Урок 1. Тэма: “Песня народная і кампазітарская”.
^ Вверх

Тэма: “Песня народная і кампазітарская”.


Песня – душа народа”.

                                                  Р.Шырма


Мэта: раскрыць сутнасць народнай і кампазітарскай песень, паказаць адносіны да іх чалавека.


Задачы: - выявіць значэнне слоў “фальклор,”  “фалькларыст,”  “фалькларыстыка”;

- развіваць пеўчыя ўменні;

- фарміраваць асацыятыўна-вобразнае мышленне;

- выхоўваць павагу і інтарэс да народнай песні;

- фарміраваць нацыянальную самасвядомасць.


Тып урока: уводзіны ў тэму.


Музычны матэрыял: - “Радзіма мая дарагая”. Словы А.Бачылы, музыка У.Алоўнікава;

- “Люблю наш край”. Словы К.Буйло, музыка М.Равенскага;

- Народныя песні (вядомыя вучням па папярэдніх класах);

- “Гімн Беларусі”. Словы М.Клімковіча, У.Карызны, музыка Н.Сакалоўскага;

- “Мелодыя”. Музыка І.Жыновіча.


Абсталяванне ўрока:

- таблічкі з тэмай паўгоддзя, урока; эпіграфам;

- рэпрадукцыі карцін: “Блакітнай вясной” В.К. Бялыніцкага-Бірулі; “Восень”

В.К.Цвіркі; “Беларускія прасторы” А.І. Караля (гл. “Беларускі савецкі жывапіс” – Мн: Беларусь,1978);

- партрэты: Р Шырмы, Г.Цітовіча, У. Алоўнікава, М. Равенскага;

- нотныя табліцы песень: “Радзіма мая дарагая” ,“Люблю наш край”;

- фоназапіс твораў: “Радзіма мая дарагая” (у выкананні хора і саліста); “Гімн Беларусі”; “Мелодыя”.

 

 Метадычная распрацоўка ўрока

 

Арганізацыйны момант.

Школьнікі ўваходзяць у клас пад песню У.Алоўнікава і А.Бачылы “Радзіма мая дарагая” ў выкананні хора і саліста, слухаюць да канца.

- Аб чым пяецца ў песні, пад якую вы ўвайшлі? (...).  Якімі пачуццямі яна напоўнена? (...).  Хто выконваў песню? (...).  Як яна гучыць? (Няспешна, шырока, урачыста). Настаўнік іграе пачатак песні і гаворыць: “Яшчэ раз услухайцеся ў пачатковыя інтанацыі. Яны вам знаёмы? Ці слухалі вы іх калі-небудзь? Дзе? ( Пазыўныя беларускага радыё).

-  Можа, хтосьці ведае назву песні? (...).  Песня, пад якую вы ўвайшлі ў клас, называецца “Радзіма мая дарагая”. Яе аўтары – беларускі паэт Алесь Бачыла і беларускі кампазітар Уладзімір Алоўнікаў (паказ партрэтаў).

 

Распяванне.

Развучым урывак песні (вывешваецца нотная табліца). Паслухайце яе пачатак.  


Настаўнік спявае фрагмент песні са словамі і адначасова паказвае ўказкай па нотах.

- А цяпер праспявайце разам са мною. Слова “Радзіма” спявайце шырока, пявуча, горда, не “маршыруйце” голасам! (Спяваюць). Вы бачыце, у мелодыі з’явілася кароткая паўза. Можа, яна сімвалізуе “ўдых хвалявання” перад прызнаннем Радзіме ў каханні? Далей жа ідуць словы “мая дарагая”?! Як трэба іх праспяваць? (...). Так, з любоўю. (Спяваюць). Вы адчулі, як мелодыя і рытм перадалі стан чалавечай душы? Нашы гаворкавыя інтанацыі пераняла мелодыя і таму ў спяванні голас гучыць то вышэй, то ніжэй, то гучней, то цішэй. Праспявайце яшчэ раз гэту фразу самастойна.

Вучні спяваюць, настаўнік дырыжорскім жэстам дапамагае больш выразна выканаць дадзены фрагмент. Далей развучваецца наступны сказ. Тут звяртаецца ўвага на выкананне трыёльнага рытму (крыху з адцяжкай на словах “жаданым жыві,” на тое, каб гэтыя словы не “выпіхваліся” па складах, а спяваліся звязна). У апошнім сказе трэба звярнуць увагу на меладычныя інтанацыі музычнай фразы “табе прысягаю,” на дакладнае выкананне распеваў у словах “прысягаю,” “сыноўняй”.

 

Уводзіны ў тэму.

- Мы развучылі фрагмент песні, якую стварылі два чалавекі – прафесійны паэт і кампазітар. Аб такіх песнях гавораць, што гэта кампазітарскія, аўтарскія песні, таму што вядомы іх аўтары. А як называюць песні, чые аўтарства невядома, але іх беражліва захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне? ( Народныя).

- Што вы ведаеце аб народных песнях? (...).  Так, яны складаліся ў тыя далёкія часы, калі простых людзей музыцы не вучылі. Але ў кожнага народа было шмат таленавітых спевакоў, музыкантаў, умельцаў майстраваць музычныя інструменты і ствараць музыку. Песні ў той час не запісваліся, а перадаваліся ад чалавека да чалавека, ад сям’і да сям’і, ад сяла да сяла, як гавораць, “з вуснаў у вусны”.  Часта мелодыя і словы ствараліся адначасова. Падчас гэта мог быць адзін чалавек, а іншы раз – цэлая група. І таму, што мы не ведаем іх прозвішчаў і імён, называем такія песні – народныя.   Па песні адразу можна распазнаць з чыіх вуснаў, а галоўнае – з чыйго сэрца яна выйшла. Гавораць, што “песня – душа чалавека” (настаўнік вывешвае таблічку з тэкстам на дошку). Як вы разумееце сэнс гэтага выказвання? (...).  Слушна, у народных песнях – вясёлых, гарэзлівых, танцавальных або пяшчотных, чуллівых, пявучых – мы адчуваем стан душы чалавека, яго мыслі, адносіны да таго, аб чым расказвае песня. Да нашых дзён дайшлі старажытныя народныя песні таму, што з часам паявіліся музычна-пісьменныя людзі, якія пачалі іх збіраць і запісваць. Такіх людзей называюць фалькларыстамі, ад слова фальклор. Што яно азначае? Хто ведае? (....).  Фальклор у перакладзе з англійскай мовы – “народная мудрасць” (на дошцы вывешваецца таблічка – “фальклор – народная мудрасць”). Ва ўсе часы народная творчасць (не толькі песенная!) прыцягвала да сябе ўвагу вучоных, пісьменнікаў, паэтаў і кампазітараў. З’явілася нават навука аб фальклорных творах – фалькларыстыка. Вядомыя беларускія фалькларысты Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. (паказваюцца партрэты) сабралі і запісалі нямала беларускіх народных песень,  якія складаюць сёння музычнае багацце нашай краіны. А як вы думаеце, рабяты, навошта мы захоўваем (як у скарбонцы) у памяці народныя песні? (...).  Так, гэта наша гісторыя, жыццё. Гэта нашы музычныя карані! Калі пашкодзіць, напрыклад, корані дрэва, то яно засохне. Так і з музыкай можа стацца. Народная музыка падчас падпітвае сваімі цудоўнымі мелодыямі кампазітарскую музыку (творчасць). Народная мудрасць гаворыць: “Няма будучыні ў народа, які не помніць свайго мінулага”. Таму на нашых уроках мы будзем знаёміцца з беларускім музычным фальклорам. І не толькі! Вакол гучыць многа цудоўнай кампазітарскай музыкі. (Вучні запісваюць у сшытках тэму паўгодзя: “Музычная культура Беларусі”. Таблічка з тэмай вывешваецца на дошцы.).

 

Развучванне песні “Люблю наш край”.

- А сённяшні ўрок мы прысвячаем песні – народнай і кампазітарскай (вывешваецца таблічка з тэмай урока). Часам бывае цяжка вызначыць, якая песня прагучала – народная ці кампазітарская. У доказ гэтага вызначце від  песні, якая зараз прагучыць (выконваецца песня “Люблю наш край”).

- Народная!...Кампазітарская!

- Чаму вы так думаеце? Аргументуйце свае адказы. (...).  Прагучала песня “Люблю наш край”, - гаворыць настаўнік. – Гэта кампазітарская песня. Словы песні склала беларуская паэтка  К.Буйло, а музыку – беларускі кампазітар М.Равенскі (паказваецца партрэт).  Але многія кампазітарскія песні сталі папулярнымі і любімымі ў народзе, гучаць як народныя. Гэта найвышэйшае шчасце для аўтараў, калі песня “жыве” ў народзе. Так здарылася і з  песняй “Люблю наш край”. Развучым яе. 

 

2. Люблю народ наш беларускі

І хаты ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў.

2 разы                                                                      

 

3. І песню родную люблю я,

Што ў полі жнеі запяюць,

Як гукі звонкія над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

2 разы                                                             

 

Песня развучваецца па нотным запісу, а капэла ( спачатку называем ноты, адпляскваем іх у рытме, затым спяваем па нотах, са словамі).  Нотная табліца дапаможа хутчэй і дакладней развучыць мелодыю (нават, калі дзеці не ведаюць нот) і неназойліва знаёміць з нотнай граматай. Асноўныя тэхнічныя цяжкасці ў песні – высокія гукі, якія павінны быць выкананы лёгка, інтанацыйна чыста, без напружання. Можна выкарыстаць такі прыём: верхні голас пяюць добра спяваючыя вучні, а ніжні – астатнія дзеці разам з настаўнікам. Папрасіць іх цягнуць галосныя гукі, спяваць звязна, браць удых у тых месцах, дзе ўказана ў нотным тэксце, а таксама ўтрымліваць  ланцужковае дыханне. Гаворым, што спевы павінны “цячы як вада ў рацэ”. Часам вучні пачынаюць спяваць “ад душы,” а таму іх спевы пераходзяць у крык. Трэба сказаць, што гучна спяваць не значыць спяваць прыгожа. На гэтым уроку развучваецца ўся песня.

- Паслухайце прымаўкі беларускага народа. Аб чым яны нам гавораць? У чым праяўляецца роднасць з песняй?

- Дзе родны край, там і пад елкай рай.

- Усюды добра, а дома лепей.

- Радзіма – матка, чужына – мачыха.

- Бацькаўшчыны не купляюць і не прадаюць.

- Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.

- На чужой старане і вясна не красна.

- Усякай птушцы сваё гняздо міла.

Добра абагульніць з вучнямі: - Як бачым, у таленавітага беларускага народа акрамя песень ёсць нямала мудрых слоў, якія выхоўваюць у чалавека пачуццё патрыятызма – любові і вернасці свайму краю, народу. Сёння мы ўжо сустрэліся з кампазітарскімі песнямі. Назавіце знаёмыя вам па папярэдніх класах беларускія народныя песні.

Вучні называюць песні, а затым выконваюць іх (па адным куплеце). Можна прыцягнуць да выканання музычныя інструменты і акампаніраваць спевам.

- Сёння на ўроку гучалі розныя  песні – і кампазітарскія, і народныя. Падумайце і адкажыце, ці аб усіх песнях можна сказаць, што “песня – душа народа?” (...).

 

Агляд рэпрадукцый.

Далей настаўнік развешвае на дошцы рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў: “Блакітнай вясной,” “Восень”, “Беларускія прасторы” (ці іншыя) і пытае:

- Аб чым гэтыя карціны?

Школьнікі разглядаюць рэпрадукцыі. У гэты час гучыць “Мелодыя” І.Жыновіча. На фоне прыглушанага гучання музыкі настаўнік чытае радкі Н.Гілевіча:


“Я хаджу, закаханы ў твае краявіды,

І шапчу як прызнанне: О, мой край дарагі!”


- Аб нашым крае! Аб беларускай прыродзе..., -  адказваюць вучні.

- У чым роднасць гэтых карцін з песнямі, якія сёння гучалі? (...). Чаму ў музыцы і ў жывапісу сустракаюцца такія тэмы (вобразы)? (...).

 

Выкананне “Гімна Беларусі”.

- Закончым урок песняй, якую лічаць музычным сімвалам краіны. Што гэта за песня? ( Гімн ).

Што азначае слова “гімн?” (...).  Так, гэта хвалебная, урачыстая песня. Вядомы розныя гімны: рэлігійныя, дзяржаўныя, рэвалюцыйныя, у гонар якой-небудзь гістарычнай падзеі; прысвечаныя гораду, працы... У кожнай дзяржавы  ёсць свой гімн. Ён слухаецца і выконваецца стоячы. Як гучыць гімн, у якім характары? (...).

Вучні стоячы выконваюць “Гімн Беларусі”. Словы ёсць у падручніку, а мелодыя ўжо знаёма дзецям, паколькі яны слухалі “Гімн” у папярэдніх класах.

- А ведаеце, нашаму “Гімну” шмат гадоў. Першага кастрычніка 1955г. па нацыянальным радыё ўпершыню ў якасці гімна прагучала песня “Мы – беларусы” кампазітара Н.Сакалоўскага на словы паэта М.Клімковіча. На той час гэта песня была ўжо добра вядомая для беларусаў. Яна часта гучала ў клубах і дамах культуры, на канцэртах і ўрачыстых вечарах. Песня “Мы – беларусы” перамагла ў конкурсе на званне гімна сярод другіх прапанаваных песень. У 2002 годзе зноў адбыўся конкурс песень на званне гімна. Вядомымі беларускімі кампазітарамі і паэтамі былі напісаны ўрачыстыя песні з прыгожымі мелодыямі і ўзнёслымі вершамі. Прапанавалася таксама і знаёмая вам песня “Радзіма мая дарагая”. Як вы думаеце, рабяты, ці магла гэта песня называцца гімнам? Чаму? (...). Але ўсё ж у нас другі гімн. Уладзімір Карызна, вядомы беларускі паэт, рызыкнуў выкарыстаць ужо знаёмую мелодыю Н.Сакалоўскага. Ён захаваў аснову тэкста М.Клімковіча, дапісаў свае радкі і такім чынам прыдаў словам сучаснае гучанне. Вось так атрымаў новае жыццё гімн 1955 года.

 

Хатняе заданне.

Ваша хатняе заданне: слухайце песні па радыё і тэлебачанню і  вызначайце іх від. Што характэрнае народным песням вы заўважыце?

 

Выхад з класа пад песню “Радзіма мая дарагая”.