Урок 11. Тэма: “Жыццёвыя дарогі некаторых беларускіх опер”
^ Вверх

Тэма: Жыццёвыя дарогі некаторых беларускіх опер.


“Бацькоў не цурайся, а ад Радзімы не адракайся”.

                                                                             Беларуская прымаўка


Мэта, задачы ўрока:

- замацаваць веды аб оперы як музычным спектаклі;

- пазнаёміць з жыццевым зместам, музычнымі асаблівасцямі і вобразамі некаторых беларускіх опер;

- развіваць музычныя здольнасці дзяцей: усе кампаненты музычнага слыху, спяванне на легата

- выхоўваць цікавасць да беларускай гісторыі, пазнавальны інтарэс, эстэтычны густ.


Тып урока: урок новых ведаў з элементамі гутаркі.


Музычны матэрыял:

- А. Багатыроў. “Арыя Надзеі Дуравай” з оперы “Надзея Дурава”.

- Р. Пукст. “Хор русалак” з оперы “Машэка”.

- “Юрачка”. Беларуская народная песня

- Р. Пукст. “Піянерская полька” з оперы “Марынка”.

- Песня па выбару (паўтарэнне).


Абсталяванне ўрока: 

- таблічкі з тэмай урока, эпіграфам;

- партрэты кампазітараў: Р. Пукста, А. Багатырова;

- фоназапіс твораў: Арыя Надзеі Дуравай, Хор русалак, “Піянерская полька,” фінал 3 дзеі з оперы “Марынка”;

- нотныя табліцы песень: “Юрачка,” Хора русалак (фрагмент), песні па выбару.

 

Метадычная распрацоўка ўрока


Арганізацыйны момант.

Уваход у клас пад музыку Арыі Надзеі Дуравай з оперы А. Багатырова “Надзея Дурава.” (Глядзі  падручнік “Музыка 7 клас ”. – Мн. : Беларусь, 2000, с. 24).

Как я люблю лететь стрелой

Наперегонки с ветром шалым

То средь лугов, то над рекой,

То по лесным тропинкам малым.

 

И дышит грудь ещё вольней,

И жаворонка звонче пенье,

И от дубрав, и от полей

Несётся аромат цветенья.

 

Летишь и знаешь: гордый конь

Тебе одной во всём  послушен.

Прикажешь – полетит в огонь

Навстречу ядрам вражьих пушек.

 

О, если бы моей судьбой

Был дан мне жребий величавый,

Хоть раз пойти в горячий бой,

Добыть себе военной славы.


 - Якія пачуцці і думкі выклікае ў вас гэта музыка? Аб чым тут расказваецца? Які вобраз вы ўявілі? Ці ведаеце вы, што беларускі кампазітар Анатоль Васільевіч Багатыроў напісаў оперу “Надзея Дурава,” дзе цэнтральным вобразам з’яўляецца гістарычны персанаж – “кавалерыст-дзяўчына” Надзея Дурава, якая пад выглядам афіцэра Аляксандрава была ад’ютантам фельдмаршала Кутузава.

Жыццё Надзеі Дуравай падобнае на міф. Нарадзілася яна ў1783 г. у сям’і небагатага двараніна Андрэя Дурава, які вёў свой радавод ад беларускага шляхецкага роду Тураўскіх.

Продкі перасяліліся ў Расію ў 17-ым стагоддзі. Пазней змянілі свае прозвішча на “больш рускае” – Туравы, якое з цягам часу трансфармавалася ў Дуравы.

Бацька Надзеі быў рускім афіцэрам. Падчас вандроўнага ваеннага жыцця ў маладой сям’і нарадзілася першае дзіця – дачка Надзея. Калі ёй было васемнаццаць, выйшла замуж за чыноўніка В. Чарнова, праз год, у 1802-ім, нарадзіла сына Івана. А ў1806 г. употайкі, ноччу, пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, збегла з дому, каб распачаць новае жыццё – ужо пад мужчынскімі імёнамі. Спачатку як Аляксандр Дураў, дзяншчык, потым як Аляксандр Сакалоў – улан польскага палка, што фарміраваўся ў Гродне, і нарэшце як Аляксандр Андрэевіч Аляксандраў – удзельнік вайны1812 г., кавалер Георгіеўскага крыжа, потым ветэран у адстаўцы.

Ёй прысвечаны вершы, паэмы, п’есы. Рэжысер Эльдар Разанаў стварыў фільм “Гусарская балада” на аснове п’есы П. Гладкова “Даўным – даўно,” музыку да якога напісаў Ц. Хрэннікаў. У1979 г.  Хрэннікаў напісаў балет “Гусарская балада”.

Прататып гераіні балета – менавіта Надзея Дурава. Яна была ўдзельнікам еўрапейскіх антынапалеонаўскіх кампаній 1806 – 1807 гг., вайны 1812г., служыла некаторы час ардынарцам М. Кутузава, брала ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Беларусі, у Барадзінскай бітве, у замежным паходзе 1813г.  Памерла Н. Дурава ва ўзросце 83 гадоў.

Звярнуць увагу дзяцей, што музыка па - юнацку імклівая, у ёй адчуваецца прага да жыцця, рашучасць, любоў да Радзімы. Назваць кампазітара, паказаць партрэт. Патрэбна ўспомніць, што такое опера, арыя, якія оперы ведаюць навучэнцы, як разумеюць эпіграф урока.

 

Слуханне “Хора русалак” з оперы “Машэка”.

- Сёння мы накіруемся яшчэ да одной беларускай оперы “Машэка,” якую напісаў беларускі кампазітар Рыгор Канстанцінавіч Пукст на аснове п’есы Міровіча і паэмы Я. Купалы “Магіла льва”.

 

…Няхай той час, што згінуць мусіў

У беспрасветнай векаў мгле,

Для беспрыпыннай Беларусі

Хоць толькі ў песні ажыве…

 

Гэта пра асілка Машэку і яго трагічны лес.

 

“…Яго высокую магілу –

Дзе лес ды вецер панаваў –

Знаць, што вялікую меў сілу,

“Магілай льва” народ назваў.

 

Над ёю з часам дрэвы палі,

І горад вырас, як з зямлі,

Яго Магілевам назвалі,

Бо йнакш прыдумаць не маглі…”

 

- Сёння мы з вамі пазнаёмімся з “Хорам русалак”. Паслухайце, адкажыце які характар, настрой? Чым музыка падобна да беларускіх народных песень?

 

(Задуменная, напеўная (з распеўнымі складамі), але светлая, празрыстая. Мае вялікую духоўную сілу. Выкарыстоўваецца паэтычны паралелізм: параўноўваецца прыгажосць дзяўчыны з лілеяй, лябёдкай). Вучні спяваюць разам з настаўнікам, сочаць за рухам мелодыі на нотнай табліцы.

 

Развучванне песні “Юрачка”.

- Якую знаёмую мелодыю вы тут пачулі? (Выкананне настаўнікам інструментальнага варыянта песні “Юрачка” ці лепш слуханне фрагмента Фінала 3-цяй дзеі з оперы “Марынка” Р. Пукста).

Гэта мелодыя знаёмай вам беларускай народнай песні “Юрачка” на тэкст Я. Купалы.

         

 

2. Ой ты, Юрачка, кінь ляніціся,

Ды надумайся ты вучыціся.

Будзем цешыцца, што ты вучышся,

І да невукаў не далучышся.

 

А нашаму Юрачку кот зрабіў пячурачку, -

Юрка месца там заняў і з катком – курняў, курняў!

А нашаму Юрачку ткнуў камар у скурачку,

А Юрачка – ай-яй-яй! Камарочак, не кусай!

 

Паказваю ўсю песню. Дзеці вызначаюць яе жартоўны характар. Звяртаю ўвагу на інтанацыю першага сказа  (мажорнае трохгучча) і другога. У аснове апошняга ляжыць вялікая тэрцыя і малая секунда, якія могуць стварыць некаторую інтанацыйную інертнасць. Ствараем выканальніцкі план. Выконваем.

- Гэтая песня прывяла нас ва ўжо знаёмую вам оперу “Марынка”. (Успамінаем змест). Кампазітар у гэтай оперы выкарыстаў дзве беларускія народная песні: “Юрачка” і “Саўка ды Грышка”.

 

Выкананне песні па выбару.

Паўтарэнне. Удакладненне мелодыі. Складанне выканальніцкага плана.

 

Падвядзенне вынікаў. Абагульненне тэмы ўрока.

Вынікі спеваў, вусных адказаў.

- Якія оперы сустрэліся вам на ўроку? Назавіце кампазітараў і аўтараў літаратурных вытокаў.

- Чаму эпіграфам урока з’яўляецца беларуская прымаўка: “Бацькоў не цурайся, а ад Радзімы  не адракайся?”

- Якія суадносіны паміж словамі Я. Коласа і зместам урока: “Край мой родны! Дзе ў свеце край другі такі знайсці, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасці?”

 

Хатняе заданне.

- Было б вельмі добра, калі б нехта з вас за тыдзень прачытаў твор Я. Купалы “Магіла льва,” ці нехта прачытаў паэму Э. Агняцвет “Песня пра піянерскі флаг” (аснова оперы “Марынка”), ці нехта схадзіў у краязнаўчы музей і больш падрабязна даведаўся пра Надзею Дураву.


Выхад з класа пад “Піянерскую польку” з оперы “Марынка”.