Заданні да практычных заняткаў
^ Вверх

Заданні да практычных заняткаў 

 

Заданне 1. Выпішыце спачатку словы, у якіх колькасць гукаў і літар супадае, затым – словы, у якіх літар больш, чым гукаў, нарэшце – словы, у якіх гукаў больш, чым літар.

Край, свет, шчасце, сузор’е, пісьмо, яблык, яскрава, аб’яднаць, рэспубліка, Айчына, тэатр, цягнік, пояс, аб’ява, мільён, мільярд, станцыя, памяць, лекцыя, аўдыторыя, літаратура, апавяданне, паэма, канцылярыя, авіяцыя, раён, акардэон, фразеалогія, ураджай, дзень, калоссе, сям’я, вераб’і, здароўе, верш, паэзія, хваляванне.

 

Заданне 2. Назавіце літары, якія абазначаюць галосныя гукі. Якія суадносіны  паміж галоснымі гукамі і літарамі існуюць у беларускай мове?


Наказ сыну

Вазьмі ў сваё сэрца на схову

Дрымоту маўклівых ракіт,

І поле, і луг каляровы,

І родны блакіт.

Вазьмі ў сваё сэрца на схову

Адзінай айчыны сцягі

І словы купалаўскай мовы

Як спадчыны скарб дарагі.

                                               (А. Кавалюк

 

Заданне 3. Назавіце адназначныя і двухзначныя літары ў ніжэйпрыведзеных словах.

Край, шчасце, пісьмо, яблык, цягнік, аб’ява, гадзіннік, фразеалогія, графіка, ураджай, вераб’і, насенне, экзамен.

 

Заданне 4. Назавіце, якія гукавыя значэнні (асноўныя і дадатковыя) маюць адназначныя літары.

Горад, дом, адчуць; жоўты, ножка, нож; тут, матчын, футбол; часы, адчуць, лічба; шосты, пытаешся, на дошцы; дождж, гараджанін, аджыць.

 

Заданне 5. Назавіце, якія гукавыя значэнні (асноўныя і дадатковыя) маюць двухзначныя літары.

Бой, біць, голуб; вока, вясна; гай, мазгі, геній, гузік; зямля, зорка, нізка, зрабіць; сад, снег, сшыць; люстра, лодка; мак, мячык; несці, ноша; пяць, памятка; футра, ферма.

 

Заданне 6.  Вызначце, якое гукавое значэнне маюць ётаваныя літары ў словах.

Усе, на свеце, месца, ехаць, вецер, азёры, здароўе, ён, ёсць, вёска, аб’ём, малюнак, юнак, яблык, вясна, смяяцца, краіна, іх, даліна, мільён, бясстрашны, яе, чэмпіён, ягада.

 

Заданне 7.  Спішыце і растлумачце, якімі літарамі абазначаюцца цвёрдыя зычныя гукі ў беларускай мове. Падкрэсліце словы, напісанне якіх не супадае з вымаўленнем. Растлумачце, чым гэта абумоўлена.

Дзень быў ясны, блакітны. Але сонца ўжо не магло як след нагрэць зямлю і паветра, і нават у гэты ясны дзень адчувалася восень, подых недалёкіх халадоў. Далячынь віднелася па-асенняму задуменная, маркотная, са сваімі апусцелымі палямі, з пагалелымі там і тут дрэвамі. І неба было ўжо не лагоднае, а халаднаватае і нядобрае. (І. Мележ)

 

Заданне 8.  Вызначце розныя спосабы абазначэння мяккасці зычных, а таксама выпадкі, калі мяккасць на пісьме не абазначана і праяўляецца толькі пры вымаўленні.

Сонца не было цяпер такое яркае, як раней. Аддаўшы амаль увесь свой пыл лету, яно берагло рэшткі цяпла, грэла мала, але на дзіва лагодна і пяшчотна. Гэтай лагоднасцю і пяшчотай было напоўнена ўсё ў прыродзе, усе дні. У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы і бярозы каля хат, дрэвы ў недалёкім лесе. (І. Мележ)

 

Заданне 9.  Параўнайце беларускі і рускі алфавіт. Назавіце асаблівасці беларускага алфавіту, чым ён адрозніваецца ад рускага. Словы запішыце ў алфавітным парадку.

Экзамен, студэнт, спецыяльнасць, асістэнт, неабсяжны, экскурсія, абітурыет, малацьба, просьба, прасіць, дубок, дзяцел, перапісчык, пясчаны, матчына, шчырасць, бяроза, вакзал, абмеркаваць, расказаць, казка, геаграфія, геаметрыя, дацэнт, даход, імгненна, пограб, ледакол, лінолеум, дождж, дажджынкі, кладка, кладу, бабка, восень, лесавоз, ювелірны, вясёлы, жыццё, заказ, ясень, ячмень, яблыня, узор, універсітэт, юстыцыя.

 

Заданне 10. Выканайце графічны аналіз слоў:

  1. Пад’езд, біялогія, здароўе.
  2. Юнак, мільён, ёлка.
  3. Шчасце, сям’я, сяджу.