а затым адпрацоўвае з вучнямі па нагляднасці дадзены фрагмент).
- Выканаем першы куплет цалкам (спяваюць). Вы звярнулі ўвагу на тое, што песня створана ў форме дыялога? Гэта яшчэ адна з асаблівасцей народных песень. Назавіце герояў песні. (Жонка, дзед). Давайце выканаем словы жонкі і яе мужа з патрэбнымі інтанацыямі. Якімі? (...).
Зноў выконваецца першы куплет. Хутчэйшаму развучванню песні дапамогуць загатоўленыя “лістоўкі” з тэкстам. Можна ўжо на гэтым уроку спяваць у форме дыялога: дзяўчынкі – “жонка”, хлопчыкі – “дзед”.
Вынік урока.
- Песні, аб якіх мы сёння гаварылі, не патрабуюць якіх-небудзь спецыяльных (абрадавых) дзеянняў. Такія песні называюць неабрадавыя (настаўнік вывешвае таблічку “неабрадавыя песні: калыханкі, лірычныя, жартоўныя” да тэмы урока: “Песенная спадчына беларускага народа”). Размову аб неабрадавых песнях мы прадоўжым на наступным уроку. А зараз адкажыце: што ж характэрна народным песням? (…).
Пачынаецца запаўненне табліцы, якая з гэтага моманту будзе вісець на дошцы на уроках, прысвечаных беларускім народным песням.
|
Асаблівасці беларускіх народных песень |
|
- распевы ў словах - паўтарэнні мелодыі, слоў - форма дыялога - ужыванне нязвычных слоў (“люлі”) |
Настаўнік чапляе на табліцы карткі з патрэбнамі тэрмінамі.
- Хто дома слухаў песні і выяўляў іх від (народныя ці кампазітарскія)? Што вы яшчэ заўважылі такога, што адрознівае народную песню? ( Спяваюць па-асобаму - адкрытым гукам, з “пералівамі”, з “падводкай” і інш.).
- Добра! Занясем у нашу табліцу “асобая манера спявання”.
Хатняе заданне.
- Сёння вы атрымліваеце наступнае творчае заданне. Запішыце ў сшытках урывак з верша:
Радасна і сумна шалясцяць асіны,
Радасна і сумна шалясцяць дубы.
У кляновых лісцях віснуць павуціны,
У срабрыстых ніцях жоўтыя сады.
А. Куляшоў
- Прачытайце дома некалькі разоў гэтыя радкі, услухайцеся ў іх, пачуйце, якая мелодыя можа адлюстраваць настрой, рытм верша. Паспрабуйце стварыць мелодыю ў народным “духу”. Праспявайце дома сваю песню некалькі разоў, каб запомніць мелодыю і дакладна выканаць яе ў класе.
Урок заканчваецца выкананнем “Гімна Беларусі”.
Выхад з класа пад песню “Радзіма мая дарагая”.