Раздзел 2. Творчасць знакамітых пісьменнікаў-філаматаў, звязаных з Гарадзеншчынай
^ Вверх

Раздзел 2. Творчасць знакамітых пісьменнікаў-філаматаў,

звязаных з Гарадзеншчынай

 

План

1. Творчасць  удзельнікаў філамацкага руху, ураджэнцаў Гарадзеншчыны: Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ануфрыя Петрашкевіча, Ігната Дамейкі.

2. У вянок Адаму Міцкевічу: Вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя песняру Літвы-Беларусі.

 

Самыя знакамітыя філаматы з Гарадзеншчыны – Адам Міцкевіч (1798–1855, хутар Завоссе, Баранавіцкі р-н, Наваградак), Ян Чачот (1796–1847, в. Малюшычы Карэліцкі р-н), Ігнат Дамейка (1801–1889, Мядзведка, Карэліцкі р-н), Ануфры Петрашкевіч (1793–1863, м. Шчучын). Таварыства філаматы – сябры навук – утворана 1.10.1817 г., філарэты – прыхільнікі маральнай чысціні. 1823 г. – арышты, зняволенні. У 1824 г. дваццаць самых таленавітых філаматаў былі назаўсёды высланы з Вільні, на Урал – Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Сузін. Пачалося мэтанакіраванае знішчэнне краёвай інтэлігенцыі.

 

ВОБРАЗ  АДАМА  МІЦКЕВІЧА  Ў  БЕЛАРУСКАЙ  ПАЭЗІІ

Уплыў Адама Міцкевіча на беларускую паэзію такі значны, што водгукі ягоных твораў сустракаюцца ў вершах многіх нашых паэтаў. І гэта зразумела, бо “слова Міцкевіча … заўсёды любае там, дзе жыве і квітнее сапраўдная паэзія” [1, c. 4]. Задача нашага даследавання – сабраць як мага паўней вершаваны вянок, якім ушанавалі беларускія творцы вялікага паэта.

Як вядома, першым вершам-прысвячэннем Адаму Міцкевічу з’яўляецца вітанне на прыезд паэта ў Вільню ў снежні 1819 г., напісаны беларуска-польскім паэтам, блізкім сябрам Міцкевіча Янам Чачотам “Едзеш, міленькі Адам”. Гэта адзіны беларускі верш-прысвячэнне Міцкевічу такога плану: да блізкага чалавека. Адсюль так кранальна, непасрэдна выказаная пяшчота, любоў: “міленькі Адам”, “харашэнькі сам”. Памяншальна-ласкальная форма  слоў падкрэслівае зразумелую інтымнасць, надае лірычнаму выказванню даверлівы, шчыры характар. Верш нагадвае фальклорна-рамансавыя прызнанні ў шчырай прыязні, асабліва ў тых момантах, калі перадаецца пачуццё  смутку з-за адсутнасці сябра. Традыцыйныя ў такіх выпадках вобразы салаўя, ружы, лілеі як носьбітаў вышэйшай эстэтычнай асалоды губляюць сваю значнасць, трацяць сваю прывабнасць:

Салавей не так нам пяе,

Рожы не пахне цвет,

Не так нам бела лялея,

Калі цябе тут нет [2, c. 149].

І нават сонца, сімвал святла, цяпла, шчасця, не здольна сваім бляскам развеяць журботны настрой: “Не так нам сонка ясна блішчыць…” Пачуццё смутку ўзводзіцца ў ранг трагічнага: “Увесь нам няміл свет”. Зразумелы пэўны налёт рамансавасці, што выкліканы залішняй экзальтаванасцю, празмернасцю і нават наіўнасцю лірычнага выказвання. Але ж гэта – адзін з першых беларускамоўных  паэтычных вопытаў такога роду не толькі Яна Чачота, але і ўвогуле беларускай паэзіі.

Літаратуразнаўца А.А. Лойка, пішучы пра гэты верш, ставіць надзвычай важныя для нас пытанні, у якіх, зрэшты, знаходзім і адказы: “Чаму Чачот вітаў свайго сябра на беларускай мове? Можа гэта напамінала Міцкевічу іх агульныя вандроўкі часоў навагрудскай школы? Можа Міцкевічу была асабліва па сэрцы мова, якою гаварылі вакол простыя  людзі, лёс  якіх так глыбока хваляваў паэта? Ці можа  з беларускай мовай у сяброў асацыіраваліся лепшыя пачуцці – гаворачы на ёй, яны лепш адчувалі сваю  блізкасць адзін да аднаго, агульнасць свайго паходжання, сваіх ідэй,  сваіх імкненняў і тады маладосць, вяселле буйней шумела на іх сходках” [1, c. 91].

Усё гэта, бясспрэчна, так, бо  пацверджана той глыбокай любоўю і пашанай, якую заўсёды выказваў паэт у адносінах да  краю свайго юнацтва ў шматлікіх творах.

Большасць вершаў беларускіх паэтаў створана пад уражаннем мясцінаў, звязаных з імем Міцкевіча: Свіцязі, кургана ў Наваградку, Туганавічаў, Шчорсаў…

Курган Міцкевіча ў Наваградку – сапраўднае месца паломніцтва для ўсіх, хто шануе імя паэта. Недарэмна гэты вобраз, рамантычны, велічны, паўстае і ў многіх вершах: “Курган бяссмерця” Язэпа Пушчы, “На Навагрудскай гары” Максіма Танка, “З Навагрудскай гары” Ніны Тарас, “Курган” Адама Русака. Гэта знак шанавання: курганы на нашай зямлі спрадвеку насыпаліся для ўвекавечання памяці. Праца рук і душы нашчадкаў. “Сем год  прысылалі на яго зямлю з усіх куткоў Заходняй Беларусі, Польшчы, Заходняй Украіны. (1924 – 1931). І насыпалі. Па жменьцы, без усякай механізацыі” [3, c. 87–88], – пісаў Уладзімір Караткевіч пра стварэнне Міцкевічавага кургана ў кнізе “Зямля пад белымі крыламі”.

Пра гэта – і ў вершы “Курган Бяссмерця” Язэпа Пушчы, дзе надзвычай рамантычна, вобразна малюе паэт карціну той узвышанай працы:

Даль аклікалі гусі,

Народ, нібы свой лёс,

Пад сонцам Беларусі

Зямлі па жменьцы нёс [4, c. 160].

Такая праца сапраўды ўзвышае, бо ў душах людскіх жыло разуменне, што гэты курган – “узнагарода песні, што ў свет паэт прынёс”.

“З Навагрудскай гары” Ніны Тарас – гэта паэтычнае ўяўленне творцы пра час расстання Адама Міцкевіча з Радзімай. Вобраз дарогі, што разгаліноўваецца ў розных напрамках, скіраваны ў далёкую прастору, наводзіць на пытанне-роздум: “Якою ж дарогай вандроўнік-пясняр пайшоў, каб ніколі назад не вярнуцца?” Смутак з нагоды  расстання назаўжды перадаецца праз успрыманне сведкаў, насельнікаў  прыроды беларускай, што такімі блізкімі былі сэрцу паэта. Адухоўленыя, шчырыя ў сваім адчаі, скрусе, паводзяць сябе як  родныя істоты: маці, сёстры, каханыя – што і сапраўды разумеюць сэнс страты, умеюць выказаць свой боль:

Яму пазіралі сасонкі ўслед,

Ківалі галовамі сумна таполі,

І слалі яму на чужыну прывет

Кожная траўка, былінка ў полі.

Тужылі бярозкі пяшчотна па ім,

Дубы галасілі ў зімовую замець,

І плакала скрытна каліна ў гаі

У дождж-непагоду жывымі слязамі.

Дрыжалі асіны кожным лістком,

Над Свіцяззю вербы рукі ламалі… [5, с. 101]

Зусім іншае, светла-натхнёнае, пачуццё гучыць у вершы паэта-песенніка Адама Русака “Адаму Міцкевічу. Курган бяссмерця”, надзвычай меладычным і ўрачыстым. Пяшчотная мелодыя ліецца вольна, нязмушана. Дзеясловы, што адлюстроўваюць рух, плаўныя, няспешныя (“калышуцца”, “не згінаюць”, “узнімаецца”), падкрэсліваюць агульны сцішаны рытм, запаволенасць і адначасна надзейную ўпэўненасць, няспыннасць руху, узвышэнне славы паэта, узнясенне яго імя. Яркія зрокавыя вобразы: “вішні ў маністах”, “між садоў … квяцістых”, — малююць карціну выразную, пластычную:

Дзе калышуцца вішні ў маністах,

Дзе дубы не згінаюць свой стан,

Між садоў навагрудскіх квяцістых

Узнімаецца к небу курган [6, с. 186].

Вобраз кургана – у цэнтры верша як сімвал славы, велічы, памяці людской. Вузкая сцяжына, што вядзе на вяршыню, — гэта і ёсць надзейная, непарушная нітка-сувязь, не падуладная руху часу: “Не  заростае сцежка ніколі”.

Легенда пра з’яўленне ценю паэта на ягонай гары лягла ў аснову верша Максіма Танка “На Навагрудскай гары”. Покліч родных каранёў, што не здольна заглушыць нават сама смерць, настойліва вяртае паэта да яго вытокаў, вядзе ў таямнічую ноч памяці продкаў, у ноч Дзядоў на Навагрудскую гару: “Я чуў, што ён прыходзіць у край бацькоў, // Пакінуўшы прытулак вечны – Вавель”. Гэтая мроя, як сцвярджае паэт, знаходзіць сваё рэальнае ўвасабленне, пакідае жывы адбітак на зямлі, пазначыўшы адны мясціны пячаткай любові і пяшчоты, іншыя – нянавісці і гневу:

Я думаў: гэта сон прысніўся мне.

Ды там, дзе прагулі яго напевы,

Грунт на руінах зноў зазелянеў,

А над магіламі варожымі чарнеў,

Апалены, як бліскавіцай, гневам [7, с. 39].

Міцкевічавы дубы. Ля Свіцязі, у Шчорсах. У многіх вершах, прысвечаных паэту, сустракаем іх вобразы. Яны – таксама легенды, бо спрычыніліся да ягонай легенды, бо сталі велічнымі (на жаль, не вечнымі) сведкамі нараджэння яго паэтычнага натхнення, дзе, як сцвярджае паданне, прыходзілі да паэта героі яго будучых твораў:

Вось ён – дуб, магутны веліч,

Вецер-хлопчык гне ажыну.

Колісь тут Адам Міцкевіч

Сустракаў сваю Гражыну [4, с. 160].

Так апісвае паданне пра вытокі стварэння паэмы “Гражына” Язэп Пушча ў вершы “У Шчорсах”. Эдзі Агняцвет у часе падарожжа па Літве, сустракаючы дубы, згадвае паэта: “А там дубы стаяць у задуменні”. // І ці не тут Міцкевіч малады // Сядзеў на ўзгорку моўчкі, у натхненні?” Аўтары падкрэсліваюць веліч, магутнасць дрэваў-асілкаў: “Сягоння дуб гэты не хіліцца долу, // Вартуе магутны і шчасце, і  долю” (Язэп Пушча “Пачатак легенды”), “Вось ён – дуб, магутны веліч” (Язэп Пушча “У Шчорсах”), “Дубы не згінаюць свой стан” (Адам Русак “Курган”), наймацнейшую знітаванасць меднага лісця з галінкамі гэтага дрэва, як сімвал сыноўняй вернасці: “Толькі дубы па-над Свіцяззю // Меднымі звоняць лістамі”, “З кронаў вячыстых, узрушаных // Лісце спадаць не жадае” (Пятрусь Броўка “Над Свіцяззю”).

Вобраз цудоўнага возера Свіцязь хораша ўліваецца ў агульную канву міцкевічавай легенды. У вершах  “Пачатак легенды”, “Свіцязь” Язэпа Пушчы, трыпціху “На Свіцязі” Ніны Тарас, “Над Свіцяззю” Петруся Броўкі, “Вянок” Аркадзя Куляшова, “Упершыню на Свіцязі”  Анатоля Іверса на першым плане – рамантычны вобраз паэта, што так  хораша апеў непаўторную красу гэтага сапраўды незвычайнага возера.

У верасні 1960 г. Язэп Пушча падарожнічаў па Гарадзеншчыне. Менавіта ўражанні ад гэтай паездкі і выліліся ў цудоўную нізку вершаў, прысвечаных Адаму Міцкевічу. Адзначым, што ў Язэпа Пушчы гэта было не першае спатканне з вобразам паэта. Яшчэ ў 1926 г. паэт напісаў два вершы, прысвечаныя Міцкевічу. Пра гэту паездку Язэп Пушча пісаў: “Вось і Навагрудчына, авеяная  векапомнай славай бессмяротных твораў Адама Міцкевіча. Светлыя і памятныя мясціны чалавечай культуры. Прыгожа раскінуўся на пагорках старадаўні Навагрудак. На адным з пагоркаў бялее музей Адама Міцкевіча. Шырокая дарога вядзе да яго…” [4, c. 339].

Нізку адкрывае верш “Пачатак легенды”, што даў назву зборніку, які выйшаў у  1963 г. Само імя Адама Міцкевіча – гэта праўдзівая  легенда, што так старанна захоўваецца на яго Радзіме, на Наваградчыне, дзе і ёсць пачатак яго чалавечага і паэтычнага лёсу. Верш гучыць надзвычай узнёсла, велічна:

Пачатак легенды на хвалі азёрнай

Паслухаць іду я пуцінаю зорнай.

Да возера Свіцязь дайшоў і спыніўся,

Прыпаў да крыніцы, здароўя напіўся [4, c. 158].

Тут чуваць непасрэдная пераклічка з Міцкевічавымі радкамі, што арганічна ўплятаюцца ў паэтычную канву верша. Сокі роднай зямлі і  ёсць той жыццядайнай сілай, што наталяе чалавека, дае яму праўдзівае здароўе. Вобраз паэта, успаміны пра яго прысутнічаюць паўсюль:

Я чую, як шэпчуць над Свіцязем лісці:

Балады складаў тут Міцкевіч калісьці.

 Дасюль успаміны людзей  не змарылі:

Вось тут ён прызнаўся ў каханні Марылі [4, c. 158].

“Пачатак  легенды” пераклікаецца з баладай Міцкевіча “Свіцязь”. У абодвух творах – тое ж плаўнае гучанне паэтычнага радка, тая ж баладная ўзнёсласць, тое ж багацце фарбаў:

Калі навагрудскія ўбачыш прасторы,

Палеткі, лугі, верас нізкі, – 

Каня супыні між плужынскага бору,

Каб глянуць на возера зблізку [8, c. 36].

І ўрэшце, у вершы беларускага паэта споўнены наказ Адама Міцкевіча: “Каня супыні між плужынскага бору” – “Да возера Свіцязь дайшоў і напіўся. // Гарачая сіла прабегла па жылах”.

Што ж да першых вершаў-прысвячэнняў Язэпа Пушчы “Адаму Міцкевічу”, то яны былі напісаны пасля вяртання паэта са ссылкі, калі ён разам з сям’ёй жыў у Анапе. Чаканая воля, мора, “Крымскія санеты” – усё гэта спрыяла паэтычнаму натхненню:

Я не на беразе самотнай Леты,

А на скалістым, ветраным узмор’і.

Чытаю ўголас “Крымскія санеты”,

Углядаюся у ясныя сузор’і [4, c. 27].

Як светлае прыйсце, што вітаецца з радасцю і захапленнем, уяўляецца паэту вобраз Міцкевіча: “Адам Міцкевіч крочыць, узыходзіць на скалу”.

Але вернемся на Свіцязь.

Трыпціх Ніны Тарас “На Свіцязі” закранае найперш шчырасцю, светлым сумам. Кожны верш па-свойму напоўнены пачуццём далучанасці да Міцкевічавай легенды,  да Міцкевічавай паэзіі. У першым – пошук слядоў песняра, што і праз гады не сцерліся, не згубіліся тут, у спрадвечным царстве прыгажосці і велічнага спакою:

Дубы спляліся і старыя клёны,

Спляліся сосны ў векавечны бор.

І дрэмле Свіцязь у вянку зялёным –

Ці сонца ззянне, ці мігценне зор [5, с.102].

У другім – легенда пра вяртанне паэта на Свіцязь, смутак, які ён давярае адно азёрнай хвалі, па той адзінай, што “не вернецца ніколі да яго”. Чысціня, глыбіня і боль па страчаным каханні выліваецца ў скупой слязіне, што падае на хвалю. Мо таму і надзвычай чыстая гэта вада, што ўвабрала ў сябе ачышчальную сілу цнатлівага пачуцця: “Нібы крышталь, заўжды яна іскрыцца, // І чыстая, нібы сляза, яна”.

Вобраз таямнічага падарожніка, што прыбыў на Свіцязь з далёкага Парыжа, каб прайсці сцежкамі Міцкевіча, каб убачыць тыя мілыя краявіды, што сталіся святынямі, сустракаем у трэцім вершы:

Здавалася, у гэтай зялёнай святыні

Маліўся ён ціха кожнай сасонцы,

Пясчанаму берагу, водам сінім,

Разлітаму срэбрам на хвалях сонцу [5, с. 104].

Тут паўсюль разліта таямніца. Велічная ў сваёй спрадвечнасці і неразгаданасці, узвышаецца яна над часовым, імгненным, спрычыняецца да таго, што пазначана пячаткай вечнасці: “А бор, заварожаны ў нейкай тайне, // Усё калыхаўся, шумеў, як заўсёды”. Гэта адзнака – сляды Міцкевіча. Таму і ўкладае аўтар у рукі героя кнігу паэта, што і тлумачыць загадку з’яўлення падарожніка ў “зялёнай святыні”:  “І вось заўважаю ў руках яго томік –  // О не, не кантычку! – трымаў ён “Балады”. І таму няважна, “хто быў ён, вандроўнік далёкі”,  бо зразумела тое, што прывяло яго да Свіцязі – імкненне дакрануцца да таямніцы Міцкевічавай паэзіі, да яе вытокаў.

Адметная сярод іншых вершаў балада Аркадзя Куляшова “Вянок”. У цэнтры яе – паданне, што створана паэтычным уяўленнем пра апошнюю сустрэчу Марылі і Міцкевіча. Сустрэчу ля возера гэтак жа прыгожую, як і неверагодную. Вобраз каханай, заручанай з другім, што вымушана ісці насустрач свайму лёсу, таямнічы, цнатлівы, гэткі  ж дасканалы ў сваёй прыгажосці і чысціні, як і вянок, што на развітанне яна дорыць паэту:

Яна ў вянчальным плацці

                  сустрэцца з ім прыйшла.

Яму на развітанне

                  яна вянок спляла [9, с.176].

Вобраз вянка “з простых кветак” перарастае ў сімвал той вялікай любові, якою з глыбокай пяшчотай атуліць паэт імя каханай, памяць пра яе: “У гэты час, Марыля, я дам табе зарок, // Што  для цябе таксама спляту я свой вянок”. Вянок, у які ўплёў вобразы тых светлых красак шчырага юнацкага пачуцця, якому застаўся верным праз гады.  Нельга не адзначыць празмернай эмацыйнасці, часам нават ненатуральнасці ў адлюстраванні паводзінаў герояў, што нават і ў такім узнёсла-рамантычным творы не можа не выглядаць залішне пафасным, штучным:

На звон касцельны бегчы

                  ёй не хапала сіл,

А ён упаў, няшчасны,

                  з яе вянком у пыл [9, с.176].

Маналог паэта-выгнанніка, які і ў смутную хвіліну адыходу ў  вечнасць успамінае сваю клятву, што даў каханай у тую развітальную часіну, напоўнены пачуццём вернасці, спраўджанасці абяцанага: “Дзе б я ні быў, заўсёды я помніў свой зарок: // Калісьці абяцаны я сплёў табе вянок”.

 Ідучы па шляхах Адама Міцкевіча, наведваючы мясціны, звязаныя з яго імем, беларускія паэты не прамінаюць нагоды ўспомніць вялікага паэта. Менавіта наведванне Татраў натхніла Максіма Танка на стварэнне верша “Вадаспад Адама Міцкевіча”. Але не  толькі шматфарбная прыгажосць, “мігценні сонечныя ўсе, бель снежных гор і зараніцы, блакіт нябёсаў, бліскавіцы” вабяць да вадаспаду, а яго жыццядайныя сокі, асвечаныя сілай сапраўднай паэзіі, што напаўняе душы чалавечыя сапраўднымі пачуццямі:

Хто б ні прыйшоў да вадаспаду,

З яго напіўшыся вады,

Адчуе ў сэрцы шчасце, радасць [7, c. 34].

Гэты верш, па словах А.А. Лойкі, “гімн жыватворнай сіле Міцкевічавай паэзіі” [1, с. 130].

Адметная старонка беларускай паэзіі, прысвечаная Адаму Міцкевічу, – вершы Уладзіміра Караткевіча. У “Рамансе Марылі” вобраз каханай Міцкевіча намаляваны фарбамі няяркімі, някідкімі і менавіта таму – адметнымі. “Найпрасцейшая кветка зямлі”, якой спрадвеку наканавана прайсці паўз свайго шчасця. Матыў адзіноты, пакоры лёсу падсвечваецца развітым параўнаннем: “Нібы ціхая сумная музыка, // Ты  праходзіш з пакорай сваёй”. А баль жыцця, на якім пануюць “кветкі сінія,  вогненна-чорныя”, “ружа алая”, “тонкі нарцыс” – не для яе. Але менавіта ёй, “найпрасцейшай кветцы”, аддадзена ягонае каханне, яго лебядзіная песня:

І гляджу я змрочна на тое,

Як, абернуты ў шумнай вадзе,

Цень Міцкевіча нада мною

Лебядзіную песню вядзе [10, c. 186].

Адзіны ў сваім родзе твор Уладзіміра Караткевіча “Слова Міцкевічу” – гэта, як адзначыў сам аўтар, верш у прозе. Пачатак – легенда, якую стварыў сам Караткевіч, вялікі рамантык: “Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты  з’яўляешся на зямлю, якая  цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, у кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера” [10, c. 186].

Тчэцца цудоўная легенда пра здольнасць паэта ў гэту ноч тварыць цуды:  даваць народжаным у тую ноч “добры і сумленны лёс”. А штуршком да нараджэння гэтай легенды стала супадзенне (ці  супадзенне?): Уладзімір Караткевіч прыйшоў у свет у той дзень, калі не стала Адама Міцкевіча. Якім жа лёсам нарок вялікі  паэт яго, што прыйшоў на гэту зямлю праз 75 гадоў пасля ягонага адыходу ў вечнасць? У адказе – разуменне сутнасці жыцця паэта ўвогуле, паэтычнага светаўспрымання: “Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, даў мне вочы, якія бачаць сум  явара над вадою; вушы, якія чуюць песню чалавечую; рукі, якія здольны  перарабіць як струны галіны прырэчных верб; ногі, каб выхадзіць зямлю; і глотку, каб спяваць язычаскія песні, песні  сонцапаклонніка” [10, c. 186].

Адам Міцкевіч – “адвечнае дрэва”, гэтак жа вечнае, як і  зямля, што дала яму жыццё  і  ўзгадавала яго. Але  ж  услед вырастаюць і  іншыя дрэвы, што пакрыты ценем ягонай славы. Сваё месца поруч з месцам Міцкевіча аўтар вызначае сціпла: “Я не кажу, што твой вялікі голас гучыць у нашым. Проста маленькім ялінам добра ў  цяні адвечнага дрэва”. Матыў перапляцення гістарычных шляхоў нашых народаў,  што непасрэдна адбілася на людскіх лёсах, гучыць моцна, выразна: “Пераблыталіся  нашы шляхі, шлях тваёй Радзімы і шлях маёй, і шляхі  ўсіх краін славянскіх зліліся ў адну раку і не адрозніш, дзе тая, а дзе іншая плынь” [10, c. 186].

Узнёсла, пафасна гучыць фінал твора. Цвёрдасць, упэўненасць у  настроі героя падсвечваецца карункавым малюнкам гукапісу, настойлівым рэхам сапраўды паэтычнага рытму: “Звоняць і звоняць вярбовыя  струны, і цвёрдыя крокі твае заўсёды гучаць разам з нашымі, і  наперадзе, і лёгка нам ісці, адчуваючы цябе поруч. Туды, туды, дзе сонца ўсходзіць” [10, c. 187].

Эстэтычныя вытокі творчасці гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль цесна  звязаны з традыцыямі класічнай польскай паэзіі, найперш з імем Адама Міцкевіча. Верш, які так і называецца “Адам Міцкевіч”, – гэта адлюстраванне ўспрыняцця паэткай асобы класіка, яго няпростага лёсу, творчай спадчыны. Вялікае, шчырае захапленне выклікае не толькі ўсведамленне значнасці створанага класікам сусветнай паэзіі, а штосьці больш істотнае, крэўнае – “ад любасці, ад сэрца, ад сваяцтва”. Што ж так зрадняе сучасную беларускую паэтку з класікам? Пра гэта – у вершы. Гэта  і глыбокае разуменне яго чалавечай трагедыі, у аснове якой – выгнанне, расстанне з родным краем. Гэта і даволі ўдалая спроба напаўнення ягоных вобразаў праз асабістае светаўспрыняцце. Гэта і шчырая вера, што ніякі “лёт зямных падзей, паходаў і маркот людскіх”, і існуючая “рознасць сястрыных моў” не здольны знішчыць першародную еднасць чалавечую, творчую. Сабе ж паэтка вызначае сціплае, але асвечанае святлом яго духу месца на гэтай зямлі: “Расінка з дрэў, што лашчылі яго шурпатаю карою”. Глыбока кранае паэтычная аплікацыя, сатканая з несмяротнага Міцкевічавага, што ў гэтым кантэксце гучыць як узнёслая мелодыя прызнання ў любові, чым і заканчваецца верш:

 …калі спакой свідруюць думкі роем,

   тужліва выдыхаю нараспеў:

   Літво!

   Ойчызна моя!

   Ты естэсь як здрове…[11, c. 322]

Паэтаў зрадняюць мілыя сэрцу мясціны: Наваградак, Свіцязь, Нёман, вобраз якога асабліва глыбока ўвайшоў у творчасць і Адама  Міцкевіча, і Дануты Бічэль. Вобраз вялікай беларускай ракі наогул знаходзіцца ў самым “эпіцэнтры” геаграфічнага і пачуццёвага абсягу творчасці беларускай паэткі. Ні адна з геаграфічных назваў не паўтараецца так часта, не атаясамляецца так яскрава з яе лірыкай, як Нёман са сваімі прытокамі. Нёман уяўляецца не проста ракой, а нечым больш значным, велічным.

Водгукі санету Адама Міцкевіча “Да Нёмана” знаходзім у многіх вершах Дануты Бічэль. Нёман як сімвал Радзімы, далёкай, пакінутай, як самы светлы ўспамін маленства: “Нёман, родны мой Нёман. Празрыстай вадою // Ты абмываў мне калісьці малому далоні”. Той жа матыў лёгкага смутку і ў вершы беларускай паэткі. Нёман для яе – гэта і першавыток, і завяршэнне жыццёвай сцежкі: “Нёман – сцяжына спешная, // лёгка ступае пожнямі. // Нёман – сцяжына першая, // першая і апошняя”.

Далей у санеце Адама Міцкевіча – нарастанне тужлівага болю, што звазана з расстаннем з Радзімай, са стратай высокіх і светлых юнацкіх ідэалаў, адчування шчасця, калі юны герой, поўны веры, захоплены жыццём, стаіць на парозе сваёй будучыні.

Адзін з самых кранальных вершаў, прысвечаных паэту, належыць Вользе Іпатавай. “Адам Міцкевіч у Туганавічах”. Гэту назву паэтка  пераплятае са словам, што першаасновай, скразным матывам гучыць у ім, – “туга”. І на  гэтым перапляценні вырастае вобраз-пачуццё, бо менавіта туга, смутак, страта асацыюецца з гэтай мясцінай. Але ж там было і нешта іншае: прадчуванне, чаканне шчасця, што так характэрна маладосці:

Туганавічы…

                  Туга

Любові і прадчування!

Каштанавым цветам ранне

Стары асыпае курган.

Дапытліва маладосць

   Удалеч глядзіць… [12, c. 7]

Цікавая старонка сучаснай беларускай паэзіі – вобраз Адама Міцкевіча ў лірыцы Ірыны Багдановіч, знанай літаратуразнаўцы, даследчыцы творчай спадчыны вялікага паэта.

Верш “Шапэн і Міцкевіч” са зборніка “Сармацкі альбом” навеяны кранальнымі ўспамінамі Фрыдэрыка Шапэна пра невылечную настальгію паэта. У вобразе Адама Міцкевіча паэтка бачыць два воблікі: мяцежнага героя і спакутаванага, стомленага чалавека. Музыка Шапэна, якая стварае ілюзію вяртання, выклікае глыбокую эмоцыю ў душы героя. Абрываецца яе гучанне і вяртаецца балючае разуменне незваротнай страты. Радзіма бачыцца праўдзівым, назаўсёды страчаным раем, атаясамляецца з вобразам каханай жанчыны. У фінале твора выразна гучыць біблейскі матыў выгнання з Раю:

Ён толькі што стаяў прад брамай “Рай”,

Як пілігрым, якога прытулілі…

Іграй, іграй, о Фрыдэрык, іграй!

Літва ў вачах у вобліку Марылі  [13, c. 39].

Тры вершы ў зборніку “Прыватныя рымляне” – гэта тры паэтычныя вандроўкі праз час і прастору, скіраваныя ў адным напрамку – на Радзіму паэта, да ягонай духоўнай спадчыны.

Верш “Філамацкая імпрэза” адлюстроўвае напоўненую рамантыкай аўру, што ствараецца ў часе сустрэчаў сяброў-аднадумцаў. Паэтка перадае ўзнёслую, напоўненую маладой прагай вольнасці атмасферу філамацкіх сходкаў, што быццам перанесліся ў часе, бо высокае і велічнае не страчана ў гэтым Краі:

І свечкі гараць, як віваты,

І думкі аб велічным нечым,

Нібыта сябры-філаматы

Зьбіраюца ў сьнежаньскі вечар [14, c. 42].

Бо знаходзіць у сэрцах водгук той спадчынны ліцьвінскі код, што зашыфраваны ў ключавых словах-сімвалах тэстамэнту філаматаў: “Айчына, навука і цнота”, “Айчына, навука, каханьне”. І праз доўгія часы ён не страціў свайго высокага сэнсу для тых, хто мае “з Пагоняй і з Моваю роднасць”. Гэта “закон ад Адама”, запавет духоўным нашчадкам. Паэтка ідзе тут услед за знакамітым вершам Адама Міцкевіча, які сёння ў перакладах на беларускую мову друкуецца пад назвай “Песня Адама”. Ірына Багдановіч цікава прааналізавала гэты верш у артыкуле “Рамантычнае пераасэнсаванне міфалагічных сімвалаў “чары” і “горада Божага” ў філамацкай творчасці Адама Міцкевіча”, змест яго ў многім пераклікаецца з яе вершам “Філамацкая імпрэза”: “Святое “трыадзінства” ў вершы Адама Міцкевіча, як вядома, увасабляюць “айчына, навука, цнота (дабрачыннасць) – вось філамацкая этычная трыяда, і яна двойчы паўторана ў тэксце… Аб’яўленыя такім чынам тры “святыя рэчы” для філамата складаюць, як бачым, кодэкс філамацкай этыкі, ствараюць ідэал, якому належыць служыць… Гэта кодэкс, які мае даўнюю рыцарскую традыцыю, заглыбляецца ў этыку сарматызму з уласцівым сармацкай ментальнасці культам айчыны, веры і свабоды” [15, c. 151]. У вершы паэткі філамацкая этычная трыяда таксама двойчы паўторана ў тэксце, зменены апошні яе сімвал, бо ўсе справы філаматаў здзяйсняліся пад знакам высокага кахання.

Рэмінісцэнцыя Міцкевічавага матыву вяртання Духу паэта на Радзіму не аднойчы сустракалася ў нашай паэзіі, але ў вершы Ірыны Багдановіч “Грааль Адама” гэта прагучала свежай, цікавай нотай, узнятай над новай паэтычнай канвой, выснаванай з пуцявінаў-ніцяў ягонага вандроўнага шляху, дзе такімі пазнавальнымі, блізкімі, бо пройдзенымі ім, паўстаюць мясціны далёкіх краёў:

З прытульна-тлумнага Парыжа,

З гасьцін Швейцарыі і Рыма

Вярнуўся ў роднае зацішша

Ён Духам вечным Пілігрыма… [14, c. 43]

Вобраз святой чары, сімвал кроўнасці, далучанасці да вялікіх спраў мінулых часоў цэнтральны тут, як і ў вершы Адама Міцкевіча “Песня філарэтаў”, пра што аўтарка пісала ў згаданым вышэй артыкуле: “Вобраз чары… аб’ядноўвае вакол сябе ўсё дзеянне, утварае кола, у якім сябры перадаюць чару. Усё гэта нагадвае рытуал, сэнс саўдзелу ў якім – яднанне… У сяброўскім коле адбываецца сімвалічнае далучэнне да айчыны – прычашчэнне яе тайнаў. Так чара, па сутнасці, робіцца сакральным сімвалам” [8, c. 153]. У вершы Ірыны Багдановіч гэты матыў гучыць выразна, адкрыта:

Над краем льсьніць нябёсаў брама,

Чуваць гул сходак філамацкіх,

І п’ецца зноў Грааль Адама

За лёс ваколіц наваградскіх… [14, c. 43]

Самым інтымным, асабістым з гэтых трох вершаў з’яўляецца апошні – “Прытулак” – гэта ўжо вандроўка самой паэткі па Міцкевічавых слядах, па ягоных мясцінах. Рамантычны перазоў імёнаў-сімвалаў адлюстроўвае нязгаслае праз час пачуццё, саграе душу водбліскам ад ягонага яркага полымя, засланяе ад жыццёвай слоты:

Прытулілася да Адама,

Прытулілася да Марылі…

Запрасіла ў свой схоў альтана,

І анёлы крылом акрылі… [14, c. 43]

Праз гэты рамантычны перазоў ствараецца паэтычная рамка твора, калі імёны мяняюцца месцамі, але праз стагоддзе клічуць адно другое, прыцягваюцца і прыцягваюць. Абараняюць:

Беняконі, касьцёлу брама,

Медунічная бель магілы.

Прытулілася да Марылі.

Прытулілася да Адама… [14, c. 43]

Назва верша “Прытулак” высвечваецца ў двух ракурсах: Гарадзеншчына, Наваградчына – заўсёдны прытулак для іх светлых воблікаў і гэтак жа – для сэрцаў тых, што ідуць па іхніх слядах.

Беларускія паэты сплялі праўдзівы вянок са светлых, прыгожых вершаў, прысвечаных Адаму Міцкевічу, у якіх жыве вобраз вялікага паэта, у якіх рамантычнымі фарбамі  намалявана яго Айчына, спрычыніліся да тварэння той велічнай легенды, што так высока ўздымае імя Адама Міцкевіча.

 

Выкарыстаная літаратура

 

  1. Лойка, А.А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура  / А. А.Лойка. –  Мінск: Навука і тэхніка, 1959. – 78 с.
  2. Чачот, Я. На прыезд Адама Міцкевіча / Я. Чачот // Філаматы і філарэты. Зборнік / укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. – 400 с.
  3. Караткевіч, У. Зямля пад белымі крыламі.  / У. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 1977. –  с. 390.
  4. Пушча, Я. Курган Бяссмерця / Я. Пушча. Зб. тв. У 2 т. Т. 2. Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930–1963. – Мінск: Маст. літ., 1994. – 462 с.
  5. Тарас, Н. Праметэю прыйду пакланіцца. Вершы / Н.Тарас. – Мінск: Маст. літ., 1981. – 175 с.
  6. Русак, А. Закрасуйся, Нёман: Песні, лірыка, гумар / А. Русак. – Мінск: Маст. літ., 1978. – 256 с.
  7. Танк, М. Зб. тв. у 6 т. Т. 3. Вершы 1954–1964 /  М. Танк. – Мінск: Маст. літ., 1979. – 560 с.
  8. Міцкевіч, А. Свіцязь / А. Міцкевіч // Філаматы і філарэты. Зборнік / укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. – 400 с.
  9. Куляшоў, А. Зб. тв. у 4 т. Т. 2. Вершы, паэмы / А. Куляшоў.  – Мінск: Беларусь, 1966. – 376 с.
  10. Караткевіч, У. Зб. тв. У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. Прадм. В. Быкаў].  – Мінск: Маст. літ., 1987. – 431 с.
  11. Бічэль, Д. Даўняе сонца: Лірыка / Д. Бічэль. – Мінск: Маст. літ., 1987. – 398 с.
  12. Іпатава В. Парасткі. Лірыка / В. Іпатава. –  Мінск: Маст. літ., 1976. – 96 с.
  13. Багдановіч І. Сармацкі альбом. Вершы / І. Багдановіч. – Мінск: URSUS, 2004. – 83 с.
  14. Багдановіч І. Прыватныя рымляне. Вершы / І. Багдановіч. – Мінск: TRIKLINIUM, 2006. – 98 с.
  15. Багдановіч І. Рамантычнае пераасэнсаванне міфалагічных сімвалаў “чары” і “горада Божага” ў філамацкай творчасці Адама Міцкевіча // “З краю Навагрудскага…” (малая айчына ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча ) : зб. навук. пр. / пад рэд. С.П. Мусіенкі. – Гродна: ГрДУ, 2006. – С. 149–158.

 

Літаратура па творчасці Адама Міцкевіча 

 

  1. Адам Міцкевіч і Беларусь / уклад. В. Грыцкевіч; навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. – Мінск: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. – 320 с.
  2. Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: мат-лы 1Х міжнар. навук. канф., Мінск, 7–11 верас. 1998 г. / пад рэд. Н. Давыдзенка, А. Мальдзіс (гал. рэд). – Мінск: Бел. кнігазбор, 1998. – 448 с.
  3. Адам Міцкевіч і сусветная культура: мат-лы  міжнар. навук. канф., Гродна–Навагрудак, 12–15 мая 1997.: у 5 кн. / Мін-ва адук. РБ і інш. – Варшава–Гданьск–Седльцэ–Гродна, 1998 – 2000. – Кн. 1–5.
  4. Багдановіч, І. Э. Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння / І. Э. Багдановіч. – Мінск: Бел. нав., 2001. – 387 с.
  5. Белакоз, А. Пра 36 беларускіх вершаў Адама Міцкевіча / А. Белакоз. Каб жыла Беларусь: артыкулы, успаміны, інтэрв’ю. – Мінск: Бел. кнігазбор., 2003. – С. 57–58.
  6.  Брусевіч, А. А. Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча / А. А. Брусевіч. – Гродна: ГрДУ, 2008. – 136 с.
  7. Еўмянькоў, В. І. Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі Х1Х ст.: Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені канд. філал. нав. / В. І. Еўмянькоў. Мінск, 2006. – 21 с.
  8. Еўмянькоў, В. І. Вяртанне ў хрысціянскі рай язычніцкай Літвы: (на матэрыяле творчасці А. Міцкевіча) / В. І. Еўмянькоў// Беларуска-польска-ўкраінскае філалагічнае памежжа: гісторыя, сучасны стан, будучыня: матэрыялы міжнар. навук. канф., Брэст, 27–28 крас. 2004 г. / пад рэд. З.П. Мельнікавай  [і інш.]. –  Брэст: Акадэмія, 2004. – С. 58–60.
  9. Еўмянькоў, В. І. Праблема адлюстравання зла ў межах сакральнага Космасу страчанай Дзяржавырадзімы “Маці Польшчы”: (на матэрыяле творчасці А. Міцкевіча і Я. Купалы) / В.І. Еўмянькоў // Наша класіка: традыцыі, наватарства, яе сучасная інтэрпрэтацыя ў ВНУ і школе: матэрыялы рэсп. навук. канф., Брэст, 23–24 снеж. 2002 г. / Брэсц. дзярж. ун-т; рэд. М.І. Мішчанчук. – Брэст, 2003. – С. 42–46.
  10. Еўмянькоў, В. Успаміны ваяводы, або пялёсткі белай ружы / В. Еўмянькоў.
  11.  “З краю Навагрудскага...” (малая айчына ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча)”: зб. навук. прац.. / пад рэд. С. П. Мусіенкі. – Гродна: ГрДУ, 2006. – 402 с.
  12. Кошур, С. Карэліцкія сцежкі Адама Міцкевіча / С. Кошур. Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – С. 12–21.
  13. Лецка, К.І. Вытокі і генезіс беларускага рамантызму ХІХ стагоддзя: Манаграфія / К.І. Лецка. – Гродна: ГрДУ, 2993. – 370 с.
  14. Лінёў, Л. Наваградчына – радзіма Адама Міцкевіча / Л. Лінёў // Наднёманскія былі: Зборнік артыкулаў і нарысаў. – Мінск: Беларусь, 1968. – С. 125–147.
  15. Лойка, А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура / А. Лойка. – Мінск: Выдавецтва БДУ, 1959. – 135 с.
  16. Мархель, У. І. “Ты як здароўе…”: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры / У. І. Мархель. – Мінск: Бел. навука, 1998. – 125 с.
  17. Мірачыцкі, Л. Светлым ценем Адама міцкевіча: Эміграцыя з Наваградчыны / Л. Мірачыцкі. – Мінск: Бацькаўшчына, 1994. – 63 с.
  18. Мусіенка, С. Беларускія абрады і фальклор у творчасці Адама Міцкевіча / С. Мусіенка // Польска-беларускія моўныя, літаратурнаыя, гістарычныя і культурныя сувязі: мат-лы 1Х міжнар. навук. канф. “Шлях да ўзаемнасці”, Беласток, 20–22 ліп. 2001 г. – Беласток: Wydawnіctwo Unіwersіtetu w Bіalymstoku, 2002. – С. 141–151.
  19. Пяткевіч, А. Паэма Адама Міцкевіча “Пан Тадэуш” і ідэі Асветніцтва ў Беларусі / А. Пяткевіч // Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор. – С.23–28.
  20. Цвірка, К. Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення / К. Цвірка // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. – 440 с.