Прадмова
Дадзенае вучэбнае выданне прадстаўляе сабою метадычныя распрацоўкі ўрокаў па музыцы для 4-га класа агульнаадукацыйнай школы.
Тэма “Музычная культура Беларусі” разглядаецца на ўроках у першым паўгоддзі. Яна мае вельмі важнае значэнне ў духоўным і патрыятычным выхаванні вучняў: дазваляе далучыць да нацыянальнай культуры, гісторыі і быту беларускага народа. Гэта тэма настолькі шматгранная, што не можа быць глыбока разгледжана за 16 гадзін, адведзеных праграмай на яе вывучэнне. Таму ў распрацоўках даюцца найбольш патрэбныя і каштоўныя, на погляд аўтараў, звесткі.
Прыкладныя метадычныя распрацоўкі дзеляцца на два блокі: фальклорны і жанрава-кампазітарскі. Фальклорны матэрыял будзе знаёміць вучняў з разнастайнымі беларускімі народнымі песнямі і танцамі, іх асаблівасцямі; з выглядам і гучаннем беларускіх народных інструментаў; садзейнічаць зразуменню значэння народнай музыкі ў жыцці чалавека. На “фальклорных” уроках вучні таксама будуць вучыцца складаць песні, падбіраць падгалоскі і інструментальныя (або рытмічныя) акампанементы. Да гэтага блоку далучаюцца ўрокі, прысвечаныя старажытнай музыцы, у ходзе якіх чацверакласнікі пазнаёмяцца з кантамі, калядкамі, з музыкай мінулага нашай краіны. Прагучаць на ўроках і сучасныя творы на духоўную тэму. Жанрава-кампазітарскі блок раскрые кампазітарскую творчасць на аснове розных жанраў (опер, балетаў, сімфанічных твораў), пакажа выкарыстанне беларускімі кампазітарамі народных мелодый у сваіх творах (апрацоўкі, цытаванне).
Асобных урокаў, прысвечаных сучасным выканаўцам, у распрацоўках не прадугледжана. Знаёмства з імі адбываецца ў рамках урокаў на працягу вывучэння тэмы паўгоддзя. Так, вучні неаднойчы пачуюць ансамблі: “Песняры,” “Свята,” арт-групу “Беларусы” і іншых.
У распрацоўках выкарыстоўваюцца розныя метады музычнага выхавання – пластычнае мадэліраванне, драматызацыя, імправізацыя, мастацкі кантэкст і іншыя, якія стымулююць дзейнасць вучняў, садзейнічаюць развіццю музычных і творчых здольнасцяў, мастацкага мыслення.
Актыўна ўжываецца розны ілюстрацыйна-наглядны матэрыял – партрэты кампазітараў, афішы сучасных выканаўцаў, творы жывапісу, нотныя табліцы песень, адкрыткі ці ілюстрацыі беларускіх народных інструментаў і інш. Гэта дапаможа вучням лепш пазнаць, успрыняць і запомніць матэрыял урокаў.
Прапаноўваюцца розныя творчыя заданні: скласці песню ў народным “духу”, прыпеўку, падгалосак да песні; прыдумаць інструментальнае суправаджэнне, выяўленчыя рухі да песні; стварыць танец; імітаваць ігру на музычных інструментах; падабраць рэпрадукцыі карцін, вершы да музыкі і інш. Адныя заданні даюцца для выканання ў класе, а другія - дома.
Адметнай рысай дадзеных распрацовак з’яўляецца тое, што кожны ўрок мае не толькі сваю тэму, але і эпіграф, які служыць своеасаблівай эмацыянальнай зарадкай, дазваляе павярнуць урок у выхаваўчае ручво. Акрамя таго, выкарыстанне ў якасці эпіграфаў беларускіх прымавак, яркіх выказванняў пісьменнікаў і паэтаў пашырыць веды вучняў, будзе выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы.
Матэрыял кожнага ўрока настаўнік можа даваць па-свойму, зыходзячы з магчымасцей дзяцей, іх музыкальнасці і ўзроўню развіцця музычнай культуры.
Жадаем поспехаў!