Раздзел 7. Літаратура Гарадзеншыны другой паловы ХХ ст. Проза Аляксея Карпюка
^ Вверх

Раздзел 7. Літаратура Гарадзеншыны другой паловы ХХ ст.

Проза Аляксея Карпюка

 

План

1. Васіль Быкаў і Гародня.

2. Ларыса Геніюш, Янка Брыль, Вячаслаў Адамчык, Петрусь Макаль, Генрых Далідовіч, Уладзімір Калеснік, Адам Мальдзіс і ірш. –  творцы з Гарадзеншчыны.

3. Аляксей Карпюк – пясняр заходнебеларускага лёсу. “Вершалінскі рай”, “Карані”.

4. Аповесць “Данута”– “твор на вечную тэму”.

5. Мастацка-дакументальныя творыАляксея Карпюка. “Развітанне з ілюзіямі”.

 

У 2009 годзе споўніцца 50 гадоў, як аповесць гарадзенскага празаіка Аляксея Карпюка (1920–1992) “Данута” пабачыла свет у часопісе “Полымя” ў 7–9 нумарох. Праўда, калі больш дакладна, то гэта ўжо не быў дэбют твора, бо  ў 1958 годзе аповесць была надрукавана ў гарадзенскім альманаху “Нёман”, дзе мела назву “У маладыя гады”, а імя галоўная гераіня мела Крыся.

Аляксей Карпюк быў праўдзівым працаголікам. Кожны свой твор ён перапрацоўваў неаднойчы. Аповесць “Данута” перараблялася 32 разы. Таму пад апошняй публікацыяй твора прачытаем расцягненую на дваццаць гадоў дату – 1958–1978.

Згадваючы час працы над творам, аўтар пазней пісаў: “Перарабляючы і перапісваючы рукапіс, я нарэшце сваёй гераіні выбраў і канчатковае імя – Данута. Мне яно спадабалася свежасцю, хоць на Гродзеншчыне тады называлі так амаль кожную трэцюю дзяўчыну” [1, c. 505]. Пэўную супярэчнасць у згадцы аўтара можна вытлумачыць так: хоць у нашых мясцовасцях гэтае імя было вельмі папулярным, у беларускай літаратуры яно і сапраўды было свежым, новым. І менавіта гэткім успрымае яго герой аповесці: “Яна мела прагожае ні то літоўскае, ні  то польскае імя – Данута. Яшчэ можна было да яе казаць: Данка, Дана, Дануся…”[2, c. 53].

Далёка няпростым быў шлях твора да чытача, пра што даведваемся з артыкула аўтара “Перыпетыі пошукаў”. Сёння крыху прызабытая, у свой час аповесць набыла вялікую папулярнасць. Яна ўведзена ў новае, кнігазбораўскае выданне выбраных твораў Аляксея Карпюка (2007 г.). Як азначае аўтар прадмовы, “нягледзячы на трагічны фінал, “Данута”, магчыма, лепшы празаічны твор пра каханне, напісаны па-беларуску… Хіба толькі “Альпійская балада” Васіля Быкава вартая стаць з ёю на адну паліцу” [3, c. 15].

Аповесць “Данута” складаецца з трох частак. Трэцяя, што апісвае час, калі ўсё “завярцелася” (а гэта падзеі 1939 года, вайна), па мастацкіх вартасцях значна ўступае першым дзвюм. Тут страчваецца тое незвычайна далікатнае, тонкае пачуццё, якім прасякнуты першыя часткі твора, якім жыве герой і праз якое ён успрымае свет. І гэта натуральна і зразумела, бо і герой у многім змяніўся. Але найперш змяніліся абставіны, бо свет стаў цалкам іншым.

У першых частках падзеі адбываюцца ў Вільні напрыканцы трыццатых гадоў, напярэдадні Другой сусветнай вайны. Выбар месца дзеяння не зусім  звычайны. Прыгадайце твор беларускага савецкага пісьменніка паваеннага часу, дзе б падзеі адбываліся ў Вільні. Гэта сучасная літаратура вяртае нам “нашу” назаўжды страчаную “крывіцкую Мекку”, а ў тым часе такое месца дзеяння і сапраўды было выключным.

Матыў гораду – адзін з цэнтральных у аповесці, а незвычайны рамантычны шарм Вільні адыгрывае не апошнюю ролю ў раскрыцці асобы галоўнага героя – беларускага хлопца Янкі Барташэвіча. Менавіта гэта – чужое для вясковага хлопца гарадское асяроддзе і стала першапрычынай таго, што ў душы ягонай пачаў адбывацца вельмі складаны працэс разбурэння цэласнасці. Гэта той жа, знаёмы нам з нашаніўскай літаратуры, з прозы Максіма Гарэцкага матыў раздваення душы, які асабліва ярка прагучаў у першай беларускай аповесці “Дзве душы”.

Юным героем рухае цалкам натуральнае жаданне падабацца, рабіць уражанне на іншых, быць вартым увагі. Ён пакутуе ад адзіноты, пакінутасці ў чужым горадзе. Яму здаецца, што ён “у Вільні – няпрошаны госць і каб паехаў дахаты, ніхто гэтага і не заўважыў бы. А яшчэ здалося, што я нічога не варты” [2, с. 34].

Ад прыроды гэта натура дзейсная, актыўная. Прагны да ўсяго новага, герой не можа прайсці паўз напісанае, з цікаўнасцю чытае надпісы на помніках, шторазу ходзіць чытаць свежыя газеты, якія выстаўляюць у вітрынах. Усё аналізуе, жыве надзвычай насычаным унутраным жыццём. Старыя кварталы Вільні ваклікаюць жывы водгук у душы Янкі Барташэвіча, наводзяць на роздум, абуджаюць ягоную фантазію: “Што тут было тысячу гадоў назад? Якія хадзілі людзі? Якая на іх была вопратка? Якія мелі  клопаты?..” [2, с. 44].

У роздумах героя выяўляюцца лепшыя рысы характару, выхаваныя якраз вясковым асяроддзем: спагада да нялёгкай працы іншых, імкненне дапамагчы. Фігуры магутных атлантаў, якія трымаюць на плячох балкон старасвецкага дому, іх напружаныя мускулы, што так дасканала выяўлена скульптарам, выклікаюць жаданне раздзяліць з веліканамі іх заўсёдную ношу: “Мне захацелася падперці балкон самому ды кінуць барадачам:

–Я за вас крыху патрымаю яго, а вы, хлопчыкі, пабегайце па скверыку, хай вам плечы адыдуць!”

Праз кранальна-шчыры зварот “хлопчыкі” герой паўстае быццам спагадны бацька ці родны брат у адносінах да зусім не каменных атлантаў, а да спрацаваных, стомленых хлопцаў.

А самай значнай прычынай раздваення душы героя сталася каханне да генеральскай дачкі Дануты Янкоўскай, каханне, якое прынесла яму многа радасці,  шмат новага, нязведанага раней, але і мноства пакутаў. Адна палова душы героя жыве таемным хваляваннем, у ёй пануе вобраз прыгожай гімназісткі, гучыць яе спеў, пачуты выпадкова ў часе канцэрту. А ў іншай палове распальваецца, падаграваецца варожасць да яе, бо – генералава дачка, бо – полька. Каханне і нянавісць пераплятаюцца ў сэрцы юнака. Калі другое пачуццё выклікана ўздзеяннем на героя вясковага выхавання, цяжкай працы, несправядлівасці, якую неаднойчы даводзілася цярпець ад багацеяў, то першае – магутнай сілай прыроды, таемным прыцягненнем да святла і хараства. І гэтае другое мусіць перамагчы, бо каханне – сіла стваральная, у той час, калі нянавісць разбурае, знішчае.

Працэс раздваення душы балючы, амаль фізічна адчувальны героем: "Мая душа раздвоілася. Я адчуваў пагарду і варожасць да новай забавы паноў. Але Дануся, я ведаў, недзе не магла дачакацца яе. І другая мая палова была верная Дануце, хвалявалася гэтаксама" [2, с. 64].  Неаднойчы юнак задае сабе пытанне: "Пры чым тут Данута?", якое гучыць рытарычна, бо, канешне ж, яна, такая светлая, чыстая, добрая, ні пры чым.

Самае недарэчнае, што было навязана Янку якраз выхаваннем маці, –  нацыянальная нецярпімасць. Жанчына ж атрымала гэта ў спадчыну ад сваіх бацькоў. Герой аналізуе і гэтую з’яву, імкнецца дайсці да каранёў варожасці між беларусамі і палякамі: “Я жыў на граніцы Польшчы з Беларуссю. У маёй мясцовасці панавала нянавісць паміж двума суседнімі народамі, адурманенымі шавінізмам і забабонамі, гарэлкай і рэлігіяй” [2, с. 50]. Прычынаў, як вядома, нямала. Адна з іх – нежаданне міру з ненавіснымі суседзямі, што і выказана ў наказе маці, якая адпраўляе сына ў горад: “Каго хочаш выбірай сабе там за жонку. Нават за жыдоўку нічога не скажу. Адно не бяры мне полькі. Яе нага не ступіць на мой парог, покуль жыціму! Так і ведай сабе!..” [2, с. 50]. І вось ён, паслухмяны сын, што шчыра шануе сваю маці, перакрэслівае сваім каханнем гэтую нянавісць. І ад таго пакутуе яшчэ больш.

Пад вясковай, сялянскай, грубай, жорсткай, часам нехлямяжай знешнасцю Янкі Барташэвіча і за адпаведна гэткімі ж ягонымі паводзінамі хаваецца такая кволая, ранімая, вытанчаная душа, што прагне хараства, што здольна на самае ўзвышанае, светлае пачуццё. Ягоная грубасць – гэта і ёсць тая брудная ціна, наносная, напускная, своеасаблівая ахоўная рэакцыя ў свеце чужым, жорсткім і несправядлівым, дзе неаднойчы даводзілася зносіць абразы, пагарду, знявагу на адрас самага дарагога, роднага. Згадаем хіба самы балючы з мноства іншых выпадкаў, дзе зневажалася душа маладога чалавека: "Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю. На ўроку польскай мовы і літаратуры  ўбачыў яе наш прафесар Залескі і заявіў класу:

–У Афрыцы ёсць народы, якія любяць каляровыя шкельцы, каменьчыкі, ніткі. .. У нас на "крэсах" гэтае дзікунства захавалася ў тым, што мясцовыя сяляне расшываюць вопратку рознакаляровымі ніткамі.

І выхаленай рукой ён паказаў на мяне:

–Вось вам жывы прыклад!" [2, с. 47].

Цывілізаваны дзікун, прафесар-шавініст быў далёка не адзіным, хто імкнуўся прынізіць і абразіць, хто прадстаўляў не лепшы бок польскай інтэлігенцыі. Таму трэба было абараняцца, трэба было станавіцца моцным і жорсткім. А якраз з гэтага свету яна – першае і самае вялікае каханне героя, абараніцца ад якога Янка Барташэвіч не мае ніякае сілы.

Заключныя старонкі аповесці хвалююць надзвычайна, гучаць як прыгожы заключны акорд вечнай тэмы. Смутак ад страты каханай, ад немажлівасці вярнуць мінулае пераплятаецца тут з радасцю вялікага адкрыцця: каханне вечнае, як вечнае само жыццё.

Яшчэ адна вяршыня прозы Аляксея Карпюка – аповесць "Вершалінскі рай". Людзі заўсёды імкнуліся да лепшага, хацелі верыць, хацелі збавення ад беспрасвецця. Іх душы былі адкрытыя да ўсяго, што давала надзею. Лёгка прымалі новых прарокаў, абманвалі сябе, у чым горка расчароўваліся, за што мелі жорсткую расплату. Зрэшты, чаму – былі? Ёсць такімі і сёння. Таму так актуальна гучаць творы Карпюка і ў наш час, калі паўстаюць прарокі-ілжэпрарокі, што вядуць людзей у нікуды, у цемру. Такім новаяўленым сялянскім прарокам паўстае ў аповесці "Вершалінскі рай" звычайны селянін Гальяш Клімовіч. Народ і прарок, трагедыя прарока адлюстраваны вельмі ярка, балюча. Аднак жа  тут праз болева-трагедыйны аспект часам прабіваецца здаровы народны гумар, які ўраўнаважвае драматычную сітуацыю.

У спадчыне Аляксея Карпюка не толькі празаічныя творы. Гэта і ніколі пры жыці не апублікаваны драматычны твор "Сялянская драма" паводле аповесці "Вершалінскі рай", які нарэшце прыйшоў да чытача ў кнігазбораўскім выданні твораў пісьменніка. Гэта і ягоная палымяная публіцыстыка, сярод іншага – знакамітае выступленне на Y з'ездзе пісьменнікаў Беларусі ў 1966 годзе. Захаваўся фотаздымак, на якім Аляксей Карпюк з Андрэем Макаёнкам перад тым з'ездам, на якім самай знакавай падзеяй і стане выступ гарадзенскага пісьменніка, што будзе мець няпростыя наступствы для смелага выступоўцы.  А яшчэ – мастацка-дакументальныя творы "Мая Джамалунгма" і пазнейшая, ужо пазацэнзурная аповесць "Развітанне з ілюзіямі", якія чытаюцца як цікавыя старонкі нашай гісторыі, напісаныя на высокім мастацкім узроўні.

 

Выкарыстая літаратура

 

  1. Карпюк, А. Перыпетыі пошукаў // Карпюк А. Выбраныя творы. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – С.501–510.
  2. Фядута А. У змаганні за праўду // Карпюк А. Выбраныя творы. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – С.5–24.
  3. Карпюк А. Данута // Карпюк А. Выбраныя творы. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – С.27–387.

 

Кнігі Аляксея Карпюка

 

  1. Карпюк, А. Две сасны: аповесці і апавяданні / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1958. – 319 с.
  2. Карпюк, А. Данута: Аповесць / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1960. – 315 с.
  3. Карпюк, А. Мая Гродзеншчына: Нарыс / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1960. – 59 с.
  4. Карпюк, А. Пушчанская адысея: Аповесць / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1964. – с.
  5. Карпюк, А. Гродна: Фотаальбом / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1966. – с.
  6. Карпюк, А. Данута: Аповесць / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1969. – 320 с.
  7. Карпюк, А. Чаго мы варты / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1970. – 70 с.
  8. Карпюк, А. След на зямлі: Скарбы і здабыткі Гродзеншчыны / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1972. – 112 с.
  9. Карпюк, А. Вершалінскі рай: Аповесць / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1974. – 336 с.
  10. Карпюк, А. Ольга Корбут / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1977. – 80 с.
  11. Карпюк, А. Свежая рыба: Аповесці і апавяданні / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1978. – 368 с.
  12. Карпюк, А. Выбр. Тв.: У 2 т. Т. 1. Аповесці. Т. 2. Раман-быль, апавяданні / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1982. – 544 с., 448 с.
  13. Карпюк, А. Партрэт: Аповесць, эсэ, нявыдум. гісторыі / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1983. – 270 с.
  14. Карпюк, А. Сучасны канфлікт: Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1985. – 317 с.
  15. Карпюк, А. Дзве сястры: Казка / А. Карпюк. – Мінск: Юнацтва, 1986. – 16 с.
  16. Карпюк, А. Карані: Раман / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1988. – 351 с.
  17. Карпюк, А. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 2. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка. Т. 2. Карані: Раман. Апавяданні / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1991. – 463 с., 508 с.
  18. Карпюк, А. Белая дама: Аповесці  / А. Карпюк. – Мінск: Маст. літ., 1992. – 447 с.
  19. Карпюк, А. Выбраныя творы / А. Карпюк; Уклад., прадм., камент. А. Фядута. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – 600 с.
  20. Карпюк, А. Развітанне з ілюзіямі / А. Карпюк. – Гародня–Wroclaw: Гарадзенская бібліятэка, 2008. – с.

 

Літаратуразнаўчыя артыкулы, прысвечаныя творчасці

Аляксея Карпюка

 

 

  1. Андраюк, С. Глыбокае карэнне: Па старонках выбраных твораў Аляксея Карпюка / С. Андраюк // ЛіМ. – 1982. – 5 лютага. – С. 7.
  2. Андраюк, С. Жыццё. Літаратура. Героі / С. Андраюк. – Мінск: Навука і тэхніка, 1973. – С. 89–93.
  3. Бічэль-Загнетава, Д. Арыгінальны талент / Д. Бічэль-Загнетава // Карпюк, А. Выбр. Тв.: У 2 т. Т. 1. Аповесці. Т. 2. Раман-быль, апавяданні. – Мінск: Маст. літ., 1982. – С. 3–6.
  4. Дзюбайла, П. Выстаялі, перамаглі… / П. Дэюбайла // ЛіМ. – 1965. – 9 сакавіка. – С. 6.
  5. Дзюбайла, П. Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе / П. Дэюбайла . – Мінск: Навука і тэхніка, 1973. – С. 108–115.
  6. Дзюбайла, П. Праўда характару / П. Дэюбайла, В. Жураўлёў, М. Луфераў. Праблемы сучаснай беларускай прозы. – Мінск: Навука і тэхніка, 1967. – С. 168–172.
  7. Жук, И. Ответственность памяти / И. Жук // Гродненская правда. – 1984. – 28 марта. – С. 4.
  8. Каваленка, В. “Пушчанская адысея” / В. Каваленка // Полымя. – 1965. – № 6. – С.
  9. 68–73. Канэ, Ю.  Герой и время / Ю. Канэ // Неман. – 1961. – № 5. – С. 53–58.
  10. Казлоў, У. Аляксей Карпюк / У. Казлоў // Наднёманскія былі: Зборнік артыкулаў і нарысаў. – Мінск: Беларусь, 1968. – С. 125–147.
  11. Клышка, А. Да вясны народжанай вераснем… / А. Клышка // Полымя. – 1961. – № 2. – С. 58–63.
  12. Марціновіч, А. Думкі пра нарыс / А. Марціновіч // Полымя. – 1956. – № 12. – С. 78–84.
  13.  Пашкевіч, Н. На шырокіх шляхах жыцця / Н. Пашкевіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1965. – С. 181–183.
  14.  Петкевич, А. Народные нравственные ориентиры / А. Петкевич // Гродненская правда. – 1980. – 12 апреля. – С. 4.
  15.  Петкевич, А. Поиск духовных ценностей / А. Петкевич // Гродненская правда. – 1968. – 6 августа. – С. 4.
  16. Пяткевіч, А. Знайсці сябе сярод сваіх людзей / А. Пяткевіч // Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор. – С. 188–121.
  17. Хорсун, С. Праўдзіваю мовай жыцця // Полымя. – 1984. – № 10. – С. 75–79.
  18. Ціханчук, М. Пранікаючы ў жыццё / М. Ціханчук. – ЛіМ. – 1961. – С. 6.
  19. Шамякін, І. Размова з чытачом / І. Шамякін. – Мінск: Маст. літ., 1973. – С. 62.
  20. Шамякіна, Т. Дыяпазон інтарэсаў / Т. Шамякіна // Полымя. – 1979. – № 7. – С. 73–78.
  21. Шаўня, А. Аповесць пра незабыўнае / А. Шаўня // Беларусь. – 1965. – № 5. – С. 35–37.